Даведка: cuddle з англійскай мовы перакладаецца як «абдымаць». Першая кадл-вечарына прайшла ў ЗША яшчэ ў 2004 годзе пасля таго, як два псіхолагі прыйшлі да высновы, што дарослым людзям не хапае месца, дзе яны маглі б паабдымацца без сэксуальных і любых іншых падтэкстаў.

Віялета вырашыла, што такіх сустрэч бракуе і ў Беларусі. Неўзабаве яна аб’явіла пра першую мінскую кадл-паці (яна прайшла вясной гэтага года).

Віялета Бязніска.

Віялета Бязніска.

Пасля была яшчэ адна аўтарская абдымальная вечарына, абедзве наведалі каля 30 чалавек.

Мы распыталі Віялету пра тое, навошта беларусам вучыцца абдымацца.

У якасці ілюстрацый выкарыстаныя фотаздымкі з мінскіх кадл-вечарын.

У якасці ілюстрацый выкарыстаныя фотаздымкі з мінскіх кадл-вечарын.

— Прынята лічыць, што для таго, каб чалавек сябе добра адчуваў, яму пажадана абдымацца хаця б 8 разоў у дзень. Не ведаю, адкуль канкрэтна ўзялася гэта тэорыя, але наяўнасць абдымкаў у нашым жыцці дакладна дапамагае. На кадл-паці, якія я паспела правесці, адбылося шмат рэчаў, якія прадэманстравалі, наколькі гаючымі могуць быць абдымкі: мы не проста песцімся, мы вучымся адчуваць свае межы, вучымся ставіцца да іншых з павагай і ўвагай.

З фізічнага пункту гледжання падчас абдымкаў у аддзеле нашага мозга выпрацоўваецца эндарфін — гармон радасці.

У кніжках па псіхалогіі апісана вельмі шмат гісторый пра тое, што дзеці, якім недадалі ўвагі і цялесных кантактаў, адставалі ў развіцці ад сваіх аднагодак, былі менш энергічнымі, вырасталі з заніжанай самаадзнакай і дрэнным адчуваннем свайго «я». Калі ў дзяцей былі цёплыя стасункі з бацькамі, то яны мелі ўпэўненасць у тым, што іх любяць, і ў выніку самі былі здольныя на гэта пачуццё. Праўда, тут вельмі важна захаваць мяжу: не залюбіць, а менавіта падтрымаць патрэбнасць у любові.

Я заўважыла, што калі ў маім жыцці адсутнічае тактыльная падтрымка, то я адразу пачынаю хварэць, мне дрэнна спіцца.

У той жа момант, калі мяне абняць, нервовая сістэма супакойваецца, я сплю нашмат лепш. У маім жыцці быў перыяд, калі тое, чым я вельмі любіла займацца, забралі. Я расцаніла гэта як здраду і пасля зусім перастала давяраць людзям. Спатрэбілася гады тры, каб зноў пачаць дазваляць акружэнню дапамагаць мне. На мой погляд, вельмі важна, каб абдымкі прысутнічалі ў нашым жыцці. Ёсць нават тэорыя, што некаторых яны могуць выцягнуць з дэпрэсіі.

Для кагосьці быць адкрытым тое самае, што быць уразлівым, слабым. Быць сабой страшна, я разумею, што куды прасцей закрыцца ў ракавінцы.

Я сустракаю вельмі мала беларусаў, якія гатовыя заўсёды заставацца адкрытымі свету.

Звычайна яны працуюць на такі вынік: ходзяць на танцы, да псіхолагаў, у нейкія секцыі ці проста шмат камунікуюць. Яны зразумелі: адна справа — быць адкрытым і даваць сябе ў крыўду, і зусім іншая — зразумець сваю свабоду і межы, спазнаць сваё цела і яго сігналы і сказаць «стоп», калі вам нешта не падабаецца.

Калі мы збіраемся на кадл-паці, у самым пачатку я заўсёды распытваю людзей, з якімі думкамі і запытамі яны прыйшлі. Для мяне мэта гэтых сустрэч — дапамагчы людзям расслабіцца, зразумець пра сябе нешта новае. Мне вельмі падабаецца быць памочнікам, правадніком паміж чалавекам і яго адкрыццямі пра сябе як таго, хто важны, варты ўвагі і клопату. Канечне, ва ўсіх гэтыя адкрыцці адбываюцца з розным тэмпам, не ўсе могуць даць сябе абняць: камусьці на тое, каб дазволіць гэта, патрабуецца 5 хвілін, а камусьці не хопіць і гадзіны.

На кожнай вечарыне я сама сутыкалася з новымі для сябе адкрыццямі: многія з іх расчулілі мяне да слёз.

Так, адна дзяўчына, якую пачалі гладзіць па спіне, расказала, што раней з ёй рабілі так толькі тады, калі яна плакала. Яна нават не здагадвалася, што можна гладзіць чалавека проста так.

Іншая ж дзяўчына пасля мерапрыемства падзялілася, што дазволіць дакрануцца да сябе для яе было параўнальна са скачком у бездань. У выніку, як мне здаецца, усё гэта іх вельмі змяніла.

Я і далей планую перыядычна праводзіць кадл-паці. У мяне няма мэты зрабіць праект камерцыйным: я хачу, каб усё гэта было максімальна экалагічна і тэрапеўтычна. Каб я магла камусьці дапамагчы, бо мне важна, каб гэты свет быў больш добрым і шчаслівым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?