Глізэ 436 b ва ўяўленні мастака. Выява: NASA, ESA, G. Bacon (STScI)

Глізэ 436 b ва ўяўленні мастака. Выява: NASA, ESA, G. Bacon (STScI)

Выява: Mark Garlick / University of Warwick

Выява: Mark Garlick / University of Warwick

Астраномы ўніверсітэта Жэневы (Швейцарыя) пабачылі дзякуючы звесткам ультрафіялетавага спектрографа касмічнага тэлескопа «Хабл» каметны хвост у экзапланеты ў сузор’і Льва, пра што распавялі ў часопісе Nature.

Глізэ 436 b падобная да Нептуна, але мае хвост рыхтык як у каметы. Яна губляе да тысячы тон вадароду на секунду.

Падчас праходу за сваёй зоркай Глізэ 436 планета практычна не губляла яскравасці для зямнога назіральніка ў бачным дыяпазоне, але ва ўльтрафіялетавым станавілася заўважна меней яскравай за тры гадзіны да ўласна перасячэння зорнага дыску і вяртала яскравасць толькі праз тры гадзіны пасля перасячэння.

Выявілася, што вадарод у атмасферы планеты «выбівала» выпраменьванне яе зоркі — ад сотні да тысячы тон вадароду штосекунду вырываюцца за межы атмасферы, ствараючы хвост як у каметы. Праўда, з улікам значнай масы атмасферы страты складаюць каля 0,2% атмасферы на мільярд год. Узрост Глізэ 436 b ацэньваецца ў 6 млрд год, на першым мільярдзе яна магла згубіць да 10% атмасферы.

Глізэ 436 b — былы газавы гігант, які занадта блізка падабраўся да сваёй зоркі, чырвонага карліка. Адлегласць да зоркі складае 4,35 млн км, што ў дзесяць раз менш за адлегласць ад Меркурыя да Сонца. Маса планеты складае 22,2 масы Зямлі, радыус — 4,3 радыусы Зямлі. У асноўным складаецца з лёду, што ўтварыўся пры высокай тэмпературы і высокім ціску, мае невялікае каменнае ядро і атмасферу з вадароду і гелію. Ад Зямлі да Глізэ 436 b 33 светлавых года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?