Жанр: баявік, фантастыка, прыгоды
Рэжысёр: Колін Трэварау
У ролях: Крыс Прат, Брайс Далас Ховард, Вінсэнт Д’Анофрыа, Нік Дж. Робінсан, Тай Сімпкінс, Амар Сі, Ірфан Кхан
ЗША, 125 хв.
Адзнака: 7

Падзеі адбываюцца праз 22 гады пасля «Парку юрскага перыяду» (1993). На востраве Нублар функцыянуе парк, задуманы Джонам Хэмандам. Але з часоў яго адкрыцця наведвальнасць падае, і кампанія, якая валодае паркам, вырашае адкрыць новы атракцыён, каб прыцягнуць наведнікаў. Генетыкі ствараюць новы від дыназаўра — Індомінус Рэкс, выкарыстаўшы гены раптараў і іншых істот. Падчас наведвання вальера новага дыназаўра Клэр Дырынг, дырэктарка парку, і Оўэн Грэдзі высвятляюць, што той выйшаў надзвычай разумным і ўмее падманваць сістэмы тэрмадатчыкаў. Нечакана высвятляецца, што дыназаўр выбраўся за межы вальера…

Чацвёрты фільм франшызы «Парк юрскага перыяду» (у аснове — аднайменная кніга амерыканскага фантаста Майкла Крайтана) — маштабны праект прадзюсара Стывена Спілберга, які выступаў рэжысёрам першых дзвюх частак. Гэтая стужка павінна была выйсці неўзабаве пасля «Парка юрскага перыяду — 3» (2001), але трапіла ў «вытворчае пекла». Здымкі пачаліся толькі ў красавіку 2014 на Гаваях, сабраўшы зорную каманду акцёраў.

Пры стварэнні цэнтра кіравання паркам быў старанна даследаваны тэматычны парк студыі Universal у Арландзе (Фларыда). Таксама часткова дызайнеры ўзялі за аснову дыспетчарскую NASA. 

«Велацыраптары — мае любімыя, — сказаў Крыс Прат, выканаўца галоўнай ролі адважнага марпеха і дрэсіроўшчыка невялікіх драпежных дыназаўраў — раптараў. — Я б выбраў сабе самага маленькага, які не зможа мне нашкодзіць».

Падчас праслухоўвання некаторым акцёрам трэба было сядзець і крычаць, прыкідваючыся, што дыназаўр збіраецца іх з’есці. Адной з ідэй для сцэнара фільма былі салдаты, генетычна скрыжаваныя з дыназаўрамі. Гэтая ідэя была прапанаваная яшчэ ў 2004 годзе, але ад яе адмовіліся, замяніўшы новым, генетычна спраектаваным дыназаўрам.

Канцэпцыя «Юрскага перыяду» не змянілася: чалавечнасць у дачыненні да жывых істот змагаецца з карыслівасцю вайскоўцаў і прагай нажывы бізнэсоўцаў. Фільм дае шанец даведацца, як маглі б выглядаць найстарэйшыя насельнікі Зямлі, але іх выгляду не варта давяраць напоўніцу: навуковыя факты скажаюцца дзеля большай відовішчнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?