Увесну ў Мінску быў анансаваны байккросінг «Добры ровар». Валанцёры размясцілі па горадзе стаянкі, на якіх можна ўзяць на дзень ровар — абсалютна бясплатна пры ўмове рэгістрацыі на сайце. Сэрвіс пачаў працу 10 чэрвеня.

«Наша Ніва» правяла тэст сістэмы, але «завісла» на самым першым этапе. Як карыстацца «Добрым роварам»? Даволі проста, калі ведаць пра «падводны камень».

Для таго, каб узяць напракат адзін з «добрых ровараў», трэба зарэгістравацца на сайце dobrovar.by. Працэс стварэння акаўнту звычайны: лагін-пароль-імя-аватарка.

Каб акаўнту далі доступ да арэнды ровараў, трэба даслаць імя карыстальніка і скан альбо фота апошняй старонкі пашпарта на адрас [email protected].

На апрацоўку рэгістрацыі сыдзе да 24 гадзін, папярэджваюць на сайце. Праблема ў тым, што па завяршэнні апрацоўкі ніякога паведамлення на пошту не прыйшло.

Як выявілася, акаўнту паспяхова далі доступ да арэндавання ровараў. Але прынамсі пакуль прыйдзецца на ўсялякі выпадак правяраць самастойна, ці адбылося гэта.

У астатнім па завяршэнні рэгістрацыі працэс лёгкі. На сайце dobrovar.by па паркоўках ці «імёнах» ровараў шукаеце найзручнейшы вам варыянт. На сёння па Мінску 20 парковак, на якіх даступныя 25 ровараў розных класаў. На жаль, карты парковак на сайце не паказваюць — толькі спіс з адрасамі.

Кожны ровар мае сваё «імя» і ўнікальную расфарбоўку. «Альгерд», «Марсупіламі», «Плюшчык», «Срэбны век рускай паэзіі», «Шабаны»… «Наша Ніва» абрала вясёленькі «Поль».

Па выбары ровара вам пакажуць код на замку і час, да якога даюць ровар. Гэта лепей на ўсялякі выпадак запісаць ці зняць скрыншот экрану. Праверана: код падыходзіць!

Не забывайце распавядаць сябрам пра сэрвіс — ён таго варты!

Не забывайце распавядаць сябрам пра сэрвіс — ён таго варты!

Сам ровар хоць і не ідэальна новы, але ў дастаткова добрым стане. Калі не ўлічваць пашарпаны руль і працёртае сядло, на такім можна і на танцы. Тым больш арыгінальная афарбоўка таму спрыяе.

Наш «Поль» добра паказаў сябе на дарозе: колы як след напампаваныя, тармазы тармазяць, перадачы пераключаюцца, сядло лёгка і без дадатковых інструментаў падымаецца на зручную вышыню, а пярэдняя зорачка прыкрытая пластыкавай накладкай, каб не запэцкаліся нагавіцы.

Вядома, ад бясплатнага ровара не варта чакаць бартавога камп’ютара, ліхтарыка ці трымальніка для тэлефонаў. Але на «Полі», як і на некаторых іншых роварах, няма багажніка, а колы не прыкрытыя крыламі. Калі для вас прынцыпова тое ці іншае, уважліва глядзіце на фота ровара на сайце.

Звярніце ўвагу на тое, калі вам трэба вярнуць ровар — іх даюць не на 24 гадзіны, а да канца дня. Вяртаць ровары можна на любую са стаянак, пазначаных на сайце.

Вярнулі, паставілі на замок — не забудзьцеся пазначыць на сайце, на якой стаянцы пакінулі ровар!

За невяртанне, пашкоджанне ці непазначэнне вяртання атрымальнік ровара нясе поўную (адміністрацыйную, а калі пастарацца, і крымінальную) адказнасць. «Наша Ніва» не стала правяраць, як гэта працуе.

Агульныя ўражанні ад сэрвісу добрыя, нягледзячы на затрымку з рэгістрацыяй. На самой справе добры ровар даюць на выгадных умовах — ці гэта не прычына паспрабаваць перасесці на ровар, а паспрабаваўшы, і падумаць аб пакупцы ўласнага?

Калі ж вам спадабаўся праект, яму можна дапамагчы ўласным удзелам, фінансамі ці рэсурсамі. Па гэтым пытанні можна пісаць на [email protected].

P.S. Калі вы не ўпэўненыя ў правілах дарожнага руху і іншых аспектах карыстання роварам, прачытайце «Дапаможнік раварыста». Гэтаму праекту, дарэчы, таксама можна дапамагчы парадамі і ўласным удзелам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?