05.01.2019 / 09:46

Мітрапаліт Павел: Для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія — смерць 63

«Дзякуй Богу, у Беларусі сёння такога імкнення да аўтакефаліі няма», — цытуе мітрапаліта Паўла «Еўрарадыё».

Інтэрв'ю кіраўніка Беларускай праваслаўнай царквы выйшла на тэлеканале СТВ.

Украінская праваслаўная царква атрымала аўтакефалію ад канстанцінопальскага патрыярха. Маскоўская патрыярхія не прызнала гэтае рашэнне і абвясціла аб разрыве з Канстанцінопалем. БПЦ таксама падтрымала рашэнне Масквы.

«Але вы паглядзіце, што адбываецца на самай справе. Аб'ядналіся схізматыкі з раскольнікамі, праваслаўных жа няма. Сярод усяго епіскапату ўсяго два чалавекі толькі вырашылі перайсці туды. Астатняя маса — велізарная колькасць людзей, 90 епіскапаў, праваслаўныя вернікі, праваслаўныя святары — яны гэтага не хочуць. Яны хочуць, каб царква была адзінай», — пракаментаваў украінскія падзеі мітрапаліт Павел.

Ён выступіў рэзка супраць аўтакефаліі для беларускіх праваслаўных. 

«Дзякуй Богу, у Беларусі сёння такога імкнення да аўтакефаліі няма. Раздаюцца часам некаторыя галасы: «А ці не папрасіць і нам у Беларусі?» Але вы ведаеце, цалкам шчыра і адкрыта трэба сказаць: калі для Украіны гэта страшная трагедыя, спроба навязаць аўтакефалію, то калі гэта будзе адбывацца ў Беларусі, то для Беларускай праваслаўнай царквы гэта будзе смерць. Усё. Гэта асуджэнне Беларускай праваслаўнай царквы да знішчэння. Дзякуй Богу, што сёння епіскапат Беларускай царквы і святары, і практычна ўсе вернікі пра гэта не думаюць», — заявіў кіраўнік БПЦ.

Па словах мітрапаліта, падзел у праваслаўным свеце патрэбны «таму, хто хоча варожасці і нянавісці». 

Варта адзначыць, што кіраўніка «Беларускай праваслаўнай царквы» прызначае патрыярх маскоўскі. І мітрапаліт Філарэт, і мітрапаліт Павел — ураджэнцы Расіі, якія да прызначэння ў Мінск ніяк не былі звязаныя з Беларуссю. Амаль ва ўсіх цэрквах у казанях і абвестках выкарыстоўваецца руская, а не беларуская мова. Сама сучасная Руская праваслаўная царква была спачатку разгромлена савецкімі атэістычнымі ўладамі, а пасля наноў створана ў 1943 годзе з ліку лаяльных епіскапаў пад пільным кантролем НКВД.

nn.by

6
Pavieł Hančar / Адказаць
05.01.2019 / 09:51
Не блытай сябе з царквой Божай, дзядзя.
7
Devil / Адказаць
05.01.2019 / 09:52
Хутчэй РПЦ МП памрэ=)))
6
Ян Севярын Бакей / Адказаць
05.01.2019 / 09:58
Нехта відавочна паблытаў сябе, любімага, з Беларускай праваслаўнай царквой.. Аўтакефалія - прыкмета сталасьці дзяржавы і народа. няма аўтакефаліі , ды імкненьня да яе - значыць, няма ні таго, ні другога...
Паказаць усе каментары/ 63 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру