У якасці магчымага месца размяшчэння беларускай АЭС разглядаюцца чатыры пляцоўкі — Краснапалянская (Чавускі раён Магілёўскай вобласці), Кукшынаўская (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці), Астравецкая (Гродзенская вобласць) і Верхнядзвінская (Віцебская вобласць).

Пра гэта паведаміў начальнік геафізічнай экспедыцыі дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Васіль Лосіч 1 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, выкананыя аб’ёмы работ па іх вывучэнню розныя: на 70% вывучана Краснапалянская пляцоўка, на 40% — Кукшынаўская, рекагнасцыровачныя работы выкананы на Астравецкай пляцоўцы, на працягу сакавіка вяліся работы на Верхнядзвінскім аб’екце. «Разнастайнасць пляцовак дыктуецца тым, што па запатрабаванні МАГАТЭ для будаўніцтва АЭС павінна быць не менш чым дзве аднолькава вывучаныя пляцоўкі», — растлумачыў спецыяліст.

Як паведаміў дырэктар дэпартамента па геалогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Уладзімір Карпук, да канца красавіка ў Беларусі будзе вызначана тэрыторыя для будаўніцтва атамнай электрастанцыі — пункт плошчай прыкладна 5 на 5 км. На гэтай тэрыторыі да канца года павінны быць завершаны пошукава‑разведачныя работы і вызначана канкрэтная пляцоўка для будаўніцтва АЭС — плошчай прыкладна 2 на 2 км.

Спецыяліст зазначыў, што задача геолагаў — вызначыць забарончыя фактары, якія могуць уплываць на будаўніцтва АЭС. Паводле яго слоў, у ліку такіх фактараў — наяўнасць разломаў, на якіх нельга будаваць збудаванні, і сейсматэктанічных небяспечных раёнаў, праблемы гідрагеалагічнага характару, звязаныя з міграцыяй падземных вод. Так, цяпер ужо ўстаноўлена, што Верхнядзвінская пляцоўка характарызуецца адным з гэтых фактараў — першапачаткова павышанай сейсмаактыўнасцю.

Паводле слоў спецыяліста, канчатковае заключэнне аб прыгоднасці пляцовак будзе зроблена міжведамаснай камісіяй, у якую ўваходзяць прадстаўнікі шасці буйных арганізацый.

У.Карпук зазначыў, што будаваць АЭС можна практычна ў любым месцы, але ад шэрагу фактараў залежыць кошт інжынерных рашэнняў.

«Калі пляцоўка, напрыклад, з пункту гледжання тэктонікі не падыходзіць, то на ёй можна будаваць у прынцыпе — але гэта дадатковыя мільярды», — сказаў ён.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0