17.05.2019 / 13:16

Галоўнага анестэзіёлага краіны трэція суткі няма на працы, але ў КДБ адмаўляюць, што доктара затрымлівалі 8

Паводле інфармацыі TUT.BY, 15 мая быў затрыманы галоўны анестэзіёлаг-рэаніматолаг краіны Аляксандр Дзядзько. Сёння на працы яго няма, кабінет зачынены, а калегі кажуць: «Нам ніхто не паведамляе, дзе ён».

Паводле інфармацыі TUT.BY, Аляксандр Дзядзько быў затрыманы 15 траўня. Фота: bsaer.org

— На працы няма, — кажуць супрацоўнікі Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі (былой 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска).

У пятніцу раніцай кабінет галоўнага пазаштатнага анестэзіёлага-рэаніматолага, доктара медыцынскіх навук Аляксандра Дзядзько зачынены. Яго калегі не ведаюць, што здарылася.

— Нам ніхто не паведамляе, дзе ён. У мінулым годзе, калі затрымалі Саўчанку і Кушнярэнку, мы толькі праз тыдзень усё даведаліся, так што прыходзьце пазней, — кажуць TUT.BY калегі Аляксандра Дзядзько.

Пра тое, што сілавікі праявілі цікавасць да вядомага анестэзіёлага краіны Аляксандру Дзядзько, паведамілі інфармаваныя крыніцы:

— Па папярэдняй інфармацыі, Аляксандра Міхайлавіча затрымалі ў рамках «справы медыкаў», паказанні супраць яго даў адзін з пастаўшчыкоў медыцынскага абсталявання.

«Аляксандра Міхайлавіча выклікалі на размову, і ўжо не выпусцілі. Як мы разумеем, ён затрыманы, — распавялі «Народнай Волі» блізкія сям'і людзі. — Мы ў шоку. Аляксандр Дзядзько без перабольшання — залаты фонд беларускай медыцыны. Прафесіянал сваёй справы, разумны і інтэлігентны чалавек…»

Аляксандр Міхайлавіч у медыцыне 36 гадоў, у 1998 годзе ён стаў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі 9-й гарадской бальніцы. Вясной 2008 года Дзядзько разам з калегамі выканалі першую аперацыю па перасадцы печані. Ён лаўрэат Дзяржаўнай прэміяй за распрацоўку і ўкараненне тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых.

За апошні год у 9-м шпіталі гэта ўжо не першае затрыманне. Улетку 2018 года кайданкі надзелі на галоўнага лекара Валерыя Кушнярэнку і загадчыка эндаскапічным аддзяленнем Андрэя Саўчанку, якога і пацыенты, і самі лекары называюць «унікальным». У лютым 2019 года судом Фрунзенскага раёна Мінска Андрэй Саўчанка быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў тры тысячы рублёў і прысуджаны да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. А зараз у Маскоўскім судзе слухаецца справа ў дачыненні да былога галоўнага доктара Валерыя Кушнярэнкі. Ён прызнаў віну ў атрыманні 13 800 у якасці хабару.

У КДБ распавялі, што не затрымлівалі галоўнага анестэзіёлага Аляксандра Дзядзько, у Следчым камітэце паабяцалі даць інфармацыю крыху пазней.

0
Палкоўнік Зэман / Адказаць
17.05.2019 / 13:47
Акрамя КДБ ёсць каму затрымаць!
1
алекс / Адказаць
17.05.2019 / 14:02
Што пра гэта кажа Nexta?
0
меркаванне / Адказаць
17.05.2019 / 14:31
"быў прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў тры тысячы рублёў і прысуджаны да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму"
   Ну тады за ўсе фальсіфікаваныя выбары і рэферэндумы, якія лічаць нелегітымнымі цывілізаваны свет, "баршчаварцы-любіцельніцы Парыжа" павінна быць гільяціна калі помніка леніна насупраць ду?
https://nn.by/?c=ar&i=230630

Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру