З гэтай нагоды на запрашэньне прэзыдэнта Юшчанкі ў Кіеў наведаўся Сусьветны (Канстанцінопальскі) патрыярх Варфаламей I. Руская праваслаўная царква выказвае засьцярогу пра чарговы раскол праваслаўя.

Украіна адзначае 1020‑годзьдзе хрышчэньня Кіеўскай Русі. Сьвяткаваньне ладзіцца на найвышэйшым дзяржаўным узроўні. На запрашэньне прэзыдэнта краіны Віктара Юшчанкі ў Кіеў наведаўся Сусьветны (Канстанцінопальскі) патрыярх Варфаламей I, а таксама прадстаўнікі дэлегацыі замежных цэркваў, паведамляе ўкраінскі партал «Дело».

Сьвяткаваньне працягнецца да 27 ліпеня.

У пятніцу пройдзе вячэрня ў Сафійскім саборы, асьвячэньне званоў і Царскай брамы. У суботу — урачыстасьці на Cафійскай плошчы, паніхіда па ахвярах Галадамору 1932‑33 гадоў. Раніцай у нядзелю Варфаламей I, ярархі і прадстаўнікі праваслаўных міравых цэркваў зладзяць сьвяточную літургію каля помніка Сьвятому Ўладзімеру.

Ва ўсіх мерапрыемствах плянуецца ўдзел прэзыдэнта Юшчанкі, які выказаў меркаваньне, што сьвяткаваньне 1020‑годзьдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі пазытыўна ўплывае на міжнародны аўтарытэт Украіны.

Сьвяткаваньне ў Кіеве суправаджаецца скандалам. Прыезд ва Ўкраіну Варфаламея І выклікаў незадаволенасьць Рускай праваслаўнай царквы. Кіраўнік РПЦ Алексій ІІ заклікаў кіраўнікоў іншых памесных цэркваў ігнараваць урачыстасьці 25‑27 ліпеня. У адказ на зьяўленьне ў Кіеве бігбордаў з выявай Юшчанкі і Варфаламея І, на вуліцах гораду былі заўважаныя бігборды з выявай маскоўскага патрыярха і подпісам па‑ўкраінску «Ўкраіна чакае на свайго патрыярха».

РПЦ выказвае засьцярогу пра чарговы раскол праваслаўя, спасылаючыся на зьвесткі пра сустрэчу Ўсяленскага патрыярха з кіраўнікамі непрызнаных украінскіх цэркваў. Нібыта ў Стамбуле патрыярх Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Філарэт і кіраўнік Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы мітрапаліт Мяфодзій абмяркоўвалі з Варфаламеем І магчымасьць стварэньня адзінай памеснай царквы ва Ўкраіне.

Такі варыянт цалкам магчымы, мяркуе старшыня Дзяржкамітэту па справах нацыянальнасьцяў і рэлігіяў Украіны Аляксандар Саган. Дзеля гэтага дастаткова, каб Канстанцінопаль узяў пад сваю апеку ўкраінскія цэрквы і стварыў ўкраінскую мітраполію.

Сямён Печанко, паводле «Дело»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0