13.02.2018 / 11:35

Барабаны і электрагітары: фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў» прайшоў у Баранавічах 5

Барабанныя партыі, моцны вакал і гукі электрагітары — гэта не метал-сэйшн. Гэта фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў». 10 лютага на сцэне ДК Тэкстыльшчыкаў у Баранавічах выступіла 5 музычных гуртоў розных хрысціянскіх канфесій.

«Дастукацца да нябёсаў» — гэта штогадовы хрысціянскі музычны марафон, які праводзіцца ўжо ў сёмы раз. Упершыню такі фестываль прайшоў у 2012 годзе ў Астраўцы. Другі раз месцам правядзення быў Гудагай, а з 2014 года фэст арганізоўваецца ў Баранавічах. У ім удзельнічаюць музычныя гурты з розных гарадоў Беларусі, якія сваімі спевамі праслаўляюць Бога.

Ідэя зладзіць такі фэст у Беларусі ўзнікла, як ні дзіўна, за мяжой, на адным з падобных хрысціянскіх канцэртаў праслаўлення ў Кіеве. Менавіта там арганізатар беларускага фестывалю ксёндз Павел Рудзьман задаўся пытаннем, чаму такіх канцэртаў няма ў Беларусі.

«Мы хацелі аб’яднаць усе хрысціянскія супольнасці — каталіцкія, пратэстанцкія і праваслаўныя, таму што ніколі не зачыняліся на іншыя канфесіі. А яшчэ — «сарваць» моладзь з канапы і прывесці ў вялікую залу. Мы хочам, каб яны набраліся духу еднасці, зразумелі, што не адныя, што ёсць іншыя людзі сярод тых, з кім яны вучацца або ходзяць на працу, якія таксама вераць у Бога, і каб гэта было для іх разуменнем, што варта штосьці рабіць далей у сваёй веры, развівацца і ісці наперад», — заўважае кс. Павел Рудзьман.

Фестываль «для ўсіх»

«Дастукацца да нябёсаў» наведваюць не толькі хрысціяне, але таксама і атэісты, якім проста цікава, або якія выпадкова зайшлі паглядзець, што тут адбываецца. І самі арганізатары падкрэсліваюць, што радыя вітаць розных гледачоў, незалежна ад светапогляду, адначасова нагадваючы, што кожны, аднак, выбірае сам, прыходзіць на такі фэст або не.

«Ёсць веруючыя каталікі, якія не хочуць ісці, а ёсць людзі няверуючыя, якія хочуць запаліцца гэтым духам. Напрыклад, басіст гурту The Crossway, калі толькі прыйшоў да нас, сказаў, што ён атэіст і будзе граць толькі як музыка, а сёння сказаў мне: «Ксёндз, дзякуючы ўсяму гэтаму я веру, што Бог ёсць». Для нас гэта таксама велізарная перамога», — гаворыць ксёндз Павел Рудзьман.

На фестываль прыязджае моладзь з розных куткоў Беларусі.

«Прыходжу сюды, таму што ведаю, што ў гэтых спевах вельмі глыбокі сэнс. Гэта не проста спеў, гэта невялікая малітва. Таксама, каб «адарвацца» і сустрэцца з людзьмі, якія падзяляюць мае інтарэсы», — гаворыць удзельнік фэсту Віталь Шлег.

«Мы набралі вялікую групу і прыехалі сюды, каб у першую чаргу праславіць Бога. А яшчэ — каб сустрэцца з усімі, з кім даўно не бачыліся», — дзеліцца студэнтка Яня Рудкоўская, якая па запрашэнні сябровак прыехала на фестываль упершыню.

На пытанне, што ўвогуле дзяўчыне дае вера ў Бога, Яна з упэўненасцю адказала — «любоў».

«Я ў першую чаргу знайшла любоў і падтрымку Бога. Ён дае ўпэўненасць ва ўсім, што я раблю, проста бласлаўляе, здзяйсняе цуды, дае патрэбных людзей… Ён са мной, Ён з намі ўсімі».

Перапоўненая зала гледачоў, сярод якіх прыкладна 80% моладзі, мадэрновае асвятленне сцэны, добры гук і нават анлайн-трансляцыя на Youtube. Сёлетні фэст у Баранавічах уключаў у сябе шмат навінак.

На сцэне выступіла 5 гуртоў. Гэта каталіцкі евангелізацыйны музычны праект OPEN (Гродна), гурт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску «Подых Духу», NG YOUTH, The Crossway (Баранавічы) і евангелізацыйны праект «Рыбы».

Гітарныя і драм-сола, гукі скрыпкі і спалучэнне галасоў розных танальнасцей, і, канечне ж, хрысціянскія тэксты песень стваралі атмасферу. А таксама — усмешкі, танцы і актыўнасць гледачоў. 

Традыцыйна, акрамя выступу музычных калектываў, праходзілі конкурсы і міні-віктарыны. Удзельнікі маглі выйграць стылёвую майку з фірмовым прынтом DDN 18, адказаўшы на пытанні вядучага.

Падчас канцэрту быў таксама арганізаваны збор сродкаў на будаўніцтва цэнтра для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў Гомелі.

Усяго фестываль сабраў каля тысячы гледачоў. 

Марына Валасар, фота аўтаркі

0
Ксения Дягелько / Адказаць
13.02.2018 / 13:55
А как же Faith + 1?! Вроде обещали приехать? 
0
Мянчук / Адказаць
13.02.2018 / 19:54
Слава Богу за вас, людзі!!!
3
Алё / Адказаць
14.02.2018 / 00:50
Грустна - нават па-расейску. Сумна у квадраце. Пачыналася на Астравеччыне цiкавей. I ойчанька Павал быў тады беларусамоўным, Як там у паэта? "...Няма таго што раньш было..."
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру