19.02.2015 / 14:32

Грузаперавозчык Штода — віцэ-прэм'еру Мацюшэўскаму: Пакуль вас не знялі, як Ермакову, зрабіце штосьці для людзей 6

Сяргей Штода.

Сёння ў офісе Аб'яднанай грамадзянскай партыі прайшла прэс-канферэнцыя Сяргея Штоды, які адстойвае правы грузаперавозчыкаў, што пацярпелі, на яго думку, ад недасканаласцяў сістэмы аплаты дарог BelToll. Два тыдні таму, 3 лютага, Штода заклікаў перавозчыкаў прыйсці да парламента на пратэстную акцыю. Аднак яго затрымалі і прысудзілі да 15 сутак арышту нібыта за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы.

Сам Сяргей сцвярджае, што яго «па-здрадніцку» затрымалі нібыта «паводле загаду КДБ»:

«У студзені мяне запісалі на прыём да першага намесніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага на 4 студзеня, але затым візіт перанеслі на 3 лютага. Калі я прыйшоў у прызначаны час, даведаўся, што сустрэча зноў перанесеная. А па выхадзе мяне затрымалі супрацоўнікі АМАП. Лічу, што па-здрадніцку. Бо так не робяць нармальныя людзі, у тым ліку ўлада, у тым ліку міліцыя.

Затрыманне было карэктнае. АМАПаўцы выбачаліся, казалі, маўляў, мы разумеем, але патлумачылі, што ёсць загад ад КДБ мяне арыштаваць. Асудзілі на 15 сутак нібыта за нецэнзурную лаянку. Я хачу ўдакладніць: я нават па тэлефоне не паспеў пагутарыць. Да мяне адразу падыйшлі, паказалі дакументы, сказалі прайсці з імі. (…) На судзе я прызнаў віну, сказаў, што насамрэч сказаў адно нецэнзурнае слова, больш так не буду — інакш мне далі б больш за 15 сутак».

«У ЦІП на Акрэсціна праблем не было, — кажа Штода, — адзінае, што супрацоўнікі шапталіся: «палітычны, палітычны». Ну які я «палітычны»? Звычайны грамадзянін… Я толькі адстойваю свае правы. У мяне няма ніякіх поглядаў, чым займаюмся, хай тым і займаюцца. Я туды не лезу. А пасля гэтых сутак, вядома, буду лезці!»

Штода кажа, што перавозчыкі былі гатовыя прыйсці да Дома ўрада, але не зрабілі гэтага, бо не было сігналу:

«Перавозчыкі дзейнічалі па інструкцыі. Спачатку я іду да Мацюшэўскага, а потым тэлефаную і збіраю людзей. Людзі таму і не прыйшлі, што не было сігналу. І добра што не прыйшлі. На Акрэсціна вызвалілі два паверхі: камеры стаялі з адчыненымі дзярыма. Чалавек 500 размясціць месца б хапіла», — сцвярджае ён.

Адказ Савета міністраў Сяргею Штоду. 

Штода адзначыў, што пасля Новага года ў супрацы ініцыятыўнай групы грузаперавозчыкаў з чыноўнікамі адбыліся значныя змены:

«Транспартная інспекцыя, Мінтранс, Міністэрства фінансаў, Міністэрства юстыцыі — мы з усімі размаўлялі, з усімі быў дыялог. Пасля Новага года дыялог спыніўся».

«Чаму я актыўна заварушыўся пасля Новага года? Бо перавозчыкі сказалі, што пачалі блакаваць разліковыя рахункі. У мяне ў самога банк заблакаваў рахунак, я цяпер фактычна беспрацоўны. Ну і ва ўрадзе адбыліся перастаноўкі: прыйшлі новыя людзі: Мацюшэўскі, Качанава (віцэ-прэм'ер Беларусі — К.Х.). Я падумаў, што з імі можна будзе весці дыялог, а мне зладзілі вось такі «цёплы прыём» і заламалі рукі. Таму напішыце, каб Мацюшэўскі помніў: яны — Мацюшэўскі, Качанава — яны не будуць на гэтым месцы вечна, яны ўсе мяняюцца. Вас усё адно прыбяруць, як Ермакову ці Пракаповіча. Але пакуль вы ў гэтым крэсле, калі ласка, зрабіце што небудзь для людзей!»

Сяргей Штода кажа, што чыноўнікі мусяць аб'явіць амністыю па штрафах за першыя 3 месяцы функцыянавання сістэмы BelToll:

«Вырашыць праблему проста — трэба ўнесці папраўкі ў пастанову №340 (пастанаўленне Саўміна «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку збірання платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах Рэспублікі Беларусь і унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь» — К.Х.) пра тое, што першыя тры месяцы працы сістэмы Beltoll трэба лічыць тэставым перыядам, і даць за гэтыя месяцы паслабленні. Бо парушальнні праз недасканаласць сістэмы былі толькі ў гэтыя тры месяцы».

«Чаму замежнікаў, якія да нас едуць, спынялі адразу і казалі, маўляў, у цябе штраф 500 еўра, аплаці. І ўсё, больш не было праблем. А мяне спыняюць толькі праз паўгода і кажуць: да ты ў нас парушальнік, на цябе складзена больш за сто актаў. Чаму ў мабільных аператараў пры запазычанасці на балансе прыходзіць смс-паведамленне, а BelToll не здолеў зрабіць такое апавяшчэнне?» — абураецца Штода.

Штода паведаміў што ў асноўным у грузаперавозчыкаў, якія звярталіся да яго накапілася да 10 тысячаў еўра штрафу. Сярод прадпрыемстваў як і прыватная кампаніі, так і дзяржаўныя: агракамбінаты, малаказаводы, хлебазаводы, нават МНС і механізаваная ўборка горада.

Юлія Грышкевіч.

Разам са Штодам на прэс-канферэнцыю прыйшла Юлія Грышкевіч, дырэктарка фірмы грузаперавозак, якая мусіць аплаціць 24 тысячы еўра штрафу.

 «У мяне шэсць аўтамабіляў. Прылады аплаты я атрымала ў належны час і асабіста раздала кіроўцам усім маіх шасці аўтамабіляў. Аднак я замаўляла прылады на пяцівосевыя аўтамабілі, а мне выдалі на двухвосевыя. Пра тое, што мне самастойна трэба змяніць колькасць восей, не было ўказана ні ў дамове, і ў інструкцыях, ні ў каляровых буклетах, якія нам раздалі. Ніхто пра гэта не папярэдзіў. А першыя тры месяцы не працаваў асабісты кабінет BelToll, хоць пісала заяву адразу пасля атрымання прылад. Таму грошы клаліся на рахунак літаральна ўсляпую», — расказала Юлія карэспандэнту «НН».

Штода не збіраецца аплачваць свае штрафы, бо не прызнае сваёй віны:

«Я своечасова за ўсім сачыў, а мне прыйшлі 36 актаў па 260 еўра. Першы я аплаціў, іншыя не буду аплачваць прынцыпова. І яны гэта прызнавалі і прызнаюць, але не хочуць агучваць».

Кірыла Хілько

0
ref / Адказаць
19.02.2015 / 15:25
У мяне няма ніякіх поглядаў
0
максик / Адказаць
19.02.2015 / 16:07
Колхоз....как это начальники признают, что накосячили и не правы...корона спадет
0
Юры / Адказаць
19.02.2015 / 18:55
сцыкуны. можна ў іх фуры , дамы, дзяцей пазабіраць, а яны нічога ня зробяць, бо "сігналу ня было".
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру