21.10.2018 / 16:42

Пра сям'ю, парламент, прэзідэнцкія амбіцыі — поўная тэкставая версія інтэрв’ю з Ганнай Канапацкай 38

Госцяй другога выпуску праграмы «Ток/Talk» з Адар’яй Гуштын стала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая. Прыводзім поўную тэкставую версію размовы.

Аб прызначэнні ў парламент (00:33)

— Вас прызначылі.

— Так.

— Ці ёсць у вас адказ, чаму менавіта вы?

— Так, а чаму?

— Мне цікава, чаму менавіта вы. Сярод сотні абралі менавіта вас.

— Сотні каго?

— На вашай акрузе была Таццяна Караткевіч, напрыклад.

— Напрыклад, у сябе на акрузе я была самым дарослым кандыдатам, па ўзросце.

— Для Адміністрацыі прэзідэнта гэта мае значэнне?

— Я не ведаю, я вам расказваю, як было. Я была самым дарослым кандыдатам, я была самым багатым кандыдатам, я праводзіла самую яркую кампанію на акрузе, я прадстаўнік апазіцыйных палітычных сілаў.

— Калі б былі свабодныя і справядлівыя выбары, то так, можна было б казаць пра тое, што сапраўды для выбаршчыкаў гэта важна.

— Ведаеце, калі б адбылася такая сітуацыя, пра якую вы кажаце, у мяне былі б тыя ж 60-70%. І мае калегі-дэпутаты не маглі б мне казаць: «Ганна, вось у нас, паглядзіце, 60-70% па выніках выбараў, а ў вас — толькі 25%».

— У вас ёсць адказ на пытанне: чаму Адміністрацыя прэзідэнта абрала вас?

— (Смяецца.) Я ж толькі што вам на яго адказала! Не?

— Вы лічыце, што для іх былі гэтыя крытэрыі важныя?

— Я лічу, што сукупнасць усіх фактараў. Я думаю, што адказаць на гэта пытанне вам зможа адзін чалавек, максімум — два. Дакладна. Я выказала вам свае здагадкі. Глядзіце, усё, што патрабавалася для Еўропы: жанчына, апазіцыйная, не дурная.

Пра дзяцей за мяжой (02:16

— На момант выбараў 2016 года, калі не памыляюся, вы жылі стала ў Германіі?

— Не.

— Вы жылі ў Беларусі?

— У мяне дзеці проста вучыліся ў Германіі, і я часта ў іх была.

— Як гэта тэхнічна адбывалася: яны жылі самастойна, без вас?

— Так, яны вучыліся ў гімназіі, жылі там.

— З кім яны жылі?

— У інтэрнаце.

— Гэта быў ваш свядомы выбар — аддаць дзяцей вучыцца за мяжу?

— Не, гэта былі вымушаныя абставіны пасля выбараў 2014 года, калі я была арыштаваная, трапіла ў ІЧУ, у мяне тады пачаліся невялікія праблемы з падатковай, са Следчым камітэтам. Гэта быў усвядомлены выбар, што для бяспекі будзе больш правільна, каб дзеці з’ехалі.

(Рэд: У сакавіку 2014 года затрымалі ўсіх удзельнікаў пікета АГП у падтрымку палітвязняў і бясследна зніклых і адвезлі ва УУС Савецкага раёна. Праз тры гадзіны некаторых адпусцілі, склаўшы адміністрацыйныя пратаколы, у тым ліку Ганну Канапацкую)

— Пасля таго, як вы сталі дэпутатам, яны вярнуліся ў Беларусь. Як яны прынялі такое ваша рашэнне (напэўна, усё ж ваша рашэнне)?

— Маё рашэнне было балатавацца. Так, я забыла сказаць, што гэта была мая трэцяя кампанія. Бо я ўдзельнічала ў кампаніі 2012 года, парламенцкай, я ўдзельнічала ў кампаніі 2014 года (гэта былі мясцовыя выбары), ну і 2016 год.

Ну вось яны вярнуліся — гэта быў іх выбар, бо ў мяне дарослыя дзеці. Сын застаўся вучыцца ў БДУ, а дачка не — дачка не прыняла беларускую адукацыю.

— Яе не задавальняла толькі адукацыя альбо ў прынцыпе пасля некалькіх год жыцця ў Германіі ёй было складана?

— Ёй было складана ўсё. Тое, да чаго прывык сярэднестатыстычны беларускі школьнік або студэнт, ёй было не зразумела. Ёй не было зразумела, чаму хімія вывучаецца на пальцах без выкарыстання рэактываў (яна ў мяне пытаецца: «Мама, я хачу зразумець, чаму лакмусавая папера мяняе колер»), ёй не было зразумела, чаму яна павінна перад усім класам чырванець, калі настаўнік яе лае ці кажа пра яе не вельмі добрую адзнаку. Яна шчыра не разумела, чаму яна, дзяўчынка, павінна цягаць у школу макулатуру. І ў прынцыпе, у Германіі акрамя абавязковых прадметаў (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, мова) яна вывучала больш высокія прадметы, напрыклад тэатральнае мастацтва, тэорыя мастацтва, фатаграфія. У Беларусі такой ВНУ якаснай у дадзены момант няма.

— Чаму вы адправілі дзяцей у Германію, а не ў суседнюю Польшчу, напрыклад?

— Была магчымасць. І Германія па ўзроўні жыцця, па ўзроўні адукацыі знаходзіцца вышэй, чым Польшча — хай не крыўдуюць мае польскія сябры, але я так лічу.

— Я згадваю ваш перадвыбарчы ролік, дзе вы кажаце, звяртаючыся да выбарцаў, што «вось набліжаецца навучальны год, мне, як і вам, адпраўляць дзяцей у школу, мне, як і вам, скідвацца на нейкія там рамонты класаў…». Гэта трошкі цынічна, выходзіць, з вашага боку? Бо вашы дзеці на той момант не вучыліся ў беларускай школе.

— Не, яны акурат вучыліся восем год у беларускай школе. Я разумела, што, на жаль, у сённяшняй беларускай сістэме адукацыі не змянілася нічога. Мала таго, што нічога не змянілася, не стала лепш, а стала горш. Я доўгі час была старшынёй бацькоўскага камітэта, шмат сіл і энергіі марнавала на тое, каб абараніць класнага кіраўніка ад таго, каб яе не каралі за тое, што дзеці не здаюць грошы на падпіску, каб яны там не елі, калі яны гэтага не хочуць.

Пра бацьку — аднаго з першых даляравых мільянераў Беларусі (06:24)

Бацька Канапацкай Анатоль Трухановіч адкрыў у 1988 ферму норак і пясцоў. Неўзабаве стаў першым даляравым мільянерам Беларусі. Цяпер валодае хлебазаводам і птушкафабрыкамі. Фота facebook.com/anna.kanopatskaya.

— Я хачу вярнуцца яшчэ да аднаго з вашых інтэрв’ю да выбараў. Глеб Лабадзенка задаваў пытанне пра вашу сям’ю. Вы сказалі, што вы з такой вельмі простай інтэлігентнай сям’і, што ваш бацька доўгі час працаваў у інстытуце, вельмі просты чалавек. Але насамрэч ваш бацька — адзін з першых даляравых мільянераў у Беларусі. Наколькі я разумею, гэта не вельмі простая сям’я.

— Ну чаму?

— Наколькі я разумею, першы мільён ён зарабіў яшчэ ў 1990-я, вы былі падлеткам, вам было дзесьці 14—15. Можаце прыгадаць вашы 90-я, 90-я для Ганны Канапацкай, якімі яны былі?

— Мае 90-я былі выдатнымі, бо ў 1993 годзе я была студэнткай юрыдычнага факультэта, і гэта быў разгул дэмакратыі, вальнадумства. Мабыць, адтуль у мяне гэтая ідэя таго, што павінна быць дэмакратыя, павінны быць правы чалавека, павінна быць свабода слова. Бо мы, будучы студэнтамі юрфака, спрачаліся з выкладчыкамі, з прафесарамі з нагоды таго, як мусіць быць. Напярэдадні рэферэндуму наконт унясення зменаў у Канстытуцыю я абараніла даклад на студэнцкай канферэнцыі наконт таго, што змены ў Канстытуцыі могуць прывесці да дысбалансу падзелу ўлады, перакосу паўнамоцтваў улады ў адзін з бакоў — прэзідэнта (што насамрэч цяпер і атрымалася), ажно да аўтарытарызму. Таму ў мяне разумення таго, што бацька — мільянер, не было. У мяне былі лёгкія студэнцкія гады, тады яшчэ можна было, напрыклад, з’ездзіць у будатрад у Крым — нейкія такія прыемныя ўспаміны.

— Для вас у эканамічным сэнсе 1990-я былі якія часы? Гэта быў галодны час, калі людзі зараблялі па 30 даляраў зарплату. У вас было мажорнае юнацтва, маладосць?

— Я магу сказаць, што я ўжо ў 1994 годзе ўладкавалася на працу, тады ж былі модныя розныя сумесныя прадпрыемствы. Па-першае, у мяне была павышаная стыпендыя — яна была 10 тысяч рублёў. Па-другое, у мяне заробак быў 53 нямецкія маркі.

— Перавядзіце для тых, хто нарадзіўся ў 1990-я. Колькі гэта?

— 53 нямецкія маркі — гэта, напэўна, недзе прыкладна тыя ж 30—35 даляраў. 10 тысяч — каля 5—7 даляраў. Я, як студэнтка, сама сабе зарабляла грошы.

— Чаму вы не пайшлі да таты працаваць? Так жа прасцей.

— Не, я лічу, што мне было прасцей пайсці працаваць.

— Наколькі ваш бацька быў блізкі да наменклатуры, да палітычных элітаў?

— Абсалютна ніяк. Я паўтаруся, што ён быў загадчыкам лабараторыі вылічальнай тэхнікі, цяпер гэта Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт, тады гэта быў проста Беларускі тэхналагічны інстытут.

— Міхаіл Мясніковіч у кулуарах праз вас перадае прывітанне вашаму бацьку. Гэта кажа пра тое, што ён быў звязаны…

— Гэта кажа пра тое, што мой бацька быў вельмі паважаным чалавекам у Беларусі, і нават такія людзі, як Мясніковіч, перадаюць яму прывітанне. Бо яны цэняць і паважаюць тое, што ён зрабіў учора для краіны і працягвае гэта рабіць сёння.

— Вы ніколі не казалі пра свайго мужа, вы ў разводзе. Гэта пытанне прынцыповае?

— Больш за 10 год. Так, гэты чалавек быў пэўны перыяд у жыцці, ён бацька маіх дзяцей. Але апошнім часам…

— Вы можаце расказаць, чым ён займаўся?

— Бізнэсам.

Пра ўласны бізнэс і даходы (10:19)

— Вы ішлі на выбары з даходам — папраўце, калі я памыляюся, — 100 тысяч даляраў.

— Больш.

— Такі салідны даход, асабліва калі параўноўваць з іншымі кандыдатамі. Вы былі дырэктарам юрыдычнай кампаніі «Грын грэй».

— «Грын рэй» — зялёны прамень у цёмным царстве беларускага заканадаўства.

— Але я нічога не знайшла ў інтэрнэце пра гэтую кампанію, у яе сайта нават няма. Раскажыце, што гэта за бізнэс.

— Цяпер кампанія проста прыпыніла сваю дзейнасць, бо я не маю права займацца…

— Вы не маеце права займацца бізнэсам.

— Так-так. Гэта была даволі вядомая кампанія, якая займалася абслугоўваннем юрыдычных асоб, займалася тым, што абслугоўвала інвестыцыйныя дамовы ў Беларусі.

(Рэд: Па законе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не маюць права займацца бізнэсам)

— І вы разагналі ўсю кампанію, адпусцілі на вуліцу людзей?

— Я не разагнала кампанію, бо сказала: «Хлопцы і дзяўчаты, калі вы хочаце, працягвайце працаваць», — але яны не справіліся.

— Вам не было каму перадаць?

— Ведаеце што, юрыст — гэта такая праца, якая нават як доктар, бо ёсць людзі, якія раскажуць нешта табе, але не раскажуць іншаму. Мне не шкада, напрыклад, калі вы хочаце пра гэта спытаць. Я ведаю, што калі заўтра мне трэба будзе працаваць і зарабляць, я змагу гэта зрабіць.

— Я думаю пра тое, што ў вас быў нармальны даход…

— У мяне быў добры даход.

— Цяпер у вас заробак на ўзроўні 1000 даляраў — гэта непараўнальна з тым, што вы мелі раней. Навошта гэта вам? Гэта проста эканамічна не выгадна.

— Паслухайце, не ўсё ж у свеце вымяраецца грашыма, як бы банальна гэта ні гучала. Займаючыся бізнэсам, сутыкаючыся з тымі праблемамі, якія стаяць перад бізнэсам, я цяпер спрабую памяняць гэтую сітуацыю. Вяртаемся да таго, што, напрыклад, на ўзгадненні прэм’ер-міністра, якое было 5 кастрычніка, слова «лібералізацыя» прагучала не з вуснаў прэм’ера, не з вуснаў асоб, якія яго прадстаўлялі, яно прагучала з маіх вуснаў. Бо сёння ў Беларусі, ні ў Палаце прадстаўнікоў, ні ў Савеце міністраў няма людзей, якія б рэальна сутыкаліся з тымі праблемамі, з якімі сутыкаецца сёння прыватны беларускі бізнэс. Яны, можа быць, не ацэньваюць тых праблем, якія перашкаджаюць прыходзіць інвестыцыям. 

Пра канфлікт з Лябедзькам і АГП (12:51)

— Што ў вас з Лябедзькам?

— Нічога (смяецца).

— Вы калісьці былі паплечнікамі, вы вельмі станоўча пра яго адгукаліся. Напярэдадні выбараў Лабадзенка ў вас пытаўся, што, маўляў, Лябедзька засядзеўся, Лябедзька кажа, што Лукашэнка даўно ва ўладзе, а сам амаль той жа перыяд узначальвае партыю. На што вы сказалі: не, нічога дрэннага ў гэтым няма, усё выдатна, так і павінна быць, яго сапраўды выбіраюць. Я яшчэ памятаю, калі вы — з паламанай нагой! — у Маладзечна ездзілі яго вызваляць у міліцыю… А пасля якая котка — чорна ці якая — прабегла паміж вамі?

Фота Дзяніса Садоўскага.

— Я думаю, што гэтае пытанне правільней было б адрасаваць Анатолю, спытаць, аб якую чорную котку ён спатыкнуўся, калі вырашыў сапсаваць адносіны са мной. Пры гэтым я ўсё роўна лічу, што пры свабодных і чэсных выбарах кожны кіраўнік можа знаходзіцца ва ўладзе любую колькасць часу, напрыклад, як Ангела Меркель, або партыйны лідар можна знаходзіцца ва ўладзе столькі, колькі яго падтрымліваюць, яго выбіраюць. З іншага боку, калі адбываецца нейкая кулуарная барацьба, або калі, як адбываецца ў нашай краіне, як адбылося ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, калі кіраўнік не бачыць ці не хоча бачыць тых праблем, якія існуюць унутры. Аляксандр Рыгоравіч не бачыць тых праблем, якія існуюць сёння ўнутры Беларусі і не спрабуе іх рэальна вырашаць, і ні Палата прадстаўнікоў…

— Якія праблемы не бачыць Лябедзька?

— Асноўная ідэя Аб’яднанай грамадзянскай партыі — свабодныя, сумленныя выбары. Яны кажуць пра гэта з высокіх трыбун як аб высокай матэрыі, але ніхто не можа любому чалавеку патлумачыць, чаму свабодныя, чэсныя выбары важныя дзядзі Васі ў двары, Марыі Іванаўне — пенсіянерцы. Няма гэтай звязкі. І партыя не працуе з людзьмі, каб гэта тлумачыць.

— А мне здаецца, што праблема ў іншым. Праблема ў тым, што Ганна Канапацкая была паслухмяным, ручным у нейкім сэнсе дэпутатам, а пасля адчула веру, упэўненасць у сабе і пачала рабіць тое, што яна лічыць патрэбным. І гэта ў пэўны момант не спадабалася Лябедзьку і частцы яго прыхільнікаў.

— Гэта таксама можа быць, мець месца, мець рацыю, як мы кажам на беларускай мове, безумоўна, бо дазволіла сабе сказаць: паважаныя спадары-аднапартыйцы, час лозунгаў прайшоў, патрэбная рэальная праца.

— Калі вы партыйны кандыдат, вы павінны выконваць тое, што вам кажа партыя.

— Вы ведаеце, партыя мне, мабыць, год ужо нічога не кажа: партыя па рашэнні палітрады спыніла са мной дачыненні.

— Але да гэтага?

— У нас жа мажарытарная сістэма, мяне выбіралі не па партыйных спісах.

— Я разумею, але вы ішлі на выбары як кандыдат ад АГП, вы казалі, што «за мной стаіць вялікая каманда, за мной стаіць вялікая апазіцыйная партыя».

— Даша, я таксама так думала. Калі б вы мяне спыталі, якое маё самае вялікае расчараванне за два гады працы дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, я б сказала, што ніколі б не падумала, што ўласная партыя, пра якую я была высокага меркавання, уставіць мне нож у спіну.

Пра грамадзянскую кампанію «Наперад, Беларусь!» (16:21)

— Што такое «Наперад, Беларусь»?

— Гэта грамадзянская кампанія, закліканая аб’яднаць тых людзей, якія па той ці іншай прычыне не хочуць быць ангажаваныя ў палітыку, але хочуць браць удзел у рашэнні нейкіх мясцовых лакальных праблем.

— Хто стаіць за гэтым рухам?

— У сэнсе?

— Хто стаіць за гэтым рухам?

— Я была ініцыятарам яго стварэння, а цяпер ім кіруе мой памочнік.

— Я хачу спытаць пра вашага памочніка, вельмі актыўнага ў фэйсбуку. Такога чалавека-ноўнэйма, невядома адкуль ён узяўся, — Дзяніс Ціханенка. Хто гэта?

— Гэта мой былы аднапартыец. Ён быў членам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, мы разам з ім працавалі на выбарчай кампаніі, яго мне параіў Анатоль Лябедзька. Ён па адукацыі палітолаг. Але калі вы ўважліва сочыце за маёй працай, вы ведаеце, што ў мяне ёсць яшчэ памочнік ад руху «За свабоду» — гэта Віктар Янчарэвіч, і ёсць памочнік ад Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў — Вольга Кавалькова.

Дзянісу Ціханенку 44 гады. Скончыў ЕГУ. Мае кансалтынгавы бізнэс за мяжой. У 2011 годзе з’ехаў з жонкай і дачкой у Італію, сям’я ў Беларусь не вярнулася. Пасля выхаду з АГП стаў кіраўніком грамадзянскай кампаніі «Наперад, Беларусь!», якую ініцыявала Канапацкая. Фота facebook.com/denis.tikhonenko.

Пра бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны сцягі (17:53)

Фота Tut.by.

— У вас калісьці на лацкане пінжака быў бел-чырвона-белы сцяг, пасля вы дадалі чырвона-зялёны значок, пасля вы знялі бел-чырвона-белы. Вас так гайдала.

— Не, мяне не гайдала, я прыйшла на першую сесію парламента з бел-чырвона-белым значком, я ўвесь час яго насіла, да той пары, пакуль не зразумела, што насіць яго — гэтага не дастаткова для таго, каб паказваць павагу да гісторыі Беларусі, трэба зрабіць нешта большае.

— А чырвона-зялёны навошта зверху з’явіўся?

— Ён не з’явіўся зверху. У той дзень, калі нам яго выдалі, я проста зрабіла фатаграфію. Калі вы будзеце вельмі ўважліва глядзець, вы нідзе больш яго не ўбачыце.

— Навошта вы яго надзелі?

— Проста каб зрабіць фатаграфію на памяць. Я цаню і паважаю гісторыю Беларусі. Можа быць, праз 20, 30 ці 50 год чырвона-зялёны значок будзе гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

— Вы паважаеце нелегітымны рэферэндум, калі быў прыняты гэты сцяг?

— Ні ў якім разе.

— Тады што вы паважаеце?

— Я паважаю гісторыю, я лічу, што бел-чырвона-белы сцяг — гэта частка нашай гісторыі, гэта наш сімвал, таму я цяпер хачу, каб ён быў узаконены. Я цалкам дапускаю думку, што праз 20, 30 год чырвона-зялёны значок, які быў таксама часткай савецкай гісторыі, можа стаць каштоўнасцю.

— Камуністы стануць апазіцыяй і будуць выходзіць з чырвона-зялёнымі сцягамі. У вашым кабінеце ёсць партрэт Лукашэнкі?

— Не.

— Вы яго знялі.

— Мабыць, у першы ж дзень, так.

— Чаму вы гэта зрабілі?

— Бо ў беларускай Канстытуцыі прадугледжаны прынцып падзелу ўладаў.

— Анісім не здымала.

— Гэта яе рашэнне.

— Яна павесіла проста пад партрэтам нейкае заклінанне пра беларускую мову, каб такім чынам дагрукацца да Лукашэнкі. Вы не хацелі там пра лібералізм што-небудзь павесіць, каб Лукашэнка пачуў вас?

Фота «Еўрарадыё».

— Я не думаю (смяецца), што Лукашэнка зойдзе да мяне ў кабінет. Але я лічу, што прынцып падзелу ўладаў якраз праяўляецца ў тым, што прэзідэнт займаецца сваёй работай, Палата прадстаўнікоў — сваёй работай. У Лукашэнкі ж у кабінеце не вісіць партрэт Андрэйчанкі. 

— У яго толькі, напэўна, Лукашэнка-малодшы. Я хацела спытаць: быў такі эпізод, калі Лукашэнка падышоў да вас, ён быў у парламенце.

— У Палаце прадстаўнікоў.

— Я ведаю, вы не любіце, калі Палату прадстаўнікоў называюць парламентам. Лукашэнка да вас падышоў у перапынку і спытаў нешта пра рамонт. Гэта што ўвогуле за ўзровень такі? Вы сур’ёзны дэпутат, а да вас падыходзіць прэзідэнт, каб спытаць штосьці пра рамонт. Вас гэта не абразіла?

— Мяне гэта ніякім чынам не абразіла. Я палічыла, што гэта акурат добры момант для пачатку размовы пра тое, што сапраўды важна.

— І што важна?

— Я лічу, што сёння сапраўды важная незалежнасць Беларусі. Я лічу, што сапраўды сёння важна зрабіць Беларусь паўнапраўным партнёрам Еўрапейскага саюза. І рамонт — гэта была толькі нагода, усе астатнія 7—10 хвілін, якія мы гаварылі, мы гаварылі акурат пра злабадзённыя рэчы. Мы гаварылі пра тое, што ў Беларусі няма незалежнага парламента. Я расказала Аляксандру Рыгоравічу, што мяне, дэпутата Палаты прадстаўнікоў, нашмат больш абражае тое, што я мушу прасіць дазвол на паездку ў нейкага клерка ў Адміністрацыі прэзідэнта. Пра якую незалежнасць дэпутата можа ісці гаворка? 

— І што адказаў Лукашэнка?

— Ну, ён сказаў, маўляў: «Ганна, калі вы ездзіце за мяжу, пра што вы размаўляеце?» Я кажу: «Пра тое, пра што мусіць казаць любы дэпутат: пра незалежнасць Беларусі, пра тое, якія праблемы існуюць у Беларусі, пра тое, як іх трэба вырашаць». Я сказала: «Аляксандр Рыгоравіч, нават калі мы знаходзімся па розныя бакі барыкад, я вельмі спадзяюся, што мэты ў нас адныя: незалежная Беларусь у Еўрапейскім саюзе».

— І што ён на гэта адказаў?

— Ён сказаў: «Трэба працаваць».

Пра ўзаемаадносіны з дэпутатамі (22:13)

— А якія ў вас узаемаадносіны з дэпутатамі? Вось было галасаванне па Румасе, так. Вы былі адзіная, хто прагаласаваў супраць. І звычайна, калі любое штосьці прымаецца і адзін супраць, тут нават няма інтрыгі — гэта, вядома, будзе Канапацкая.

— Вы не маеце рацыі. Было пару законапраектаў, за якія я галасавала за, а нехта галасаваў супраць.

— Але ў цэлым пра ўзаемаадносіны з дэпутатамі: ёсць там у вас паплечнікі, сябры? Вы ж там перасякаецеся ў сталовай.

— Ведаеце, канечне, такога яўнага непрымання мяне, якое было ў пачатку работы ў Палаце прадстаўнікоў, няма. Калі ў верасні-кастрычніку 2016 года, калі я накіравала ўсім дэпутатам свой палітычны маніфест — тыя мэты і задачы, да якіх я імкнуся, працуючы ў Палаце прадстаўнікоў, будучы дэпутатам, гэта выклікала, канечне, вельмі негатыўную рэакцыю. Даходзіла да таго, што людзі са мной не віталіся ці нават пераходзілі на іншы бок, калі бачылі мяне. Яны настолькі свята вераць у тое, што парламент не месца для палітычных дыскусій, што вельмі паказальны факт. Я стамілася бальшыні сваіх калег-дэпутатаў даказваць, што дэпутат — гэта не дзяржаўны служачы і ні ў якім разе не чыноўнік. А для іх, калі яны атрымліваюць зарплату ад Адміністрацыі прэзідэнта і ў іх ёсць клас дзяржслужачага, значыць, вось «яны чыноўнікі, дзяржаўныя служачыя». «Не, калегі, вы не маеце рацыі, вы служыце як мінімум 60 тысячам людзей, якія маглі б за вас прагаласаваць».

— Вы разумееце, што вы іх раздражняеце? Яны хочуць спакойна адсядзець свае пяць год, атрымаць пасля пенсію, але ёсць Канапацкая, якая паўсюль ходзіць, ёй усё не падабаецца, то ў Канстытуцыйны суд, то ў Генпракуратуру нешта заяўляе. Ім таксама трэба нейкім чынам на гэта рэагаваць, нешта там заяўляць. Яны хочуць проста спакойна пасядзець пяць гадоў.

— Паслухайце, але ў нас ужо было пяць скліканняў, якія проста сядзелі. Азірніцеся вакол і вы зразумееце, да чаго гэта прывяло, калі ты проста сядзіш і нічога не робіш. Прычым яшчэ раз паўтараю: я ж не проста крытыкую, я прапаную рэальныя механізмы вырашэння той ці іншай праблемы.

— А што вас па-чалавечы найбольш здзівіла ў парламенце?

— Калі я першы раз пісала ліст прэзідэнту і прынесла яго ў сакратарыят (у нас існуе сістэма, што дэпутат піша лісты, сакратарыят іх адпраўляе). Я прынесла ліст у адкрытым выглядзе, на бланку дэпутата ў правым куце па справаводстве напісана: «прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Рыгоравічу» — і мой зварот з нагоды трэцяга дэкрэта. Сакратарыят так здзівіўся! (Смяецца.) У мяне склалася ўражанне, што дэпутаты не пішуць лістоў прэзідэнту. Яна кажа: «Прэзідэнту?» Я кажу: «Так!» — «Самому-самому?» Я кажу: «Так!»

— Самому!

— Разумееце, гэта адказ на ваша пытанне?

— Вас гэта здзівіла?

— Так, гэта, мабыць, мяне здзівіла. Ну прэзідэнту, і што? Што ў гэтым такога?

— Як шмат падхалімажу нейкага ў парламенце?

— З майго боку гэтага няма.

— З вашага так. Але вось прыходзіць прэзідэнт у Авальную залу — дрыжаць? Як гэта адбываецца?

— Другое здзіўленне наконт прэзідэнта. У Авальнай зале дастаткова холадна, і ў нас першая сустрэча з прэзідэнтам у 2016 годзе была, калі ён збіраў 5-е і 6-е скліканні разам. Я вельмі тады замерзла, таму калі ён у красавіку прыйшоў з пасланнем, я падумала: не, я не хачу мерзнуць, у мяне ёсць тэрмакубак, я налью туды гарбаты і буду, калі мне будзе халаднавата, яе папіваць. Гэта быў такі шокавы стан ва ўсіх (смяецца)! 

— «Як можна!»

— З кубкам!

— Да прэзідэнта!

— Ну а як? Я сябе паважаю, так, мне не камфортна, таму я спрабую для сябе зрабіць камфорт.

— Інтрыга: вы змаглі пранесці гэты кубак?

— Так! Я прынесла гэты кубак, нават, па-мойму, Зміцер Лукашук яго сфатаграфаваў. Але страшна было глядзець на навакольных, калі я падносіла гэты кубак да рота. Я п’ю, я разумею, што сядзяць людзі, якія, мабыць, хацелі зрабіць тое самае — ну?

Пра фемінізм (26:58)

— Хачу ў вас спытаць пра фемінізм. У адным з інтэрв’ю вы сказалі: «Я, канешне, не феміністка». Дазволю сабе, вы працытавалі свайго сына, які сказаў: «Мама, ты такая прыгожая, нашто табе ехаць да гэтых феміністак?» Гэта хто яго так выхаваў?

— (Смяецца.) Вы ведаеце, насамрэч, я таксама хацела нагадаць гэтую фразу. Я не магу сказаць, што фемінізм — гэта добра ці дрэнна. Я не прыхільнік фемінізму, бо я, мабыць, выхадзец з той, савецкай, сістэмы. Мне падабаецца, калі мужчына мне падае паліто. Не таму, што я не магу гэтага зрабіць сама, а таму, што мне сапраўды так зручней. Праўда! Мне самой апранаць паліто — нязручна. Можа, зноў-такі, гэта аналогія з тым кубкам, які я прынесла на сустрэчу на пасланні прэзідэнта. Разумееце, мне так зручна! Калі мне не зручна, каб мне адчынялі дзверы аўтамабіля, я адчыню іх сама. Мне думаецца, што фемінізм — гэта якраз-такі рабіць тое, што табе самой падабаецца. Я, хутчэй, не за гендарную роўнасць, а за роўнасць магчымасцяў і правоў.

— Гендарная роўнасць — гэта і ёсць роўнасць магчымасцяў, якое супярэчанне?

— Ніякага.

— Дык чым так страшны фемінізм?

— А хто вам сказаў, што ён страшны?

— Вы так сказалі: «Я, канечне, не феміністка!» — у адным з інтэрв’ю. «Не дай бог, не падумайце».

— Якраз таму, што сёння ў беларускім грамадстве склаўся негатыўны вобраз феміністак, а я якраз-такі прыхільнік роўных магчымасцяў.

Пра заявы Лукашэнкі (28:47)

— Лукашэнка пахваліўся, як ён біў свайго старэйшага сына, сказаў пра тое, што закон супраць хатняга гвалту нам не патрэбны, што гэта ўсё прыдумкі Захаду, не для нас. Што вы думаеце на гэты конт?

— Я шкадую толькі, што гэтая заява можа на некалькі год адкінуць тую работу, якую вяла і грамадзянская супольнасць, і Міністэрства ўнутраных спраў, бо гэты закон рэальна патрэбны ў Беларусі. І калі Аляксандр Рыгоравіч біў свайго сына, то я думаю, яму трэба гэтым не хваліцца, а папрасіць у сына прабачэння. Я маці дваіх дзяцей, я магу сказаць, што, можа быць, таксама недзе там дазволіла сабе адказаць тым, што ляпнула дзіця па азадку, але я не ганаруся гэтым. Так, гэта не прыкмета хатняга гвалту, бо ў мяне цяпер выдатныя адносіны з дзецьмі. Але я лічу, што сёння ў Беларусі гэтая з’ява існуе, і прыйшоў час яе вырашаць і вырашаць кардынальным чынам. Бо сямейны гвалт — гэта не толькі калі ты б’еш сваё дзіця. Гэта тады, калі муж падымае руку на жонку, або тады, калі яна сядзіць у залатой клетцы, можа быць, сама не разумее, як ёй цяжка.

— У вас няма сітуацыі адчаю ад таго, што ўсе вашы спробы — гэта, не ведаю, можа нават і не кропля ў моры. Я растлумачу. Мясцовыя мінскія ўлады прымаюць рашэнне пра тое, што трэба забараніць продаж алкаголю ў начны час. На наступны дзень Лукашэнка кажа: «Дазволіць!» — і ўсё, аграмадны апарат людзей, якія кожны дзень ходзяць на працу, спрабуюць сказаць «ну трэба» — проста нуль, нуль.

— Разумееце, калі самі мінскія ўлады дазваляюць з сабой так абыходзіцца…

— А іншых там няма, яны ўсе прызначаныя.

— Дар’я, дык у гэтым і праблема, што вось я магу сабе дазволіць прыйсці ў Палату прадстаўнікоў з уласным меркаваннем, бо я ведаю і ўмею зарабляць грошы.

— Вы такая адна, Ганна! Вы прыходзіце самарэалізавацца. Выдатна, вы самарэалізаваліся, паказалі, што «я супраць» — крута, вас падтрымалі, вам паставілі лайк.

— Я не прыйшла паказаць, што я такая крутая, супраць, я прыйшла паказаць, што ёсць іншыя спосабы рашэння гэтай праблемы.

— І?

— Для таго, каб рашыць праблему, яе трэба, па-першае, абазначыць. Калі я чую з трыбуны, што ў нас усё добра, я разумею, што калі не абазначу гэтай праблемы, яны не будуць ведаць. Зноў-такі — вядомы трэці дэкрэт. Калі б я не напісала прэзідэнту патрабаванне адмены гэтага дэкрэта, ён бы дзейнічаў да гэтага часу. І вы кажаце, што мае высілкі марныя? Не, я так не лічу.

— Я думаю, што тут больш паўплывала рэакцыя людзей і тое, што людзі выйшлі на вуліцы. Улада спужалася.

— Канечне, так. Але чаму людзі выйшлі на вуліцу?

— Бо гэта абсалютна дэбільны закон.

— Правільна. Ёсць гэты ланцужок. Яны ж не выйшлі ў 2015 годзе, калі ўсе 110 дэпутатаў прагаласавалі за.

— Яны выйшлі, калі атрымалі «лісты шчасця», зразумелі, што гэта рэальна.

— «Лісты шчасця» атрымалі ў 2016 годзе.

— І пасля гэтага людзі сталі выходзіць, калі яны зразумелі, што гэта рэальная пагроза, калі зразумелі, што давядзецца плаціць з таго, што ім няма чаго плаціць.

— А я лічу, што ў тым ліку падыманне гэтай праблемы ў сродках масавай інфармацыі таксама падштурхнула людзей да таго, каб вырашалася гэтая праблема. Калі б людзі або ўлады думалі, што ўсё добра… Бо 50 тысяч чалавек заплацілі гэты збор! Таму што ім так было прасцей, зручней. А цяпер нешта ўсё ж мяняецца. Так, не так хутка, не так добра, як нам бы хацелася. Але я яшчэ раз паўтаруся: я не чараўнік, я не магу па пстрычцы ўсё памяняць. Але гэта трэба рабіць. Гэта трэба было рабіць учора. І па ідэі, людзі павінны былі выйсці на вуліцу ў 2015 годзе і сказаць «не». Яны павінны былі прыйсці да кожнага са сваіх дэпутатаў і сказаць: што ты робіш? Мы вяртаемся зноў да таго, што ў нас людзям усё роўна. Пакуль іх певень за адно месца не дзеўбане, яны будуць сядзець і думаць: а можа, так і трэба?

— Вы адчуваеце, што вы нейкім чынам разгайдалі парламент? Што дэпутаты праз вашу актыўнасць таксама вымушаныя нешта рабіць, несці нейкую адказнасць, размаўляць з людзьмі?

— Я ведаю пра гэта, бо прыходзяць дэпутаты і кажуць мне: «Вось, Ганна, калі б вы маўчалі, нам не прыйшлося б за гэта адказваць». Калі да мяне прыходзіць зварот не з маёй акругі, я бяру гэты зварот, іду да дэпутата.

— І што ён вам кажа?

— Вы ведаеце, вельмі часта ён кажа: «Вам напісалі — вы і адказвайце». Я кажу: «Не, гэта ваш выбаршчык. Таму або мы адказваем усе разам, пішам у пракуратуру, выканкам і рашаем гэтую праблему (я не магу адна быць харошая за ўсіх вас), давайце разам працаваць».

— А як дэпутаты адрэагавалі на тое, што вы апублічылі заробак? Вы расказалі пра свой заробак, гэта значыць, усе даведаліся пра заробак астатніх. Якая ў іх была рэакцыя?

— «Навошта? Людзі і так лічаць, што мы шмат зарабляем».

— Гэта не так?

— Я ў даходах страціла, мы гэта з вамі таксама ўжо абмяркоўвалі. Але ў тым і пытанне, што мне ёсць што расказаць, за што я атрымліваю заработную плату.

— І што вы сказалі дэпутатам? Навошта вы гэта паказалі?

— Я так і сказала: я даю справаздачу перад тымі, хто мне плаціць заробак. Правільна? Мне ж не дэпутат плаціць зарплату і не Адміністрацыя прэзідэнта.

— А наколькі ўвогуле дэпутаты блізкія да народа? Наколькі гэта простыя людзі? Альбо гэта людзі, якія ездзяць бізнэс-класам, на дарагіх машынах? Або не, гэта рэальна людзі ад народа?

— Не ведаю, пра гэта трэба спытаць у людзей, як яны адчуваюць.

— Вы ж адчуваеце, бачыце, якія ў іх тэлефоны. Напэўна, абмяркоўваеце, дзе яны адпачываюць, вы бачыце, на якіх машынах яны прыязджаюць.

— Я, шчыра сказаць, на гэта не звяртаю ўвагі, праўда. Я ведаю, на чым езджу я.

— На чым ездзіце вы?

— На аўтамабілі.

— Якім?

— «Міцубішы Аўтлендэр», куплены ў 2011 годзе.

Фота mitsubishi-motors.ru.

— Чаму я пытаю. У Расіі, напрыклад, вы, напэўна, ведаеце, каласальны разрыў паміж дэпутатамі Дзярждумы, іх ладам жыцця, іх заробкамі і простымі людзьмі. У Беларусі тая ж сітуацыя?

— Ведаеце што, Дар’я, я магу сказаць, што я ў прынцыпе не вельмі ўпісваюся ў агульную канву дэпутатаў беларускай Палаты прадстаўнікоў, бо, па-першае, я па ўзросце нашмат маладзейшая за многіх з іх, так? А па-другое, у мяне іншае мысленне: для мяне нармальна сесці ў пятніцу ў самалёт, злятаць на выхадныя адпачыць і вярнуцца ў панядзелак. Для мяне гэта нармальна, я на гэта зарабляла, магу гэта сабе дазволіць. Для іх у прынцыпе паездка за мяжу — гэта як свята, як падзея, як заахвочванне. Таму калі мяне часта запрашаюць у розныя замежныя паездкі, па працэдуры я павінна пытацца дазволу, я пішу гэты дазвол, мне кажуць: «Ганна, як гэта — вы паедзеце, а іншым неяк крыўдна, зайздросна». Я кажу: «У чым праблема?» У чым праблема для чалавека нават з заробкам 2000 рублёў куды-небудзь з’ездзіць, у той жа Страсбург або Брусель?

— Вы казалі пра тое, што адпачываць трэба якасна. Раскажыце, дзе вы адпачываеце?

— Да таго, як я стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, гэта было нашмат прасцей зрабіць, было больш вольнага часу, я сама яго планавала. Мне падабаецца актыўны адпачынак, я катаюся на горных лыжах, я ныраю з аквалангам, мне вельмі спадабалася скакаць з парашутам (з парашутам я скачу ў Беларусі, канечне), на лыжах я катаюся за мяжой. Цяпер я крыху больш стала стамляцца на працы, таму, напрыклад, сёлета я проста дазволіла сабе з’ехаць на тыдзень на мора, выключыць мабільныя тэлефоны, гуляць у пляжны валейбол, купацца ў моры.

Пра Акадэмію кіравання (38:14)

— Вы пайшлі цяпер вучыцца ў Акадэмію кіравання. Навошта? Гэта акадэмія, куды ідуць вучыцца чыноўнікі, каб падняцца вышэй па кар’ернай лесвіцы. Ёсць Акадэмія кіравання — можаш падняцца, няма Акадэміі кіравання — пасядзі, падумай. Вы для чаго пайшлі?

— Я не чыноўнік. Я пайшла ў Акадэмію кіравання для таго, каб атрымаць новыя веды па эканоміцы, бо ў мяне ёсць юрыдычная адукацыя, у мяне ёсць міжнародная эканамічная адукацыя, а беларускай эканамічнай адукацыі няма, я сапраўды хацела зразумець, як усё ж такі функцыянуе беларуская эканоміка.

— І як вам?

— Ой! (Смяецца.) Насамрэч, усё дастаткова сумна, але я магу пра гэта казаць, бо ўсе свае заўвагі я кажу і выкладчыкам, якія ў нас выкладаюць.

— Мала вы гайдаеце парламент, вы цяпер прыйшлі гайдаць акадэмію.

— Нам трэба мяняць свядомасць чыноўнікаў у тым ліку. Я расказваю, што вучылася на юрфаку, у нас была атмасфера вальнадумства, павагі да годнасці чалавека, павагі да яго ідэй. А цяпер, калі я, напрыклад, прыходжу размаўляць з чыноўнікам, я бачу, што яны нават Канстытуцыю не чытаюць. У іх ва ўсіх у кабінетах вісіць партрэт прэзідэнта, але мала ў каго ў кабінеце я бачыла Канстытуцыю.

— Вы пайшлі вучыцца за свае грошы?

— Не.

— Раскажыце.

— Што?

— Якім чынам не за свае грошы, хто вам аплачвае вучобу?

— Сакратарыят Палаты прадстаўнікоў.

— Гэта даволі дзіўны факт, улічваючы, што вы адносіце сябе да апазіцыі. Вы ўвайшлі ў кадравы рэестр? Якім чынам гэта адбылося?

— Я не ўваходзіла ў кадравы рэестр, не. Вось гэта тое, пра што мы з вамі гаварылі: я прачытала аб тым, што нехта аднекуль вырашыў, што я ўвайшла ў кадравы рэестр. Я ведаю, што я гэтага не рабіла.

— Працэдурна патлумачце, як так адбылося, што вас вучыць беларускі бюджэт.

— Яшчэ летась мне прапанавалі пайсці на курсы павышэння кваліфікацыі. Я сказала: добра. Я прабыла тыдзень на гэтых курсах, зразумела, што гэта проста жах, і сказала: «Сябры, а можна я неяк правучуся больш працяглы перыяд, каб зразумець, для чаго і як існуе ўсё гэта». І мне ў маі сказалі: «Ганна Анатолеўна, у нас ёсць магчымасць». Нас, насамрэч, вучыцца недзе чалавек 15 дэпутатаў.

— Там ёсць нейкая свабодная думка ці там усё як у парламенце — Палаце прадстаўнікоў?

— Вельмі складана было мне па некаторых прадметах адкрыць дыскусію.

— Вы, здаецца, нават пісалі ці дзесьці казалі штосьці пра лібералізм, а вам адказалі…?

— Прычым гэта быў голас з залы: «Вы што, забыліся, дзе вы знаходзіцеся?» Паслухайце, сапраўды, я вяртаюся да працэдуры ўзгаднення прэм’ер-міністра: слова «лібералізм» прагучала ўсё роўна ад мяне. Пры ўзгадненні кандыдатуры прэм’ера нам расказвалі пра тыя выдатныя мэты і задачы, якія стаяць перад беларускімі ўладамі, але не было сказана ніводнага слова пра тыя рэальныя крокі і механізмы, з дапамогай якіх яны будуць дасягнуты.

— Але Румас рэальна адзін з нямногіх чыноўнікаў, якія ўпісваюцца ў рамкі, на якога ёсць хоць нейкае спадзяванне. І вось тут ёсць Ганна Канапацкая, з ліберальнымі поглядамі, якая кажа: не! Гэта было прынцыпова для вас?

— Мне нават выкладчык ідэалогіі ў Акадэміі кіравання сказаў: «Ганна, калі б вы прагаласавалі за, я б вас не зразумеў». Бо калі я ўжо кажу пра тое, што працэдура назначэння прэм’ера не захаваная, як я магу галасаваць па-іншаму? Плюс, яшчэ раз паўтаруся, мала таго, што па Канстытуцыі Палата прадстаўнікоў павінна галасаваць за кандыдатуру прэм’ера (Румас такім не ёсць, ён з’яўляецца прэм’ер-міністрам Беларусі, згодна з указам прэзідэнта). Па-другое, не было агучана ніводнага рэальнага механізму, па якім будзе дзейнічаць сённяшні прэм’ер-міністр. Не было названа ніводнага канкрэтнага кроку, якія ён зробіць заўтра, будучы прэм’ерам. Наадварот, я бачу абсалютна іншае: я бачу падтрымку старой мадэлі эканомікі, калі прэм’ер-міністр узгадняе 399-ы ўказ…

— І вас гэта здзіўляе?

— Так, я яшчэ здольная ўсяму гэтаму здзіўляцца, так, мяне здзіўляе. Бо я лічу, што гэта няправільна, а калі гэта няправільна, а чалавек гэта робіць — мяне гэта здзіўляе, мяне так выхавалі бацькі.

— Як часта на вас накатвае адчай?

— У нас няма часу для адчаю (смяецца).

— Вы шмат што спрабуеце рабіць, але гэта не адгукаецца ў сэрцах вашых калег-дэпутатаў. Дзе вы знаходзіце сілы, каб даставаць паперу, закладваць у прынтар і пісаць чарговы ліст прэзідэнту?

— Сітуацыя вакол, мае дзеці, якія таксама хочуць жыць у свабоднай краіне, займацца бізнэсам…

— Ваша дачка хоча жыць у Германіі, яна з’ехала.

— Мая дачка не ў Германіі.

— Але яна за мяжой.

— Яна вучыцца ў Аўстрыі, так.

— Відавочна, што, калі ёй тут не спадабалася два месяцы вучыцца ў школе, наўрад ці яна вернецца сюды жыць. Яна знайшла выйсце — з’ехала.

— Яна з’ехала вучыцца. Добра, у мяне ёсць сын, які вучыцца ў Беларусі, хоча займацца бізнэсам. А я, як дэпутат Палаты прадстаўнікоў, буду прыкладаць усе намаганні, каб весці бізнэс у Беларусі было лёгка і проста, каб да нас ішлі інвестыцыі, каб кожны чалавек з галавой, з рукамі і нагамі мог сабе зарабіць, а не чакаў дабротаў.

— Прыйдуць інвестыцыі, чалавек будзе зарабляць, а заўтра прыйдуць маскі-шоу…

— Пра гэта і гаворка. Мяне падштурхнулі ісці ў палітыку менавіта гэтыя маскі-шоу.

Пра маскі-шоу (44:41)

— У вас былі маскі-шоу?

— Вядома.

— Раскажыце.

— Гэта было яшчэ ў 2000-я гады, я працавала ў страхавой кампаніі. Усё як звычайна: ты сядзіш працуеш — з нагі адчыняюцца дзверы, двое ў масках з аўтаматамі наперавес ля адных дзвярэй, нехта ля кожных дзвярэй стаіць. «Усім на падлогу!», я яшчэ тады была цяжарная. «Тварам у падлогу» — а я фізічна гэтага не магу зрабіць.

— Чым скончылася тая гісторыя? Гэта было махлярства?

— Не, усё ў парадку, яны нічога не знайшлі.

Абставін, якія прывялі мяне ў палітыку, вельмі шмат. Бо я сапраўды бачу і разумею тыя праблемы, якія існуюць у Беларусі, і лічу, што прыйшоў час іх вырашаць.

— Вы разумееце, вам вельмі хочацца верыць, але ў тыповага беларуса ўнутры сядзіць думка: «Не можа быць так, не можа быць, каб яна проста так была такая харошая… Ёй дыктуюць кожны крок, яна ходзіць на справаздачы, на дыван, — я не ведаю, — да Вакульчыка».

— (Смяецца.) Я паважаю пункт гледжання любога чалавека і, калі ён так лічыць, гэта яго права так лічыць.

— Вам крыўдна, што вас не ўспрымаюць усур’ёз? Вас не ўспрымае ўсур’ёз Лябедзька з кампаніяй («Здрадзіла партыі!»), вас не ўспрымаюць усур’ёз іншыя выбарцы…

— Сабака брэша, а караван ідзе. Калі вы пытаецеся, што мне дае сілаў… Калі я адкрываю высновы Камітэта дзяржкантролю па маім законапраекце і бачу: «Ганна Анатолеўна, мы не падтрымліваем ваш праект, бо ён занадта ліберальны і абараняе інтарэсы бізнэсу, а не дзяржавы». Я разумею: вось яна, правільная работа, бо я раблю тое, што лічу патрэбным — я падтрымліваю ў Беларусі бізнэс. Гэта дае мне сілы. Я іду ў бізнэс і кажу: «Сябры, паглядзіце, у мяне ёсць шыкоўны законапраект, давайце будзем спрабаваць яго рэалізоўваць».

— Я ўзгадала, што Анатоль Лябедзька сказаў: «Калі Ганна Канапацкая такая разумная, — гэта было не так, але кшталту таго, — хай 10% свайго заробку аддасць Аб’яднанай грамадзянскай партыі».

— Хай Анатоль пакажа прыклад, як гэта ён робіць са свайго заробку.

— Я не ведаю, хто плаціць Анатолю Лябедзьку заробак, у мяне ёсць думкі, але я не ведаю дакладна. Але вам заробак плацяць беларускія падаткаплацельшчыкі. Вы сталі дэпутатам дзякуючы АГП, вы ішлі ад партыі, дык чаму ж дзесяціну не аддаць партыі?

 — Ведаеце, я магу сказаць, што заўсёды фінансава падтрымлівала партыю, я і мая сям’я — мы заўсёды падтрымлівалі партыю фінансава. Роўна да таго моманту, пакуль я з ёй працавала.

— Цяпер у вас халодная вайна?

— У мяне? Не, у мяне няма ніякай халоднай вайны. Я болей скажу, што з некаторымі членамі партыі я працую.

Аб прэзідэнцкіх амбіцыях (48:08)

— На выбары 2020 года…

— На чарговыя выбары.

— Так, мы не ведаем пакуль, які гэта будзе год, вы збіраецеся ісці ад АГП ці як незалежны кандыдат?

— Вы ведаеце, у любым выпадку я застаюся членам партыі. Гэтак жа, як у 2016-м годзе я збірала подпісы, нягледзячы на тое, што ішла па партыйным білеце, тое самае я збіраюся рабіць на наступную выбарчую кампанію. Гэта не праблема сабраць 1000 подпісаў.

(Рэд: Насамрэч Ганна Канапацкая не падавала сабраныя подпісы ў выбарчую камісію)

— Хто даваў грошы на вашу кампанію?

— Уласныя.

— Колькі вы патрацілі тады?

— Дастаткова шмат грошай я тады патраціла — у эквіваленце гэта было нешта каля 5—7 тысяч даляраў. Таму я кажу, што мне было не сорамна за маю кампанію, якую я праводзіла на акрузе. У мяне былі яркія плакаты, у мяне былі добрыя, якасныя ўлёткі. Тады было вельмі модна — з’яўляліся першыя білборды. У мяне вісеў білборд. Я ішла з упэўненасцю ў тым, што пры іншых роўных умовах у мяне ёсць усе шанцы.

(Рэд: Па дадзеных ЦВК, выбарчы фонд Ганны Канапацкай склаў каля 950 даляраў)

— Я вось зараз думаю: выбараў свабодных няма, вы проста тэхнічны кандыдат, каб закрыць гэту акругу. Навошта на гэта траціць свае 5000 даляраў?

— Бо я прывыкла ўсё рабіць добра і якасна. Каля я іду на выбары, калі я пішу законапраект, калі я адпачываю — гэта ўсё раблю на 100%. Не важна. Калі ты ўзяўся за работу, яна павінна быць зроблена якасна і добра.

— Папярэднія кампаніі вы таксама фінансавалі сама?

— Так. Давайце так: кампанія 2012 года была байкотам, калі вы помніце. Там не было чаго фінансаваць, там быў выступ на тэлебачанні. Так, у 2014 годзе я не была зарэгістраваная як кандыдат, мяне «зарэзалі» на этапе рэгістрацыі, але я актыўна ўдзельнічала ў кампаніі. Тады таксама былі ўжо палітычныя маскі-шоу, нас хлопцы з аўтаматамі наперавес у масках закатвалі тварамі ўжо ў асфальт, закатвалі ў аўтазак і везлі.

— Вы гэта так расказваеце ўсміхаючыся.

— А што, мне плакаць? Гэта было, гэта этап жыцця. Раней у палітычных тусовачных колах хадзіла такая байка, што ты не можаш быць рэальным апазіцыянерам, калі ты не сядзеў. Ну вось, значыць, я рэальны апазіцыянер!

— Пасля таго, як вы сталі дэпутатам, вашы знаёмыя, можа быць, сябры спрабавалі нейкім чынам праз вас вырашыць сваё нейкае пытанне?

— Не.

— Ніхто не казаў: «Аня, ну ты ж дэпутат — вырашы!»

— У мяне вельмі самадастатковае кола знаёмых. Я заканчвала юрфак, у мяне ўсе вырашаюць законным спосабам усе свае пытанні.

— Вам цікава пагуляць у гульню «прэзідэнцкія выбары» як кандыдату?

— Я не люблю бегчы, каб сагрэцца. Праца ў бізнэсе прывучыла мяне да таго, што працаваць трэба на вынік.

— Адчуваеце вы ў сабе сілы пацягнуць гэтую кампанію?

— Пацягнуць кампанію? Так, сілы ёсць.

— Амбіцыі быць прэзідэнтам?

— Дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам.

— У Беларусі могуць за жанчыну прагаласаваць? У нас жа так не любяць фемінізм.

— Але калі мы кажам з вамі пра роўныя магчымасці?

— Бачыце, часам зручна быць феміністкай. Хачу задаць такое пытанне, якое задаюць усім апазіцыянерам: калі не Лукашэнка, то хто?

— Пабываўшы ў гэтай сістэмы знутры, я лічу, што хто заўгодна, але не Лукашэнка.

— Канапацкая?

— Чаму б і не!

— Дзякуй вялікі, Ганна, за размову.

11
Засмучаны / Адказаць
21.10.2018 / 17:13
Голас, тэмбр і інтанацыі, дыкцыя, мова вядучай — ніяк не падыходзяць да таго, каб весці інтэрвію. Ну чаму б не папрацаваць ну хаця б над сваёй дыкцыяй. Цяжка слухаць :(
0
Хм / Адказаць
21.10.2018 / 17:22
Хм, цётка надта часта трапляецца на хлуснi, каб ёй можна было б давяраць. Цяпер трэба выслухаць каго-небудзь з АГП, каб мець усю карцiну.
1
хамса / Адказаць
21.10.2018 / 17:28
>жанчына, .. не дурная.
ахаха.. разумны чалавек так ніколі не скажа пра сябе
вось я кажу пра сябе:
- ну я дура!
- нічога, - кажа муж, - самакрытыка - першы шаг да таго, каб стаць разумнейшай
Паказаць усе каментары/ 38 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру