Дзяржкаммаёмасць прапаноўвае патэнцыяльным інвестарам пляцоўку ў цэнтры Мінска — на тэрыторыі былога завода імя Арджанікідзэ.

Як зазначаецца ў паведамленні Дзяржкаммаёмасці, тэрыторыя знаходзіцца ў цэнтральнай частцы сталіцы, у межах вуліц Якуба Коласа, Кульман, Веры Харужай і прымыкае да галоўнага праспекта сталіцы — праспекта Незалежнасці. Частка будынкаў былога прадпрыемства, якія выходзяць на плошчу Якуба Коласа, з'яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

«Меркаваны ўчастак знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад станцыі метрапалітэна «Плошча Якуба Коласа» і прыпынку аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, што робіць яго размяшчэнне выключна выгадным у дачыненні да пешаходнай і транспартнай даступнасці. Да таго ж інвестыцыйны ўчастак размяшчаецца на тэрыторыі, сумежнай з такімі буйнымі цэнтрамі прыцягнення, як Камароўскі рынак, ЦУМ, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і іншыя. Такім чынам, месцаразмяшчэнне ў горадзе робіць інвестыцыйную пляцоўку выгаднай з пункту гледжання прыцягнення наведвальнікаў», — гаворыцца ў паведамленні Дзяржкаммаёмасці. 

Канцэпцыю рэканструкцыі і перапрафілявання тэрыторыі завода Арджанікідзэ распрацавала УП «Мінскграда». Яна прадугледжвае стварэнне двух комплексаў: гандлёва-забаўляльнага і грамадска-дзелавога з размяшчэннем на яго тэрыторыі фізкультурна-аздараўленчых аб'ектаў. Тэрыторыя квартала ў межах праектавання складае 7,5 га, фонд грамадскай забудовы — 95 тыс. кв. м агульнай плошчы. Пры гэтым прадугледжваецца будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага комплексу арыенціровачнай плошчай 25 тыс. кв. м і грамадска-дзелавога комплексу — 24 тыс. кв. м, які будзе ўключаць фізкультурна-аздараўленчыя аб'екты плошчай 16 тыс. кв. м. На тэрыторыі комплексаў таксама прадугледжваецца размяшчэнне паркінгаў. 

Грамадска-дзелавы комплекс прапаноўваецца размясціць у групе новых будынкаў на месцы вытворчых карпусоў і ў існуючым корпусе № 3, які знаходзіцца на рэканструкцыі. Новы корпус комплексу прапаноўваецца раздзяліць на мала- і сярэднепавярховыя аб'ёмы з размяшчэннем у іх фізкультурна-аздараўленчых аб'ектаў і дзвюх шматпавярховых вежаў офісна-дзелавога прызначэння вышынёй не больш за 90 м. 

Прадугледжана, што гандлёва-забаўляльны комплекс будзе прадстаўлены двума асобнымі мала- і сярэднепавярховымі будынкамі, аб'яднанымі галерэямі. Вышыня абмежаваная існуючымі будынкамі, што ўваходзяць у гістарычную забудову плошчы Якуба Коласа. Транспартнае абслугоўванне тэрыторыі плануецца ажыццяўляць з вуліц Якуба Коласа, Кульман і Веры Харужай. 

Канцэпцыя рэканструкцыі і перапрафілявання тэрыторыі завода імя Арджанікідзэ можа быць скарэктаваная, зазначылі ў камітэце. 

Нагадаем, раней аб'екты, якія знаходзяцца на гэтай тэрыторыі, выстаўляліся на аўкцыёны, аднак ні адзін з іх не адбыўся з-за адсутнасці заявак. Зараз улады спадзяюцца знайсці інвестара, гатовага ўкласці сродкі ў асваенне пляцоўкі цалкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?