Днём 27 студзеня ў цэнтры Мінска супрацоўнікамі міліцыі была затрымана група фанатаў маскоўскага хакейнага клуба ЦСКА, якія прыехалі на матч Кантынентальнай хакейнай лігі з мясцовым «Дынама».

Як паведамілі БелаПАН у ГУУС Мінгарвыканкама, маладыя людзі ў стане алкагольнага ап’янення знаходзіліся ў бістро «Максі Біс» у раёне перасячэння вуліцы Няміга і праспекта Пераможцаў. Іх паводзіны справакавалі выклік адміністрацыяй установы міліцэйскага нарада. Аднак фанаты нават у прысутнасці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў паводзілі сябе задзірліва, таму міліцыянеры вымушаны былі выклікаць дапамогу, сказаў суразмоўца агенцтва.

Найбольш «актыўных» расіян адвезлі ў Цэнтральнае РУУС, дзе з імі правялі гутарку,

пасля чаго адпусцілі без складання пратаколаў.

Варта зазначыць, што перад матчамі ЦСКА ў Мінску (27 студзеня) і Рызе (29 студзеня) на сайце клуба з’явілася адозва да прыхільнікаў каманды: «Прафесійны хакейны клуб ЦСКА пераканаўча просіць усіх тых, хто вырашыў падтрымаць каманду сваёй прысутнасцю на выязных матчах з «Дынама» (Мінск) і «Дынама» (Рыга), паважаць і выконваць законы замежных дзяржаў, ставіцца з павагай да нацыянальных асаблівасцей дзяржаў, у якіх пройдуць матчы».

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0