02.09.2017 / 09:53

Love is… запрашаць на спатканні. Топ-7 небанальных ідэй для закаханых дзяліцеся ідэямі з вашай практыкі! 30

Нават калі так званы цукеркава-букетны перыяд скончыўся, не будзе лішнім дадаць у рамантычныя адносіны крыху новых інгрэдыентаў: каб чарговы раз запаліць той самы агонь двух сэрцаў, як завяшчаў дзядзька Морысан. Ламаць галаву не давядзецца — мы ўжо падрыхтавалі для вас спіс ідэй, якія спрацуюць стапрацэнтна, больш арыгінальных, чым проста кіно, парк ці выстава. Усе яны выпрабаваны на сабе. І не кажыце потым, што няма куды звадзіць пана/паненку.

Падсілкавацца нацыянальнымі стравамі

З мілым, канечне, рай і ў шалашы, і ў макдаку, але, калі хочацца нечага асаблівага, не скупіцеся на рамантычную вячэру ў больш самавітым месцы. Так, рэстаран беларуска-ліцвінскай кухні «Кухмістр», нібыта машына часу, перанясе за багатыя сталы заможнай беларускай шляхты ХІХ стагоддзя. Пачніце са славянскага аналага мексіканскіх бурытас, запіце ўсё моцным квасам, а на дэсерт абавязкова паспрабуйце «Сакрэт Марысенькі», які на многіх закаханых дзейнічае як любоўнае зелле.

Гісторыя гэтага дэсерту нарадзілася разам з рамантычнымі адносінамі Марыі Казіміры Луізы дэ ля Гранж д'Арк’ен і караля Яна Сабескага. Менавіта «Марысенька» завезла ў нашы мясціны моду на апельсіны: у перапісцы з каралём «Ясем» яна часта прыгадвала салодкія les oranges, намякаючы на іх узвышаныя стасункі. Калі вы таксама хочаце дадаць слодычы ў l'amour, абавязкова паспрабуйце гэтую сакрэтную страву з печанай ігрушы ў апельсінавым лікёры з марозівам.

Дарэчы, уладальнікі рэстарана вельмі прыхільна ставяцца да беларускамоўных наведвальнікаў.

Таму кожны, хто будзе размаўляць з персаналам па-беларуску, мае права на зніжку 10%. Дадатковы бонус прадугледжаны для чытачоў «Нашай Нівы»: прамаўляючы «Сакрэт Марысенькі» ў якасці кодавага слова, вы зможаце атрымаць адзін з фірмовых дэсертаў бясплатна. Вядома, калі прыйдзеце ўдваіх і будзеце выглядаць закаханымі.

Куды ехаць: вул. К. Маркса, 40;

Сярэдні рахунак: 30—45 рублёў.

Дадатковая інфа

Разам намокнуць

Сапраўднага, вялікага мора ў Беларусі як не было, так і не будзе, але басейнаў хапае — і гэта ўжо няблага. Калі вы не з тых, хто баіцца сапсаваць прычоску ці закавырысты макіяж, і аддаяце перавагу актыўна бавіць вольны час, то запрасіць любага ў дэльфінарый будзе слушным рашэннем. Па-першае, даказана, што дэльфінатэрапія палягчае наступствы розных стрэсаў, што ў гарадскіх умовах актуальна для кожнага беларуса. Па-другое, лепш адразу ўбачыць, як ваш партнёр ставіцца да жывёлак, а яны да яго: самазакаханы эгаіст вылічваецца адразу.

Кансерватыўнае плаванне ці экстрэмальны дайвінг на месцы можна спалучыць з лёгкай вячэрай.

Самыя ўпэўненыя ў сваіх адносінах менавіта ў дэльфінарыі нярэдка вырашаюцца зрабіць другой палавінцы прапанову. Нават калі дрыжаць каленкі і не паварочваецца язык, за вас усё зробяць дэльфіны: на сабе прывязуць пярсцёнак і таблічку з прызнаннем.

Пасля такой мімімішнай сцэны партнёру нічога не застанецца, як пагадзіцца.

Да ведама: рамантычнае начное шоу, што стартуе ў 21.00 (з жывой музыкай, акрабатычнымі і танцавальнымі нумарамі і, само сабой, выступамі марскіх артыстаў), праходзіць у дэльфінарыі кожную суботу.

Куды ехаць: Ташкенцкая, 40;

Цэны: Плаванне — 100 рублёў, дайвінг — 170 рублёў, рамантычнае начное шоу — усяго 28 рублёў.

Дадатковая інфа.

Высадзіцца на востраве

Працягваючы водную тэму, нельга не прыгадаць яхты і цеплаходы, што пастаянна курсіруюць па Мінскім моры. Думаем, кожны з вас, прачытаўшы «Пунцовые ветразі» Грына ці наглядзеўшыся «Піратаў Карыбскага мора», марыў прымерыць на сябе ролю капітана. Падарыце такую магчымасць і сабе, і вашаму партнёру, тым больш што вандроўка па моры з’яўляецца пастаянным пунктам у спісе рэчаў, якія псіхолагі раяць зрабіць усім людзям да канца жыцця.

Існуе некалькі варыянтаў: зрабіць спатканне адукацыйным, навучыўшыся асновам яхтынгу. Ці проста расслабіцца і заказаць на борце столік з шампанскім і жывой музыкай. Так, мінскі клуб «Мерыдыян» прапаноўвае арандаваць як яхты, так і цеплаход. Свежае паветра, смажаная гародніна ці шашлык, прыгожыя выспы і краявіды за бортам — прыкрыйце вочы і ўявіце сабе гэтую карцінку. Спадабалася? Тады не губляйце час і арганізоўвайце забаву на дваіх.

Пры жаданні цеплаход і яхту можна ўпрыгожыць кветкамі, шарыкамі ці тым, на што хопіць фантазіі. 

Дзе знаходзіцца: Качына, Мінскае мора.

Цэны: у сярэднім 100—150 рублёў за гадзіну арэнды яхты ці цеплахода.

Дадатковая інфа.

Паблукаць у гарадскіх «джунглях»

Цэнтральны батанічны сад быў заснаваны ў 1932 годзе, але да гэтага часу нават не ўсе мінчукі наведалі зялёныя джунглі ў межах горада. Гладыёлусы, півоні, бэз, дзясяткі відаў дрэў — усё гэта, калі зыходзіць са статыстыкі, у першую чаргу спадабаецца дзяўчынкам, але вопыт дзядоў падказвае, што ў кожным хлопчыку таксама спіць юны батанік, які з узростам прачнецца.

Дарэчы, наўпрост на ўваходзе ў сад працуе крама з кветкамі, так што не трэба незаўважна ад ахоўнікаў вырываць калекцыйныя расліны, каб прэзентаваць букет-сюрпрыз.

Акрамя флоры, у садзе можна паназіраць за папугаямі і рыбамі. Абавязкова зрабіце сэлфі на прыгожым мосце, дзе звычайна пакідаюць сямейныя замкі маладыя: калі вы толькі ў пачатку адносін, будзе цікава паўтарыць фотаздымак ужо ў якасці мужа і жонкі. Тым больш што Батанічны сад гасцінна дазваляе рэгістраваць на сваёй тэрыторыі вяселлі. У выпадку дрэннага надвор'я заўсёды можна перамясціцца ў аранжарэю.

Куды ехаць: Сурганава, 2в.

Колькі рыхтаваць за ўваход: 6 рублёў з чалавека ў звычайны дзень, 8 — для жаніха і нявесты ў межах выязной рэгістрацыі. Дазвол на фотасесію свята абыдзецца ў 20 рублёў.

Ухапіць дозу адрэналіну

У чым галоўны плюс адрэналінавага ўстрэсвання, дык гэта ў тым, што вы будзеце ўзгадаваць такую падзею яшчэ даволі працяглы час. А дыялог у адносінах — заклад іх поспеху.

Сыходзячы з таго, наколькі бясстрашным з'яўляецца ваш партнёр, можна абіраць варыянты: скачок з парашутам, карцінг, зорбінг (катанне ўнутры велізарных шароў па зямлі і на вадзе) ці першая сумесная вылазка на сноўборд.

На крайні выпадак, можна пайсці ў грыбы ці ягады — бясплатна і часам экстрэмальна.

Акрамя гэтага, раім хоць раз наведаць які-небудзь адкрыты дах. Калі не ведаеце даступных побач, то зганяйце на аглядныя пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі, гасцініцы «Беларусь», на вышэйшыя паверхі хмарачосаў ці проста купіце квіток на кола агляду ў парку Горкага.

Узяць курс на Парыж

Скупое на цёплыя дні лета-2017 пры першай жа магчымасці грэх не выкарыстоўваць для велапрагулак.

Бачыш сонейка — хапай каханага ці каханую і плануй маршрут. Няма свайго ровара? Не бяда! Ёсць шмат месцаў, дзе велік можна ўзяць у арэнду, і адразу ж імчаць на Мінскае мора, у касмічную вёску Юпітэр ці ў рамантычную — Парыж.

Так, у салонах велапракату ў сярэднім за 15 рублёў на суткі можна арэндаваць вялікі круізер і пры жаданні паехаць на ім удваіх. У салідных салонах у камплекце з велікам бясплатна прапаноўваюць кошыкі, шлемы і ліхтары, сумкі для тэлефона ды велазамкі. З такім наборам спакойна ўключайце ў маршрут прыпынак на пікнік (толькі не забудзьцеся схапіць з сабой прадукты ці бутэлечку віна).

Дарэчы, совам куды больш выгадна катацца ноччу: на выезды ў познія гадзіны дзейнічаюць зніжкі. Акрамя таго, краявіды з зоркамі запомняцца абаім надоўга.

Прасунутым маладзёнам падыдзе альтэрнатыўны варыянт актыўнасці на свежым паветры: напрыклад, гіраскутэры. Трымайце ў галаве наступны факт: працэс асваення тэхнікі язды на ім тактыльна вельмі збліжае.

Навучыцца новаму

Запішыцеся на майстар-клас! Можна разам зляпіць вазу ці нешта экстраардынарнае на ганчарным майстэрстве. Калі ўсё пройдзе як у фільме «Прывід», дзе Патрык Суэйзі беражліва дапамагае сваёй каханай Дэмі Мур вырабіць вазу, мурашкі на скуры і ўспаміны пра гэты дзень забяспечаныя.

У Мінску ды іншых гарадах запрашаюць вучыцца жывапісу, фларыстыцы, маляванню пяском, дэкупажу і правілам здаровага харчавання з асновамі фітнэсу. Таксама заўсёды можна запісацца на тэставыя заняткі замежнай мовы ці танцавальную трэніроўку — даступна і з карысцю.

Зрабіце адно аднаму масаж, уладкуйце сачэнне за беларускай зоркай, як папарацы, пагуляйце разам у вайнушку… Існуе яшчэ вялікая колькасць варыянтаў адарвацца арыгінальна. Не лянуйцеся ў адносінах — і ваша каханне дакладна пражыве больш за тры гады.

Мая Лінь, фоты Сяргея Гудзіліна і з інтэрнэту

4
Андрусік / Адказаць
27.07.2017 / 08:49
Адразу бачна тэкст пісала дзяўчынка. Ёй сумна і яна хоча рамантыкі.
2
belariy / Адказаць
27.07.2017 / 08:58
мы з жонкай пяцігоддзе шлюбу сьвяткавалі з вогнішчам на бязлюдным беразе возера. ну, з усёй адпаведнай праграмай, вядома. ))
3
Андруш / Адказаць
27.07.2017 / 09:04
Добрая рэкламная падборка )
Паказаць усе каментары/ 30 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру