Беларускі актывіст з малой радзімы Мілінкевіча асуджаны на 5 месяцаў за падрыхтоўку рэвалюцыі, але можа быць выпушчаны ўмоўна-датэрмінова проста цяпер.

Актывіст нацыянальнага руху з Шчучына Сяргей Ляшкевіч асуджаны паводле ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэксу РБ («Навучаньне альбо іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспардках, а таксама фінансаваньне, альбо іншае матэрыяльнае забесьпячэньне такіх дзеяньняў»). Пракурор патрабаваў для былога сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча 6 месяцаў зьняволеньня. Судзьдзя прызнаў віну даказанай і даў пяць.

Суд над Сяргеем Ляшкевічам быў адкрытым, і першае паседжаньне 25 траўня адбывалася ў прысутнасьці вялікай колькасьці паплечнікаў і сяброў Сяргея. Падтрымаць свайго земляка прыехаў і Аляксандар Мілінкевіч, які назваў працэс замоўленым і палітычным.

Абвінавачваньне грунтавалася на сьведчаньнях неаднаразова асуджанага грамадзяніна Аляксандра Бурдзея. Гэта яго нібыта вэрбаваў Ляшкевіч. У часе паседжаньня дэманстравалі фільм Юр’я Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» і зборнік відэакліпаў «Незвычайны канцэрт», з дапамогай якіх Ляшкевіч «навучаў тэрарызму» Бурдзея і іншых фігурантаў справы.

Сьведка Валер Шкурко нібыта прысутнічаў пры размове, у часе якой Бурдзея схілялі да ўдзелу ў масавых акцыях.

Трэці сьведка, нехта Навагран, на суд не зьявіўся, матывуючы гэта страхам фізычнай расправы. Анкетныя зьвесткі Наваграна былі зьмененыя ў мэтах ягонай бясьпекі. Яго сьведчаньні, зробленыя падчас сьледчых мерапрыемстваў зачыталі ў судзе. Зь іх вынікае, што Сяргей Ляшкевіч і яго паплечнікі вялі антыдзяржаўную дзейнасьць і яшчэ ў лістападзе мінулага году схілялі яго да ўдзелу ў масавых акцыях.

Аргумэнты, прапанаваныя адвакатамі Сяргея Ляшкевіча, суд не ўлічыў.

«Сяргей Ляшкевіч трымаецца добра, нават па-філязофску», – заўважыў ягоны адвакат Андрэй Шчапяткоў. Віны не прызнаў і ў заключным слове папрасіў суд вынесьці справядлівае рашэньне.

Паводле словаў адваката, згодна з заканадаўствам, Сяргей мае права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне па адбыцьці паловы тэрміну зьняволеньня: «Усё залежыць ад яго самога: ці захоча ён абскарджваць рашэньне суду, ці не. Палову ж тэрміну ён ужо адбыў і мае шанцы быць вызваленым ужо цяпер».

Сямён Печанко