04.09.2015 / 13:24

Апошні канцэрт «Заспявай 2.0». Марына Вярэніч выступіць разам з:B:N:

4 верасня ў дворыку на плошчы Свабоды, 4 у заключным канцэрце летняй серыі «Заспявай 2.0» выступіць Марына Вярэніч, а госцем будзе гурт:B:N:

24-гадовая Марына Вярэніч з дзесяці гадоў сур’ёзна займаецца музыкай. Яна скончыла вакальнае аддзяленне Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, паступіла на эстраднае аддзяленне Інстытута сучасных ведаў. Яна актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў музычных конкурсах і тэлепраектах, дайшла да паўфінала «Акадэміі талентаў» у 2013. На конкурс «Заспявай 2.0» у намінацыю «Паэзія» яна падала песню «Чаму мы стрэліся не ў час» на словы Таццяны Дзям’янавай і ўласную музыку. І патрапіла ў лік фіналістаў. 

У фінальнай серыі канцэртаў «Заспявай 2.0» Марыну Вярэніч падтрымае сваім выступам гурт :B:N: Адзін з вядучых гуртоў беларускай рок-сцэны рыхтуе адмысловую акустычную праграму, куды ўвойдуць найлепшыя песні з чатырох нумарных дыскаў. Вядома ж, прагучаць «Дажджамі», «Не трывай», «Цягнік», а таксама хіты з новага альбома «Шукай сваё».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру