Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў прыняты Вярхоўнай Радай закон «Аб асаблівасцях ажыццяўлення здзелак з дзяржаўным, гарантаваных дзяржавай доўгам і мясцовым доўгам», які дазваляе бестэрмінова падоўжыць мараторый на ажыццяўленне выплаты доўгу Украіны перад Расійскай Федэрацыяй у аб'ёме 3 млрд даляраў, узятага ў 2013 годзе ўрадам экс-прэзідэнта Віктара Януковіча.

president.gov.ua

president.gov.ua

Як адзначаецца на сайце Вярхоўнай Рады, закон вернуты ў парламент з подпісам прэзідэнта.

У 2015 годзе Украіна ўключыла расійскі крэдыт у перыметр рэструктурызацыі дзяржаўнага доўгу, якую паспяхова завяршыла ў лістападзе 2015 года. Разам з тым, Расія адмовілася ўдзельнічаць у рэструктурызацыі, і таму «расійскія» аблігацыі не ўвайшлі ў пералік аблігацый, якія прайшлі рэструктурызацыю і падлягаюць абмену на новыя паперы з пагашэннем у 2019-2029 гадах. Украіна неаднаразова давала Расіі магчымасць карыстацца ўмовамі рэструктурызацыі, прапанаванымі іншым крэдыторам. Аднак расійскі бок у публічных заявах настойваў на атрыманні лепшых умоў, чым у іншых крэдытораў — удзельнікаў рэструктурызацыі. А гэта забаронена мемарандумам аб абмене аблігацый, заключаным паміж Украінай і трымальнікамі рэструктурызаваных аблігацый.

У 2015 годзе Украіна прыняла закон, якім увяла мараторый на выплату расійскага доўгу тэрмінам да 1 ліпеня 2016 года.

У студзені 2016 года Расія звярнулася ў Высокі суд Лондана з пазовам супраць Украіны па выплаце доўгу. На дадзены момант Украіна праводзіць працу з юрыдычнымі дарадцамі па падрыхтоўцы пазіцыі краіны ў судовым разглядзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?