Гарантую, што Глыбокае шматкроць заторкне Мінск па колькасці помнікаў (скульптур і скульптурных кампазіцый) на душу насельніцтва!

Раней я яшчэ іх лічыў па чарзе іх устаноўкі: 30, 35, 40… Цяпер ужо не лічу! Збіўся з ліку! Пэўна ўжо за 50? А як быць са звярамі? Таксама ж — скульптуры! Напрыклад, львамі, якіх паставілі на спуску (лесвіцы) ад Цэнтральнай плошчы да возера Кагальнага. А як — з гіганцкімі жалезнымі кветкамі, якіх «панасадзілі» па ўсяму Глыбокаму? Ды й, зрэшты, Глыбокае не такі ўжо і малы горад, як некаму падаецца! З канца ў канец — 7 кіламетраў. Можна пражыць усё жыццё ў Глыбокім і не ведаць — што там робіцца на другім канцы горада! Якую скульптуру і там паставілі?

Да новага — 17-21 ліпеня — Вішнёвага фестывалю паставілі яшчэ пяць (!) новых помнікаў (бюстаў). Рэкорд года!

Новая альтанка і чатыры новыя помнікі паэтам у цэнтры Глыбокага.

Новая альтанка і чатыры новыя помнікі паэтам у цэнтры Глыбокага.

Еду на ровары па Мінскай вуліцы, там, дзе на беразе возера Кагальнага — Рэзідэнцыя Вішнёвай Каралевы — і заўважаю новы помнік (бюст) у двары «каралевы» — чалавеку ў акулярах. Каму? Лагічна — Баляславу Лапыру, імя якога, штораз, пад час адкрыцця Вішнёвага фестывалю называе кіраўнік раёна Алег Морхат. З імем Баляслава Лапыра, дзісенскага павятовага агранома і звязваюць славу садоў глыбоцкай вішні. Па вішню ў Глыбокае едуць з Полацка і Віцебска, ці, наадварот, глыбачане вязуць вішню на продаж у Полацк і Віцебск, дзе яе можна прадаць даражэй.

Помнік аграному Баляславу Лапыру ля Рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы.

Помнік аграному Баляславу Лапыру ля Рэзідэнцыі Вішнёвай каралевы.

Прыехаўшы дадому, дзялюся навіной з суседам Алегам, які, як шпак, узабраўшыся на дрэва, абіраў вішні.

— А вы, Уладзімір Іванавіч, ці бачылі, што ў Глыбокім, у скверыку Перамогі, паставілі помнікі Пушкіну і Ясеніну, і яшчэ два, хіба Коласу і Багдановічу? І новую альтанку!

— Мы з мальцамі на працы абмяркоўвалі,— працягвае Алег,— чым праславіўся той Пушкін і Ясенін перад Глыбокім, што помнікі ім паставілі? Ці чулі яны, не тое што былі тут, што ёсць такое Глыбокае на Беларусі? А ім помнікі ставяць!

— Так! — пагаджаюся з Алегам,— у нас і сваіх хапае: Тадэвуш Даленга-Мастовіч, Міхась Машара, які ў сваіх творах пастаянна згадваў Глыбокае і называў яго «нашай сталіцай» (цэнтр Дзісенскага павету), сядзеў тут у падвалах дэфензівы. І шмат іншых.

  Бюсты: Пушкіна, Ясеніна, Коласа і Багдановіча.

Бюсты: Пушкіна, Ясеніна, Коласа і Багдановіча.

Сёння зрабіў шпацыр па новых помніках. Ну, так! Стаяць чатыры помнікі паэтам! Толькі здагадаўся хто з іх хто? Таблічак з подпісамі няма ж. — Паэтаў мусяць ведаць усе ў твар!— пажартаваў неяк адзін мой знаёмы. Пушкін пазнаецца па сваёй прычосцы, Ясенін — малады і прыгожы! А два іншыя дзядзькі — здагадайся! Усе сыходзяцца на тым — Колас і Багдановіч.

Глыбачане ж — бадай, адзінадушныя — невялікі скверык Перамогі ў цэнтры Глыбокага, памерам з футбольнае поле, і так перапоўнены! Тут жа — пахаванні савецкіх салдат, якія загінулі ў ліпені 1944-га. Абеліск і дзве скульптуры — салдата і партызана. Ладна, потым яшчэ дадаўся і помнік афганцам. Цярпіма!

 

Гады тры таму ў скверы з’явіўся цэлы арсенал вайсковай тэхнікі: бронетранспарцёр, БМП, БМД, гармата, і нарэшце, сёлета — знішчальнік СУ, які займае 1/10 даўжыні сквера, затым паставілі помнікі 100-годдзю беларускай міліцыі, 100-годзю беларускай арміі… Цяпер, да фестывалю — альтанку і 4 бюсты паэтам. — Гэта ж, занадта!— кажуць глыбачане. Усё такі, тут — мемарыял воінам, якія загінулі за вызваленне Глыбокага і ваколіцаў у Другую сусветную вайну. На фоне усяго гэтага неяк губляецца каштоўнасць самога мемарыялу.

 

На Цэнтральнай плошчы стаіць электронны цыферблат, які адлічвае дні па пачатку фестывалю. Але, з лямпачкамі — нешта не тое: ці то 3 дні засталося, ці то 8. Спраўдзіў у тых, хто ў тэме. Фестываль пачынаецца 17 ліпеня а 17-й гадзіне, закрываецца — 21 ліпеня.

Рэзідэнцыя Вішнёвай каралевы.

Рэзідэнцыя Вішнёвай каралевы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?