Тэксты ў Кітаі асаблівым чынам рыхтуюцца і аўтарызуюцца. Зместам маніпулююць так, каб ён адпавядаў рэкамендацыям камуністычнай партыі, у сувязі з чым выдаляюць усе рэлігійныя спасылкі піша catholic.by.

Фота: blog.schoolofnet.com

У межах барацьбы з «рэлігійнымі ўплывамі» на маладое пакаленне і адначасова гэтак званай «сінізацыі» рэлігіі кітайскія ўлады пачалі выдаляць усе спасылкі на Бога, Біблію і рэлігію з кніг для дзяцей і падлеткаў. Гэта датычыць як твораў кітайскіх аўтараў, так і сусветнай літаратуры, як пачатковых і сярэдніх школ, так і ўніверсітэтаў.

Усе спасылкі на веру замяняюцца словамі і паняццямі больш агульнымі ці падобнымі, але без відавочнай спасылкі на Бога. Калі такая замена немагчымая, такія спасылкі наогул выдаляюцца.

На дадзены момант гэтыя рэкамендацыі закранулі чатыры апавяданні замежных аўтараў і шэраг кітайскіх класікаў.

 Цэнзура кніг

Напрыклад, была зменена адна са сцэн вядомай казкі Ганса Крысціяна Андэрсэна «Дзяўчынка з запалкамі», якая з'яўляецца школьным чытаннем для вучняў пятага класа. У арыгінале, калі змерзлая гераіня запальвае чарговую запалку, каб сагрэцца, у кожным зіхаценні агеньчыку яна бачыць падаючыя зоркі, кажучы, што кожная такая зорка — гэта душа, якая ўзносіцца на сустрэчу з Богам. У цэнзураваным тэксце сказана, што «калі падае зорка, чалавек пакідае гэты свет».

Рабінзон Круза, вядомы ўсім герой, створаны Даніэлем Дэфо, паводле кітайскай цэнзуры, ратаваў з разбітага карабля не тры асобнікі Бібліі, як піша аўтар, а «некалькі кніг». У п’есе «Дзядзя Ваня» Антона Чэхава няма ані малітвы ў царкве, ані слова «Хрыстос», якія ёсць у арыгінале.

А такія творы, у якіх сама назва відавочна паказвае на сувязь з рэлігіяй, а канкрэтна з хрысціянствам, у прыватнасці, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Віктора Гюго, «Граф Монтэ-Крыста» Аляксандра Дзюма і «Уваскрасенне» Льва Талстога, падлягаюць канфіскацыі настаўнікамі.

Без веры ў Бога

Гэтыя мерапрыемствы праходзяць пад лозунгам «сінізацыі» рэлігіі, гэта значыць палітыкі, якая вядзецца камуністычнымі ўладамі.

Галоўная мэта такіх дзеянняў — працэс адаптацыі хрысціянскай рэлігіі да кітайскай культуры, у якой найважнейшым заданнем ставіцца максімальнае размыванне ўсяго, што мае адносіны да веры ў Бога.

Аб’ектам асаблівай крытыкі з’яўляецца хрысціянства, прадстаўленае камуністычнай прапагандай як рэлігія, чужая для культуры і традыцыі Кітая.

Галоўным «архітэктарам» і ідэолагам гэтай палітыкі з’яўляецца цяперашні прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін, які ў 2015 годзе заявіў, што калі рэлігіі ў гэтай краіне хочуць выжыць, яны павінны «кітаізавацца», дапасоўваючы сябе да кітайскай культуры і падпарадкоўваючыся ўладзе камуністычнай партыі краіны. Увесь гэты працэс суправаджаецца нацыяналістычным патрыятызмам і пагардай да «замежных» рэлігій, пераважна да хрысціянства.

На думку многіх назіральнікаў, прычынай цяперашняй антыхрысціянскай кампаніі з’яўляецца страх перад сцвярджэннямі некаторых сацыёлагаў (напрыклад, Фэнганг Ян), што Кітай «можа стаць да 2030 года самай хрысціянскай краінай у свеце».

Але ў той жа час гэта таксама спосаб абароны пекінскага рэжыму перад такімі ідэямі, як дэмакратыя, правы чалавека, справядлівасць.