Прэс-служба Кенсінгтонскага палаца распаўсюдзіла чатыры афіцыйныя фатаграфіі з цырымоніі хрышчэння прынцэсы Шарлоты.

На адным са здымкаў знакамітага фатографа Марыё Тэсціна юная прынцэса сфатаграфаваная разам з маці і бацькам, герцагам і герцагіняй кембрыджскай, і старэйшым братам Джорджам.

Здымкі былі зробленыя адразу пасля таго, як у каралеўскім маёнтку Сандрынгем адбыўся абрад хрышчэння прынцэсы Шарлоты, якая займае чацвёртае месца ў спісе спадчыннікаў кароны.

Сярод фатаграфій ёсць і групавы здымак найбліжэйшых сваякоў прынцэсы. Ён быў зроблены ў гасцінай прыватнай каралеўскай рэзідэнцыі ў Норфалку, куды сям'я прынца Уільяма перабралася з Лондана пасля нараджэння Шарлоты.

У нядзелю тысячы людзей прыехалі ў маёнтак, каб павітаць членаў каралеўскай сям'і перад цырымоніяй хрышчэння ў царкве святой Марыі Магдаліны.

На цырымоніі прысутнічалі бацькі герцагіні Кембрыджскай і члены каралеўскай сям'і, уключаючы каралеву Вялікабрытаніі Лізавету II.

Прынцэсу Шарлоту хрысцілі вадой з ракі Іярдан. Яна была апранутая ў дакладна такую ж кашулю, як і дачка каралевы Вікторыі ў 1841 годзе. Хрышчэнне правёў арцыбіскуп Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі, для шырокай публікі мерапрыемства было закрытым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?