Для Парку мініяцюр замкаў і храмаў Вялікага Княства Літоўскага набытая адна з дзвюх неабходных 3D-друкарак. Грошы на прынтэр былі сабраныя ў рамках краўдфандынгавай кампаніі на платформе Talaka.by. Свае ахвяраванні ўнеслі каля 70 чалавек. Новы прынтар дапаможа паскорыць працу над стварэннем Парку мініяцюр.

«Новы 3D-прынтар значна больш магутны і прадукцыйнейшы за папярэдні. Калі ў нашай першай друкарцы памеры працоўнай камеры складалі 20Х20Х20 см, то ў новым - 30Х30Х40 см. Для разумення, мы надрукавалі Камянецкую вежу на старой друкарцы з 36 элементаў. На новай гэта колькасць скарацілася б да 12 элементаў, г.зн. у тры разы. Гэта дазволіць нам паскорыць друк замкаў, і скароціць расход матэрыялаў», — растлумачыў дырэктар фонду «Краіна замкаў» Алесь Варыкіш.

Цяпер вядзецца адладка абсталявання і ў бліжэйшы час яно будзе запушчана ў эксплуатацыю. Новы 3D-прынтэр быў сабраны ў Расіі, у Краснаярску. «Для той колькасці мініяцюр, якое мы сабе намецілі, дзвюх наяўных друкарак недастаткова. Таму мы працягваем збор сродкаў на набыццё яшчэ адной друкаркі », - адзначыў кіраўнік «Краіны замкаў».

Мяркуецца, што наступны прынтар, які мае намер набыць фонд «Краіна замкаў», будзе ўжо айчыннай зборкі. «Мы супрацоўнічаем з адной беларускай фірмай, якая дапамагла нам у куплі друкарак і матэрыялаў. Гэтая фірма працуе над стварэннем уласнай мадэлі 3D-друкаркі. Яна будзе яшчэ больш магутная, яшчэ прадукцыйнейшая. Цана яе даволі вялікая, але для нашага праекта распрацоўшчыкі гатовыя даць сур'ёзную зніжку», - падзяліўся Алесь Варыкіш.

Аб зборы сродкаў на набыццё двух дадатковых 3D-друкарак фонд «Краіна замкаў» абвясціў у канцы ліпеня. У рамках гэтай кампаніі мяркуецца сабраць больш за 11 тыс. рублёў. На сённяшні дзень ужо сабрана 65% неабходных сродкаў.

27 жніўня ў шляхецкім фальварку Радзевічы адбудзецца прэзентацыя праекта «Парк мініяцюр замкаў і храмаў ВКЛ». На ёй гасцям будуць прадстаўлены канцэпцыя парку, некалькі мініяцюр, а таксама 3D-друкаркі. У прэзентацыі возьмуць удзел дзеячы беларускай культуры: вядомы музыка Зміцер Вайцюшкевіч, тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі, аўтар і вядучы «Падарожжаў дылетанта» Юры Жыгамонт. Генеральнае адкрыццё парку намечана на травень-чэрвень 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0