15.06.2017 / 17:09

У Дубаі з'явіцца хмарачос, «надрукаваны» 3D-прынтарам 1

Архітэктурная фірма Cazza паведаміла, што пабудуе ў Дубаі першы ў свеце хмарачос з дапамогай 3D-прынтара. Паведамляецца, што пры будаўніцтве будзе выкарыстоўвацца інавацыйная тэхналогія кранавага друку.

У інтэрв’ю Construction Week Online генеральны дырэктар Cazza Крыс Кеслі паведаміў: «Калі мы думалі над укараненнем 3D-прынтараў у будаўніцтве, у першую чаргу мы разглядалі магчымасць будаўніцтва такім чынам звычайных невялікіх дамоў. Але забудоўшчыкі спыталі ў нас, ці можна такім чынам пабудаваць хмарачос. Мы зрабілі некалькі даследаванняў і выявілі, што тэхналогію можна выкарыстоўваць і для будаўніцтва высокіх будынкаў».

3D-прынтары могуць быць інтэграваны са звычайнымі кранамі, такім чынам архітэктарам не прыйдзецца ствараць новыя краны.

Знешне хмарачосы, «надрукаваныя» 3D-прынтарам, не будуць адрознівацца ад звычайных. Кошт такога будаўніцтва будзе ніжэйшы, чым пры класічнай тэхналогіі, у той час як хуткасць узвядзення павялічыцца.

У Дубаі знаходзіцца вялікая колькасць архітэктурных бюро, якія праектуюць хмарачосы па самых сучасных тэхналогіях. Сёлета ў лютым стала вядома пра тое, што да 2020 года ў горадзе з’явіцца першы ў свеце хмарачос, кожны паверх якога зможа круціцца пад сваім вуглом.

Максім Маханькоў

0
КеН / Адказаць
15.06.2017 / 18:02
А у нас жатка на уборную😝😖
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру