Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг не параўноўвае стан стасункаў Захаду і Расіі з «халоднай вайной», якая існавала паміж Захадам і Савецкім Саюзам, і настойвае, што Альянс не шукае канфрантацыі з Масквой.

Reuters

Пра гэта ён сказаў у Берліне на прэс-канферэнцыі.

«Мы не хочам новай «халоднай вайны» і не шукаем канфрантацыі з Расіяй. Тое, што мы робім, з'яўляецца прапарцыйным, накіраваным на абарону і цалкам адпавядае нашым міжнародным абавязацельствам, уключаючы асноватворны акт паміж Расіяй і НАТА», — падкрэсліў Столтэнберг.

На пытанне журналістаў, ці можна параўнаць стан адносін паміж Захадам і Расіяй з «халоднай вайной» паміж Захадам і Савецкім Саюзам, генеральны сакратар НАТА адказаў: «Мы не ў стане «халоднай вайны», але і не ў стане стратэгічнага партнёрства, якое мы спрабавалі ўсталяваць пасля «халоднай вайны». Я думаю, што ёсць вельмі важныя адрозненні паміж выклікамі, якія мы бачым сёння, у параўнанні з тымі, якія мы бачылі падчас «халоднай вайны». Савецкі Саюз і Варшаўскі дагавор — гэта нешта вельмі адрознае ад сённяшняй Расіі. «Халодная вайна» таксама характарызавалася большай ідэалагічнай канфрантацыяй паміж НАТА, Захадам і Варшаўскім дагаворам і Савецкім Саюзам».

Разам з тым Столтэнберг дадаў, што не недаацэньвае «выклікі і цяжкасці сённяшняй сітуацыі». «Але гэта іншая сітуацыя, чым была падчас «халоднай вайны», — сказаў генеральны сакратар Альянсу.

Столтэнберг падкрэсліў, што да анексіі Крыма «ніхто не казаў пра якую-небудзь прысутнасць НАТА, пра якую мы гаворым цяпер у краінах Балтыі і Польшчы».

«Шмат гадоў гэтага зусім не было на парадку дня. І цалкам зразумела, што калі мы рэагуем, узмацняючы прысутнасць НАТА ва ўсходняй частцы Альянсу, гэта было непасрэдна выклікана расійскай анексіяй Крыма і паўплывала на ўсіх саюзнікаў па НАТА, таму што гэта парушыла асноўныя правілы, якія дзесяцігоддзямі былі фундаментальнымі для еўрапейскай бяспекі, а менавіта — паважаць мяжы, тэрытарыяльную цэласнасць усіх дзяржаў у Еўропе. І менавіта гэта парушыла Расія. І гэта — прычына, чаму мы павінны рэагаваць так, як мы рэагуем», — патлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?