Раз на год у амерыканскім мястэчку Ўайлдвуд на самым поўдні штата Нью-Джэрсі адбываюцца гонкі літаральна на беразе Атлантычнага акіяна на пяску ў стылі 50-х гадоў з удзелам гоншчыкаў на рэтраматацыклах і аўтамабілях.

Ідэя правядзення такога незвычайнага мерапрыемства належыць Мелу Стульцу і яго паплечнікам з клуба аматараў рэтраматацыклаў «The Oilers». Відавочна, што іх ідэя адрадзіць гонкі у стылі часоў, калі мота- і аўтагонкі ў Амерыцы толькі пачыналіся, атрымала неймаверную падтрымку сярод і аматараў тэхнікі і заўзятараў аўтагонак. У гэтым годзе на пляжы сабралася болей за 3 тысячы гледачоў. Заезды праходзілі амаль бесперапынна на працягу дня ў суботу і ў нядзелю.

Патрабаванні для ўдзелу ў гонках вельмі строгія: матацыклы і аўтамабілі павінны быць не раней за 1947 год выпуску і адрэстаўраваны адпаведна свайму часу.

Сучаснае абсталяванне, новыя рухавікі і электроніка не дазваляюцца. Тым не менш, жадаючых паўдзельнічаць у спаборніцтвах аказваецца заўсёды болей, чым арганізатары могуць прыняць. Колькасць тэхнікі абмяжоўваецца ў адну сотню матацыклаў і столькі ж аўтамабіляў. На працягу году гаспадары рэтратэхнікі перабіраюць усё па дэталях, вычышчаючы пясок з папярэдніх заездаў, падфарбоўваюць, рамантуюць і ўдасканальваюць сваіх «коней». Таму ўдзельнікаў гонак сапраўды можна назваць энтузіястамі, апантанымі любоўю да сваёй рэтратэхнікі.

Як і на сучасных гонках, з рэтрагонкамі здараецца ўсякае: нехта можа не даехаць да фінішу, а хтосьці заглохне на старце. Для такіх выпадкаў трымаецца нагатове рэтраэвакуатар, каторы возьме на буксір і адцягне небараку з гоначнай паласы. Большасць гоншчыкаў — амерыканцы, ды і рэтратэхніка ўся толькі амерыканская, але на самай справе гонкі можна назваць міжнароднымі, або нават гонкамі вялікай сямёркі, бо з амерыканцамі спаборнічалі гоншчыкі з Канады, Германіі, Францыі, Англіі, Італіі і Японіі. Больш інфармацыі можна знайсці на афіцыйным сайце мерапрыемства

Болей фатаздымкаў і фота можна паглядзець тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?