У Цэнтральным раёне Мінска зарэгістраваная ініцыятыўная група спявачкі Ірыны Дарафеевай.

Заслужаная артыстка Беларусі разлічвае стаць дэпутатам парламента, каб змяніць сваё жыццё і жыццё беларускага народа. «Хочацца нешта змяніць у сваім жыцці, у жыцці краіны і нашых людзей. Пра канкрэтныя прапановы казаць рана. Спачатку трэба сабраць подпісы, а далей — актыўна прапрацоўваць сваю праграму», — заявіла Дарафеева 5 ліпеня падчас збору подпісаў каля мінскага ГУМа.

Кіраўнік яе ініцыятыўнай групы — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Юрый Бондар. Дарафеева выкладае ва ўніверсітэце вакал, а таксама ўзначальвае кафедру эстраднага майстэрства. Рэктар перакананы, што яна будзе добрым дэпутатам і здолее адстойваць інтарэсы работнікаў культуры.

«Ірына — чалавек са стрыжнем, можа дамагацца свайго, — заявіў ён. — Калі яна задасца мэтай, то зробіць усё як дэпутат, каб змяніць сітуацыю з зарплатамі ў сферы культуры. Але работнікам культуры таксама трэба варушыцца — узровень заробкаў розны. Хтосьці скардзіцца, што ў маладых спецыялістаў зарплата 2,8 мільёна рублёў, але ў нашым універсітэце малады спецыяліст атрымлівае не менш за 4 мільёны рублёў. Усё залежыць яшчэ і ад кіраўніцтва і правільнага менеджменту».

Сама Дарафеева так каментуе сітуацыю з зарплатамі ў сферы культуры: «Вельмі правільна сказаў прэзідэнт на апошнім Усебеларускім сходзе пра тое, што трэба нашым работнікам культуры больш выказваць ініцыятыву, займацца інавацыйнымі праектамі».

На пытанне, чаму зоркі беларускага шоу-бізнесу слаба ідуць у палітыку, Дарафеева адказала: «Магчыма, яны не адчуваюць у сабе сілы». «Кожны чалавек робіць выбар у жыцці, адштурхоўваючыся ад паклікання. У мяне атрымалася быць выкладчыкам, быць кіраўніком, і я вырашыла паспрабаваць нешта новае. Спадзяюся, што, з'яўляючыся дэпутатам, змагу працягваць выкладаць ва ўніверсітэце і працягну канцэртную дзейнасць», — сказала спявачка.

У Цэнтральным раёне сталіцы арганізаваныя восем пікетаў Дарафеевай. У яе ініцыятыўную групу ўваходзяць амаль 100 чалавек, у асноўным студэнты і выпускнікі ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яны ж збіраюць подпісы за вылучэнне свайго выкладчыка. На пікетах размешчаныя плакаты з партрэтам спявачкі, а таксама сцягі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?