МЗС Беларусі папярэджвае беларускіх грамадзян аб магчымых наступствах наведвання Крыма. 

«Міністэрства замежных спраў заўсёды арыентуе грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама турыстычныя арганізацыі на тое, што пры планаванні адпачынку і турызму за мяжой ім неабходна браць пад увагу ўмовы транзіту, уезду-выезду, а таксама знаходжання ў тым месцы, куды яны накіроўваюцца», — сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, адказваючы 17 сакавіка на брыфінгу ў Мінску.

Мірончык адзначыў, што МЗС неаднаразова на працягу 2014—2015 гадоў інфармавала беларускіх грамадзян аб устаноўленых заканадаўствам Украіны умовах для ўезду ў Крым замежных грамадзян.

«Зноў хацелі б праінфармаваць нашых грамадзян аб тым, што пры планаванні паездкі ў Крым у сезон 2016 года неабходна зыходзіць з таго, што ўезд-выезд на паўвостраў пры руху транзітам цераз тэрыторыю мацерыковай Украіны з турыстычнымі мэтамі не ўяўляецца магчымым, — сказаў Мірончык. — Пры наведванні Крыма цераз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі грамадзянам Беларусі варта мець на ўвазе, што гэта можа паслужыць падставай для адмовы ва ўездзе названым грамадзянам на тэрыторыю Украіны і прыцягнення іх да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з украінскім заканадаўствам».

Напярэдадні сезона адпачынкаў беларускія турфірмы пачалі актыўна прапаноўваць недарагі адпачынак у Крыме з заездам на паўвостраў цераз тэрыторыю Расіі. Пры гэтым у большасці выпадкаў патэнцыйных кліентаў не папярэджваюць пра магчымыя наступствы такога падарожжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?