21.08.2018 / 15:26

«Трэба быць кончаным, як беларускі Мінкульт, каб здымаць фільм пра Купалу па-руску». Крык душы Стася Карпава 97

Напісаў мне ўчора раніцай акцёр Алесь Малчанаў. Кажа: ты чуў, што ў нас тут нацыянальнае кіно здымаюць? «Янка Купала» і «Аванцюры Вырвіча» па Рублеўскай.

Нацыянальнае кіно з нацыянальным каларытам. 

Як? Ну як… Па-руску.

Рублеўская, кажуць, нават не ведала, што ў сцэнары па яе кнізе будзе столькі мясцовай «аўтэнтыкі». 

Уявіце сабе, як Радзівіл упіраецца нагамі ў зямельку і, замест «псякрэў», крычыць «Ах ты, пёсья кровь!». Ну. Так і чуеш хруст балалаечнай дэкі і бачыш, як млявая Клязьма нясе сарваную ветрам паўлапасадскую хустачку…

Кажуць, Людміла спрабавала неяк паўплываць на «заказчыка», але заказчык страшна хоча «прадаць кіно ў Расію». Так што, ізвініце, варыантав нет.

Ёсць пераклад кнігі на рускую. Значыць, трэба замацаваць і напісаць сцэнар з перакладу. І прадаць у Маскву.

З «Купалам» усё яшчэ прыўкрасней. І паколькі там усё той жа «заказчык» — ён хоча прадаць кінцо ўсё туды ж. 

На прапановы зняць фільм па-беларуску і зрабіць расійскі дубляж рашуча адмаўляецца. Сіндром «Савушкавага» — штука такая.

Карацей, пасля Алеся Малчанава я пагаварыў з Раманам Падалякам.

— Я першым прапанаваў свой удзел. Гатовы быў здымацца ў любой ролі. Бо гэта магла б быць сапраўды важная карціна. А калі высветлілася, што ўсё будзе вось так… Я нават на кастынг адмовіўся ісці.

Разумееш, заробкі ў тэатры невялікія і дадатковая праца — заўсёды добра. Але ўдзельнічаць вось у гэтым…

Адным словам, сышліся ўсе магчымыя зоркі над «беларускім нацыянальным «кіном». Здымаць будзе такі заглыблены ў беларускае чалавек, як Уладзімір Янкоўскі. Глядач, для якога гэта робіцца, — расійскі… Ну і паколькі рынак збыту — Расія, то акцёра шукалі (ты-дым!) рускага.

Купала — гэта калі ты проста без пуза, без лысіны, але з вусамі.

Кажуць, прыходзіў на пробы нейкі чэл, паходу з Ленінграда, ці аднекуль там яшчэ.

— Вы па-беларуску нешта разумееце? Вершы Купалы паглядзелі?

— Ну, я чет через гугл там перевёл, почітал…

От яна. Сіла прасякнення беларушчынай — праз гугл і парэбрык.

Дарэчы, усім, напэўна, страшна цікава, што гэта за заказчык, ад якога нельга дабіцца беларускамоўнасці Купалы. Думаеце, Дзермант падаўся ў прадзюсары і задорага прадаў дружышчу Пятроўскага? Ці Кісялёў натхніўся перакладамі Максіма Горкага? Не. Заказчык — гэта наша дарагое, слаўнае, роднае міністэрствачка культуркі.

І вось у мяне пара пытанняў.

Вы якой краіны культуркі міністэрства? 

Вы там на фуршэтах апошнія нейроны адпілі? Адчулі сябе нейкімі ўласнікамі капіталу? Вырашылі, што можаце сёння сотачку спаліць, а заўтра трыста бабе ў трулі сунуць?

Вы шмат зарабілі, бізнэсмены?

Уся ваша гісторыя — гэта гісторыя занядбання, бо ўсё, што вы можаце — гэта фарбаваць ангары з бутафорскімі вёскамі і выдаваць нейкія бессэнсоўныя кодэксы.

Вас для чаго прыдумалі? За што вам плацяць? Вам плацяць, каб вы хоць рабілі выгляд, нібыта культура Беларусі для вас — прыярытэт.

Каб вы вырашалі задачы па развіцці культуры народа, які на вас скідваецца.

Ніякіх сваіх грошай у вас няма.

І ніякі вы — у поўным сэнсе гэтага слова — не заказчык.

Хочаце быць заказчыкамі, звальняйцеся, прадавайце свае двушкі ў Лошыцах і здымайце кіно пра партызанаў. І прадавайце яго хоць у Расію, хоць у Эфіопію.

Вы настолькі зліпліся са сваімі кабінетамі, што канчаткова забылі пра тое, што культура — гэта не вашы ср*ныя кодэксы і не прэміі ў ведамасці. Гэта не вашы справаздачы аб аб'ёме экспартаванай культурнай прадукцыі, якая вырасла ў тышчу разоў і склала тышчу рублёў.

Трэба быць кончаным, разумееце? Проста кончаным, каб здымаць фільм пра Купалу па-руску, каб пасля за пяць баксаў загнаць яго на самую далёкую паліцу якога-небудзь масфільмаўскага архіва.

Калі не здымаць па-беларуску «Купалу», то скажыце: а вы наогул хоць калі-небудзь збіраліся нешта здымаць па-беларуску? Эй, міністэрства, алё.

Калі не збіраліся, калі «не ўрэмя» — то валіце нах*р. Ідзіце ў ЖЭКі і там за тыя ж грошы не бярыце трубкі і не выходзьце з «савяшчацельнага рэжыму».

З вамі ніколі не прыйдзе час, бо вы самі, як ракавая пухліна — заўсёды нясвоечасовая.

Ад вас не чакаюць шмат. Ад вас чакаюць, што вы раз за сваю нікчэмную біяграфію зробіце нешта па-чалавечы.

Для людзей. Для нашых людзей. Для беларускіх.

Што вы зробіце нешта так, нібыта вы — беларусы і прадстаўнікі беларускага мністэрства, якое клапоціцца пра нас усіх.

Што вы хоць адзін дзень пажывяце так, нібыта вы не працуеце і не жывяце ў бясконцай Оршы вашай мары.

23
Янка / Адказаць
21.08.2018 / 15:34
У гэтай краіне 90% кончаныя.
4
Арына / Адказаць
21.08.2018 / 15:35
Дажылiся!
8
Andrej / Адказаць
21.08.2018 / 15:36
Не пайду прынцыпова, калі будзе па-расейску
Паказаць усе каментары/ 97 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру