Бізнэс-саюзы прапаноўваюць арганізаваць найбліжэйшым часам сустрэчу іх прадстаўнікоў з Аляксандрам Лукашэнкам для абмеркавання асноўных праблем у эканоміцы. Аб гэтым заявіў старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Уладзімір Карагін 2 снежня на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва.

«Бізнэсу неабходная сустрэча з прэзідэнтам, без піяру, не парадная. Тое, што было некалькі гадоў таму», — сказаў ён. Папярэдняе пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва з удзелам Лукашэнкі адбылося ў лютым 2013 года.

Карагін адзначыў, што каля 20 гадоў таму прэзідэнт абяцаў штотыднёва сустракацца з прадпрымальнікамі, і цяпер, на яго думку, бізнэсу не хапае прамога дыялогу з уладай. «Сёння ў Германіі пры бундэстагу такая структура створана — разам бізнэс і вышэйшае кіраўніцтва краіны, такая структура дзейнічае амаль у кожнай дзяржаве. Неабходны дыялог іншага ўзроўню», — лічыць старшыня бізнэс-саюза.

У якасці аднаго з варыянтаў данясення да прэзідэнта праблем бізнэс-супольнасці Карагін назваў магчымую сустрэчу з Лукашэнкам старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва, экс-старшыні праўлення Нацбанка Пятра Пракаповіча. «Пётр Пятровіч, якога мы ведаем шмат гадоў, нездарма герой Беларусі. Я спадзяюся, ён праявіць тут гераізм — патрэбен з прэзідэнтам дыялог, — сказаў Карагін. — Правядзіце закрытую размову без трансляцыі. Пагаварыце нармальна, я думаю, што гэта будзе вялікая карысць».

У адказ на гэта Пракаповіч заявіў: «Сёння гаварыць аб тым, каб вынесці адразу ўсё, знайсці звышстратэгію, — гэта, мабыць, будзе няправільна. Тыя пытанні, якія сабраліся, трэба абагульняць і перадаваць на разгляд Савету міністраў, Нацыянальнаму банку, адпаведным міністэрствам і ведамствам. Затым, разам з імі папрацаваўшы, па тых пытаннях, па якіх не дамовіліся, трэба ісці на вышэйшы ўзровень». Экс-кіраўнік Нацбанка лічыць, што нельга, «не правёўшы размову ні з Саўмінам, ні з Нацбанкам», звяртацца ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0