Жыхары вёскі Малмыгі Вялейскага раёну пра службу ў АМОНе, выбары і мат. Запісаў Зьміцер Бартосік.

Стары: «Паслухаць прэзыдэнта, як ён клянецца, што гэта будуць чэсныя выбары. Я ня веру».

Карэспандэнт: «Многія яму вераць».

Стары: «А ведаеце чаму? Прапаганда. Тэлебачаньне, радыё ў адных руках».

Карэспандэнт: «Але ж вас яна не бярэ?»

Стары: «І ня возьме. Галоўнае — чэснасьць».

Да застольнай размовы далучаецца жонка старога малмыжца, моцная, гаваркая кабета.

Старая: “Не. Выйшаў з даверу. Ужо старыя казалі, ня будуць галасаваць. Я не баюся, бо мяне ж ён не закапае, як закапаў Завадзкага. А закапае, дык што? Я ўжо старая. Хай капае. Я яго не баюся. Няма даверу ў людзей».

Карэспандэнт: «А чаму?»

Старая: «Цэны растуць. Не ўганяецца гэтая пэнсія».

Карэспандэнт: «Кепска тое, што давер прывязваюць да гэтых цэнаў».

Старая: «Ну а чым яны могуць думаць, скажыце? Яны думаюць толькі страўнікам сваім».

Абараняць беларускага кіраўніка бярэцца суседка.

Суседка: «Хто стараецца, той мае. Паглядзіце, у кожнага машына. Кожны едзе на заробкі».

Старая: «Хай бы Беларусь дала свае заробкі. Дзе нашы заробкі? Чаму трэба ехаць у Расею? А дзе ў нас усё дзелася? Куды ўсё зьнікла?»

А вось і новая тэма. Дзеці і ўнукі, якія служаць у міліцыі. І якія бяруць удзел у разгоне мітынгаў. Як унучаты пляменьнік нашай гераіні.

Старая: «А вось жа яны ўвесь час стаялі ў ачапленьні. А ён такі здаровы. А мы яшчэ пыталіся: «Саша, а што б ты рабіў? Вось вам далі гэтыя нагайкі. Біў бы людзей ці не?» — «Нас жа прымушаюць». Вось такое разуменьне ў маладых. «Нас жа прымушаюць». Я кажу: «Сашанька, не дай Бог ты пойдзеш па гэтай лініі. Нам будзе ўвогуле... Мы ж людзі, калгасьнікі, выйшлі з народа. І ня дай Бог ты пойдзеш па такіх ступенях. Гэта будзе для нас трагедыя».

Я ўжо каторы раз з прыемнасьцю пераконваюся ў мудрасьці беларускіх дзядоў, якіх не бярэ і ніколі ня возьме аніякая прапаганда. Бо зашмат яны пабачылі ў сваім жыцьці. І шмат чаго пра гэтае жыцьцё могуць распавесьці.

Стары: «Вайну бачыў. І немцаў гэтых бачыў. І партызан бачыў. Яны забіралі ўсё, што ім патрэбна і што непатрэбна. Ну як гэта так: у нас трое дзяцей было — узяць карову і павесьці. Ну як так? Я вам раскажу выпадак такі. Немцы ўсталёўвалі парадак. Прызначалі старастаў. А ў нас старастам у вёсцы ніхто не хацеў пагаджацца на пастаяннай аснове. Дык яны па чарзе. Карацей кажучы, стаў Баравы такі, Іван. Дык мужыкі кажуць: “Нашто нам мяняцца? Будзь ты старастам. Якая табе розьніца?»

Старая: «Ну, ты мяне прабач. Старасту прымушалі».

Стары: «Вёска яго прымусіла. А нашы прыйшлі — і дзесяць гадоў катаргі. І за што? А калі б спынілася на маім бацьку?»

Старая: «Мае дзядзькі і ўсе маміны браты былі сасланыя на Сібір».

Стары: «Дык я змалку ўсё суміраваў, суміраваў. Чаму так выходзіць? Жыцьцё перайсьці, ня поле».

Карэспандэнт: «А што самае галоўнае ў жыцьці?»

Стары: «Пазнаць само жыцьцё. Я за ўсё жыцьцё ні разу не заругаўся. Па мацернаму. Бацька мяне вучыў: «Правільна, сынок. Што чалавек думае, хай яму застаецца. А што ты думаеш, хай табе». Дык жыву па гэтым прынцыпе. Ні разу ў адпачынку ня быў. А цяпер нядзелька прыйдзе, ня можаш перажыць. Як гэта без работы? Як адпачыць, калі самы лепшы адпачынак — праца? Я ўчора пайшоў да бабулі на могілкі. У мяне ж там спарадкавана. Мой час ужо сканчаецца. Я хутка туды пайду. Але ж, думаю, нашто пасьля мяне каб бур’яном там зарастала?»

Карэспандэнт: «А вы не баіцеся сьмерці?»

Стары: «Сьмерці? Я? Ніяк. Таму што я чэсна пражыў жыцьцё. Чаго мне баяцца? Хай баіцца той, хто быў злодзей. А ён баіцца з-за таго, што помста будзе. А чаго мне баяцца? Я ж нікому дрэннага нічога не зрабіў. Дык я магу туды з чыстай душой пайсьці. Не, чалавек!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?