13.11.2017 / 14:59

Ці патрэбныя ўрокі пісьма ў школе сучасным дзецям? абмяркоўвайце! 17

Парламент амерыканскага штата Ілінойс пераадолеў вета губернатара і прыняў закон, які абавязвае школьнікаў праходзіць курс пісьма ад рукі або «рукапіснага шрыфту». 

У школах ЗША курс пісьма ад рукі («рукапіснага шрыфту») не з'яўляецца абавязковым. Некаторыя краіны выключылі яго са сваіх адукацыйных стандартаў або зрабілі яго прадметам па выбары. Чаму тады астатнія (накшталт Вялікабрытаніі) па-ранейшаму настойваюць на яго неабходнасці ў лічбавую эпоху? Можа быць, лепей навучыць дзяцей хутчэй друкаваць на клавіятуры?

Апытанне брытанскай паштовай кампаніяй Docmail дзвюх тысяч дарослых людзей у 2012 годзе паказала, што ў сярэднім кожны з іх у апошні раз што-небудзь пісаў ад рукі 41 дзень таму. Для гэтых мэтаў цалкам дастаткова пісаць зразумелымі «друкаванымі» літарамі, якія дзеці вучаць перш за ўсё. 

Амерыканскія штаты накшталт Індыяны цалкам адмовіліся ад урокаў пісьма «курсівам». Фінляндыя ўжо скараціла праграмы навучання пісьму ад рукі, тое ж робіць усё больш школ у Індыі.

Прыхільнікі адмены ўрокаў звычайна тлумачаць гэта тым, што ўкладзены ў іх час можна было б выдаткаваць на больш актуальныя прадметы накшталт набору тэксту на клавіятуры або праграмавання.

Але ўрокі пісьма ад рукі для дзяцей маюць шэраг пераваг перад набіраннем тэксту на клавіятуры.

У сваёй працы ад 2005 года навукоўцы з французскага ўніверсітэта Экс-Марсэль параўналі друкаванне з пісаннем для дзяцей ва ўзросце ад трох да пяці гадоў, каб высветліць, ці будуць яны пасля па-рознаму пазнаваць літары. 

Па іхніх звестках, у больш сталым узросце дзеці, якіх вучылі пісаць ад рукі, запаміналі літары лепш.

Даследаванне 2012 года пайшло далей і пратэставала пяцігадовых дзяцей, якім толькі трэба было навучыцца пісьму і чытанню.

У адрозненне ад дзяцей, якія друкавалі літары на клавіятуры, у тых, хто пісаў, была задзейнічаная зона мозгу, што таксама выкарыстоўваецца падчас чытання.

Навукоўцы выказалі гіпотэзу, што фізічны акт пісання дапамагае дзецям навучыцца чытаць. Пазнейшыя даследаванні кажуць таксама пра тое, што навучанне пісанню праз назіранне за кімсьці, хто піша (замест таго, каб пісаць самастойна), не прыносяць дадатковай карысці.

Ці ж ёсць нейкая карысць ад пісання для дарослага чалавека?

Па наяўных дадзеных, пісьмо дапамагае лепш запамінаць інфармацыю людзям, якія даўно выраслі з ранняга школьнага ўзросту.

Пра гэта, у прыватнасці, кажа даследаванне з назвай «Асадка магутнейшая за клавіятуру», праведзенае Каліфарнійскім універсітэтам у Лос-Анджэлесе і апублікаванае ў 2014 годзе.

У ім робіцца здагадка, што звычка пісаць тэксты на ноўтбуку сярод студэнтаў можа «нашкодзіць навучанню, бо іх выкарыстанне прыводзіць да больш павярхоўнага засваення інфармацыі».

Навукоўцы прасілі студэнтаў канспектаваць лекцыі, карыстаючыся альбо ноўтбукамі, альбо паперай і ручкай, а затым правяралі іх на запамінанне фактаў і разуменне больш глыбокіх канцэптуальных пытанняў.

У выніку выявілася, што студэнты, якія робяць канспекты пры дапамозе ручкі і паперы, як правіла, засвойвалі інфармацыю на больш глыбокім узроўні.

«Калі нехта кажа вам штосьці, і вы гэта запісваеце ад рукі, вы перафразоўваеце, вы нейкім чынам прысвойваеце сабе гэта і пераказваеце сваімі словамі», — пракаментавала даследаванне доктар Джэймс, адна з яго аўтарак.

Надрукаваныя на камп'ютары канспекты, хай яны і рабіліся хутчэй, больш нагадвалі стэнаграмы, чым асабістыя запісы.

Культура рукапісу

Нам усім прыемна любавацца элегантнасцю прыгожага почырку. Майстэрская каліграфія добра глядзіцца ў салідных дакументах і запрашэннях на вяселле.

З іншага боку, дрэнны почырк прыводзіць да горшых вынікаў на іспытах, паказала даследаванне Фонду Карнэгі. Тыя ж самыя думкі і ідэі, выказаныя «ў менш разборлівай форме на паперы», выкладчыкі ацэньвалі ніжэй.

Абаронцы ўрокаў пісьма таксама нагадваюць, што назапашаныя за мінулыя стагоддзі манускрыпты не змогуць прачытаць тыя, каго пісаць ад рукі ніколі не вучылі.

3
ктото / Адказаць
13.11.2017 / 15:19
мелкая моторика развивает мозг еще в этом возрасте, так что уроки надо оставить хотя можно и сократить.
но скажите кто понабирал в младшие классы учителей перфекционистов которые гоняют детей за лишний отступ в одну клеточку и прочие идиотские правила правописания?
вы кого хотите вырастить, послушных роботов которые делают тупые задания правильно или думающих людей которым неважно на сколько клеточек отступать в решении задачи по математике, а важно чтобы ее решить правильно?
3
Васіль / Адказаць
13.11.2017 / 15:28
А ці патрэбна нам і арыфметыка? Зараз жа эра разумных машын!.. Не трэба ні пісаць, ні чытаць, ні лічыць. Хутка адмовімся ад традыцыйнага харчавання і дзетанараджэння...
1
Анатоль Сідарэвіч / Адказаць
13.11.2017 / 16:10
Чаго толькі не было! Фота "адмяняла" жывапіс, тэлебачанне -- кіно. У Швецыі дадумаліся перавесці навучанне на ангельскую, а потым спахапіліся: моладзь не ўмее правільна выказвацца і пісаць па-шведску. У СССР і Беларусі паслабілі патрабванні да граматнасці -- і развялася маса непісьменных людзей з дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Пасля адмены урокаў пісьма іх колькасць павялічыцца. Там адзін з каментатараў напісаў пра маторыку. І я хацеў напісаць пра яе. Маторыка спрыяе развіццю мозгу. Вам гэта ў ВНУ на занятках па псіхалогіі ў галаву ўкладвалі? 
Наяўнасць кампутара і друкаркі, электроннай пошты не касуе патрэбу людзей у лістах і паштоўках, пісаных ад рукі. Пісанае ад рукі успрымаецца як пісанае ад сэрца. Кожны з нас рады атрымаць ад блізкага чалавка рукапісны ліст, рукапіснае віншаванне з днём нараджэння ці якім-небудзь святам. Кампутарны век не касуе пісьма. І на каліграфаў, на тых, хто ўмее пісаць "настаўніцкім" або "інжынерным" почыркам, думаю, заўсёды будзе попыт.    
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру