А была яшчэ ў мяне любімая кніжка савецкага пісьменьніка Аркадзя Гайдара «Далёкія краі» зь вельмі сьціплымі ілюстрацыямі. Яна кранала і будзіла мроі. Ці давялося б убачыць мне тую ж Амэрыку ды шмат якіх яшчэ краёў? Мо так і жылі б за «жалезнай заслонай», каб не 1991 год і такія людзі, як унук таго ж Гайдара, Ягор, што спрычыніліся да падняцьця гэтай заслоны.

З радыё «Свабода» даведаўся, што Ягору Гайдару 19 сакавіка спаўняецца пяцьдзясят гадоў... Нашыя яму віншаваньні... А раніцай нібы звыкла гулялі зь сябрам Яўгенам Фурсом па беразе Сьвіслачы. Ужо на падыходзе да дому нечакана знайшоў залатую завушніцу ў выглядзе двух перавітых ланцужкоў. «Жэня, – кажу, – во цікавае супадзеньне, роўна трыццаць гадоў назад, як я ўпершыню быў за «жалезнай заслонай», у турыстычнай паездцы ў Фінляндыі ў сакавіку 1976 году, таксама знайшоў залатую рэч, бранзалецік... Сябра мой, фізык-тэарэтык, кажа – ну і што з таго дзіўнага?.. Ня ведаю, праўда, сёньня 15 сакавіка, нібыта дзень Канстытуцыі... Але ў горадзе бачыў расьцяжку, што 15 сакавіка – гэта «День потребицеля». Шкада гэтае дзяўчо, што згубіла завушнічку... Але ў гэты ж дзень ужо ў майстэрні прыйшла арыгінальная думка: вось бы добра было зрабіць ордэн Свабоды, і гэты ордэн і форму яго мне падказала гэтая завушнічка: перавітыя дзьве аліўкавыя галінкі і зьверху – знак нашай «Пагоні». Гэтакі ордэн павінен быць трох ступеняў: плятынавы, залаты і срэбны. А калі б гэта ажыцьцявілася, то, можа б, знайшлася тая дзяўчына з завушнічкай, бо другая частка яе; а як казалі старажытныя грэкі, людзі пазнаваліся па дзьвюх частках талісману.

Заўтра ў Беларусі выбары, вядома, што выбару няма. Як там складзецца – аднаму Богу вядома. Гэты тэкст паказаў Андрэю Дыньку напярэдадні 18 сакавіка 2006-га. Прасіў, каб паправіў, адказаў да аўторка. А 21 сакавіка раніцою Андрэя арыштавалі за тое, што нёс ежу мітынгоўцам. Зараз на Плошчы выключылі сьвятло. Відаць, будзе разгон. 21 сакавіка 2006-га. Грамадзяніна Ўкраіны Любку арыштавалі, і ён расказаў украінскаму консулу аб тым, што байцы спэцназу міліцыі плявалі яму ў твар і пры гэтым абражалі ўкраінскага прэзыдэнта! Гэты друкаваны тэкст я паказваў сп.Андрэю Дыньку, ён 18 сакавіка казаў: «Някепска было б павіншаваць Ягора Гайдара зь пяцідзесяцігодзьдзем». Таксама прасіў паправіць тэкст і прынесьці ў «Нашу Ніву».

22 сакавіка 2006 г.

Алесь Шатэрнік – скульптар, аўтар коннага помніка Ўсяславу Чарадзею.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0