28.02.2015 / 19:35

Ігар Бабкоў. Загадка Стральцова 8

Каб патрапіць у месца, якое мы называем Міхась Стральцоў, трэба настройваць сваё сэрца як музычны інструмент.

Дзеля яго аднаго варта было б прыдумаць іншы канон беларускай літаратуры, а можа, і асобную літаратуру.

Калі Алесь Адамовіч, у прадмове да Выбранага, спрабуе ягопалічыць, і, з сімпатыяй і разуменнем, адпраўляе ў другі шэраг, да аўтараў дабротных, канечне, ён памыляецца.

І не ў тым сэнсе, што Стральцоў патрапіў-такі ў першы, а яны, тыя, хто так ірваўся ў вялікасць, калькулюючы водгукі і кантэксты з далёкае будучыні, засталіся ззаду.

Як і тыя, хто проста збіраў даніну з палёў эпохі, пагаджаючыся на ўсе званні і прэзідыюмы.

Не ў тым рэч.

Стральцоў па-за шэрагамі, ён належыць да рэдкіх і важных творцаў, што не імнуцца заняць месца сярод сучаснікаў, таму што самі ёсць месцам.

І ў яго не так проста патрапіць.

***

Месцы ў літаратуры: некаторыя адважваюцца на вівісекцыю чалавечай душы, ідуць у свет цэлы і выйграюць славу (як Быкаў), іншыя шукаюць Радзіму, а знаходзяць любоў (і гэта Караткевіч), адныя патанаюць у глыбіню, сустракаюць там саміх сябе, адкрываючы сябе як мікракосм (Разанаў), іншыя ж наадварот, маючы ў сабе традыцыю, губляюць і размантачваюць усё аж да апошняга каліўца (як Сыс).

Што знайшоў Стральцоў? Ён стаіць – у нашым літаратурным каноне – самотны, прыгожы і шчаслівы, з вечна запаленай цыгарэтай.

Арыстакрат па форме душы, патрыцый на выгнанні.

Загадка Стральцова: адкуль ён? Дзе яго сапраўдная радзіма? Адкуль у яго гэты ўнутраны арыстакратызм?

Гэтая самадастатковасць, няспешнасць.

Адкуль гэтае ўважлівае – і ўпэўненае чытанне ў чалавечым сэрцы?

***

Можна было б сказаць, што яго ўласна і цікавіць чалавечае сэрца, і толькі яно: усё астатняе ў яго тэкстах адно дэкарацыя.

Ад самай першай кнігі Блакітны вецер, яшчэ нібыта традыцыйнай, удавана-вясковай, ён заўсёды разам са сваімі героямі, уважлівы да малых рэчаў, нематываваных учынкаў, да тонкіх сардэчных рухаў. Праходзіць з імі не толькі пустэлі і вусцішы, але таксама прыпынкі і прытулкі жыцця.

Расказвае гісторыі, увесь час перапыняючыся, гледзячы кудысьці далёка, як быццам бы хоча зверыць – з тым, далёкім – свой унутраны гадзіннік, каб не схібіць, не памыліцца, быць верным гэтай далёкай праўдзе.

А яшчэ – як ўсё гэта спалучаецца: музыка на кожнай старонцы, Армстронг, і Паркер, і Дзізі Гілеспі.

Стральцоў стварае беларускія шасцідзясятыя як тэрыторыю маладосці, свабоды і надзеі, задае ім рытм, інтанацыю..

Можна было б сказаць, што ён нараджаецца і памірае там, у тую эпоху.

Але час няўмольны, і на месца ўтопіі прыходзіць ціхае балотца застою.

Ён ліхаманкава шукае выйсця. Звяртаецца да традыцыі. Перачытвае: Багушэвіча, Купалу, Гарэцкага. Спрабуе – і ўдала, перапісаць культурны канон, дадаючы трэцюю лінію – лінію Багдановіча.

Лінію гульні з формай, літаратуры эўрапейскай, а значыць свабоднай.

Пакуль не патрапляе на самы скрай магчымага.

Гэта Смаленне вепрука.

Звыкла чакаем этнаграфію, а знаходзім восеньскую тугу, нават роспач.

Далей мёртвае.

Там, на скраі, для яго сканчаецца проза і пачынаецца паэзія.

***

Ён падарыў свайму часу некалькі важных метафар.

Сена на асфальце: пакаленне вяскоўцаў, што няўтульна адчувае сябе ў горадзе, сярод культуры. У пошуках апірышча альбо проста гарадзскога лоску некаторыя ідуць у ЦК партыі, іншыя да Кіма. Ціхія, няўпэўненыя, але поўныя жадання скарыць гэтую варожуюцывілізацыю.

Загадка Багдановіча: напісаны ў 30 шэдэўр, які абазначае адваротную сцежку: вяртанне дадому з гэтага пераможнага паходу. Ад універсальнай (як здаецца), але чужой, і галоўнае халоднай прасторы.

У Загадцы Багдановіча ён упершыню знайшоў і абазначыў утоены цэнтар беларускай культуры, які выяўляецца і знаходзіць сабе адпаведнае месца толькі ў паэзіі, у паэтычным гэсце.

Яе паэтацэнтрычнасць.

І далей ён гаварыў толькі адтуль, з гэтага цэнтра.

Ягоныя кнігі дасюль свецяць, як ліхтары, асвятляючы яго эпоху.

***

Вершы на асфальце: калі да звычайнай беспрытульнасці паэта дадаецца і сутнасная бяздомнасць паэзіі ў нашую эпоху.

У свеце, дзе больш няма аніякіх асобных месцаў, у якім ніхто нікому не цікавы. Які даўно ўжо ператварыўся ў адну вялікую яму.

У такі час літаратура губляе не толькі свае нябёсныя арыентыры і зямныя гарантыі, але і сваю адмысловую задачу быць эксперыментальным палігонам чалавечага жыцця, даследаваць, ствараць, разыгрываць ягоныя сэнсы, вышыні, вусцішы і прадонні.

І пытанне даўно не ў тым, што нешта недзе схавана, а штосьці даступна, некаторыя рэчы высокія і недасяжныя, а іншыя пад нагамі.

Усё скінута ў адну купу і барахтаецца разам. Высокае і нізкае, рэдкае і агульнае. У брудзе і аблоках. У адным аўтазаку эпохі, прыкутыя кайданкамі да часу і месца, і да нашых су-часнікаў.

Пакуль мы яшчэ не прызвычаіліся быць побач, так блізка.

Самыя адважныя крычаць гэта мы, мы, не блытайце нас з іншымі.Некаторыя глядзяць у вакно і мараць пра далёкія краявіды. Частка шукае сабе асобнае месца, бліжэй да канваіраў.

А Хтосьці шапоча вершаваныя радкі і ўглядаецца ў сваё сэрца.

 

***

Ноччу, тым часам, як спаў
Зорка свяціла ў акно.
Ціха самотны павук
Ткаў для той зоркі мярэжы

Потым ляцеў самалёт
Гул яго біўся аб шыбы.
Кінуў мярэжы павук,
На падваконні стаіўся.

Тою хвілінаю я
Вочы расплюшчыў, прачнуўся.
Плакала зорка ў акне –
Ну а чаго, яшчэ ў сне
Я здагадаўся.

(Міхась Стральцоў)

***

У такія часы сцяг трымаюць не толькі жывыя, але і мёртвыя.

Зусім па-новаму адкрываецца традыцыя, як выклік, і як прытулак.

І я неверагодна шчаслівы, што разам з намі ў нашым аўтазаку эпохі ёсць і Міхась Стральцоў.

0
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
28.02.2015 / 20:03
Sehr gut, ausgezeichnet! Tres bien! Very good!
0
З-пад Хойнікаў / Адказаць
01.03.2015 / 11:14
На мой погляд, літаратурны талент Стральцова ані кроплі не меншы за талент трох такіх зуброў нашай літаратуры як Барадулін, Бураўкін, Гілевіч
0
Леанід Дранько-Майсюк / Адказаць
01.03.2015 / 16:39
Бабкоў піша: "Арыстакрат па форме душы, патрыцый на выгнанні"? Ці самастойная думка? У сваім артыкуле "Выгнаны патрыцый" -- назва ў гэтым сэнсе якраз характэрная (часопіс "Крыніца" № 3, 1994 г.) -- я згадваў адпаведны верш М. Стральцова і даводзіў: "... у нашым прыгожым пісьменстве ён (М. Стральцоў) быў выгнаннікам з літаратурнага сената -- самакрытычным арыстакратам слова..." Пра апавяданне "Смаленне вепрука" Бабкоў кажа: "... там... сканчаецца проза і пачынаецца паэзія". А вось мая трактоўка "Смалення вепрука" усё з таго ж 1994-га года: "... ідэалізм прозы канчаткова саступіў... паэзіі..." Раю спаслацца на згаданы артыкул. Леанід Дранько-Майсюк.
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру