12 студзеня Сойм БНФ на сваім пасяджэньні прыняў заяву з нагоды 25-годзьдзя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што будзе адзначацца 15 сакавіка.

У заяве ўтрымліваецца зварот да ўладаў аб захадах па адзначэньні юбілейнай даты, якая мусіць стаць нагодай для пацьвярджэньня незалежнасьці і сувэрэнітэту сучаснай беларускай дзяржавы, адзначае прэс-служба Партыі БНФ.»

На 2019 год прыпадае юбілейная дата, надзвычай значная для палітычнай гісторыі сучаснай Беларусі: 15 сакавіка ў нашай краіне будзе адзначацца дзяржаўнае сьвята — Дзень Канстытуцыі, якая была прынятая 25 гадоў таму ў сакавіку 1994 году. Юбілей Канстытуцыі мусіць быць годна адзначаны на дзяржаўным узроўні.

Чвэрць стагодзьдзя Канстытуцыі незалежнай Рэспублікі Беларусь — добрая нагода паказаць усяму сьвету непарушнасьць сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь як формы рэалізацыі неад’емнага права беларускага народа на самавызначэньне, гаворыцца ў заяве.

Сьцьвярджэньне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь як ідэалагічнай асновы беларускага грамадзтва павіннае пакласьці канец замахам на беларускую дзяржаўнасьць, якія робяцца часьцяком пад фальшывымі лёзунгамі пра інтэграцыю на аснове палітычных спекуляцыяў з наўпроставымі антыбеларускімі мэтамі.

Адзначэньне гадавіны абвяшчэньня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і актуалізацыя закладзеных у ёй прынцыпаў дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі асабліва важныя цяпер, калі супраць нашай краіны ажыцьцяўляюцца інфармацыйныя атакі, скіраваныя на пазбаўленьне беларускага народа права на самавызначэньне і пабудову ўласнай нацыянальнай дзяржавы.

Досьвед адзначэньня летась стагодзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі сьведчыць, што падобныя важныя гістарычныя даты могуць спрыяць умацаваньню беларускай дзяржаўнасьці, а іх ігнараваньне дзяржаўнымі органамі можа несьці пагрозу для яе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0