Тым, хто наматаў ужо даволі кіламетраў па кананічных еўропах, хоча чагосьці новага, але каб не ехаць далёка — прапануем сталіцу Прыднястроўя — Ціраспаль. Спойлер: вы яшчэ больш палюбіце Беларусь. І віза не патрэбная.

Тут вы не пабачыце вытанчанай архітэктуры, не паходзіце па вузкіх вулачках, не адчуеце атмасферу вірлівага жыцця. І ад гэтага яшчэ больш пачняце цаніць сваё.

Але пра ўсё па парадку.

 Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) — непрызнаная краіна. У 1992 годзе яна цалкам аддзялілася ад Малдовы. З тых часоў прызнаюць яе толькі дзве часткова прызнаныя дзяржавы: Паўднёвая Асеція і Абхазія, а таксама непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка.

Форма кіравання: прэзідэнцкая рэспубліка

Тэрыторыя: 4163 км² (найбуйнейшыя гарады: Ціраспаль, Бендэры, Рыбніца)

Насельніцтва: каля 500 тысяч чалавек

Сярэдні заробак: 343$ (паводле афіцыйных звестак. Мясцовыя з такой лічбай не згодныя і кажуць, што рэальны сярэдні заробак удвая меншы)

Валюта: прыднястроўскі рубель

З 2017 года расійскі трыкалор — другі дзяржаўны сцяг Прыднястроўя.

1. Як даехаць? Аптымальны варыянт трапіць у сталіцу Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспублікі — паехаць з Кішынёва на маршрутцы. Гэта звычайны «Спрынтар», што адыходзіць з цэнтральнага кішынёўскага аўтавакзала і спыняецца на «мяжы» для своеасаблівага кантролю.

Паміж гарадамі 77 кіламетраў, таму прыблізна праз 2 гадзіны вы будзеце ўжо на месцы.

Каштуе гэтае задавальненне 34 малдаўскія леі, што на нашыя грошы будзе каля 4 рублёў. Пагадзіцеся, вельмі нядорага, каб трапіць з адной сталіцы ў іншую.

 Каб даехаць да Кішынёва, існуе багата варыянтаў, але

 калі вам хочацца больш прыгод, то раім ехаць туды цягніком з Украіны.

Спасылаючыся на ўласны вопыт прадбачым, што вас будзе чакаць не зусім звыклы сцэнар. На кардоне ўкраінцы вам паставяць штамп, што вы пакінулі краіну, а вось памежнікі з Малдовы не захочуць павітацца з вамі. Цягнік на малдаўскай мытні не спыняецца. Абсалютна ніякага кантролю: ні дакументаў, ні рэчаў. Так, сумна тое, што малдаўскім штампікам калекцыя ў пашпарце не папоўніцца. Афіцыйнага пацверджання, што вы былі ў гэтай краіне, няма. І калі вяртацца таксама цягніком ва Украіну, нічога не зменіцца. Толькі ўкраінскія памежнікі сустрэнуць вас, каб проста зрабіць адзнаку ў пашпарце. Прынамсі, так было з намі. Гэта нагода падумаць, што цікавае можна ўзяць з сабою ў вандроўку.

На мяжы самой ПМР кантроль куды больш сур’ёзны. Вам давядзецца выйсці з маршруткі, падысці да пункта рэгістрацыі і адказаць, на колькі дзён і куды менавіта вы едзеце (адрас, дзе будзеце жыць). За гэта вы атрымаеце міграцыйную карту. Не здзіўляйцеся, калі акажацца, што ў вас няма грамадзянства. Досвед паказаў, што так бывае. Нават у людзей з нямецкім пашпартам. Мне ж з маім беларускім пашанцавала болей.

 На гэтым канец. І тут вашы рэчы таксама нікога не зацікавяць. Едзем далей.

2. А для чаго, уласна кажучы, едзем? Тут можна знайсці шмат прычын, але галоўныя з іх такія: некрануты кавалак СССР (пасля вандроўкі туды шчыра не зразумела, якія «прэтэнзіі» могуць быць да Мінска), ПМР — краіна (прынамсі, у гэтым перакананыя мясцовыя жыхары), у якой ажно 3 дзяржаўныя мовы: руская, украінская і малдаўская (варта адзначыць, што словы пішуцца ў кірылічнай форме і выглядае гэта крыху дзіўна).

Тут ёсць магчымасць адчуць сябе сталкерам, расплачвацца грашыма, якія не функцыянуюць больш нідзе

 (і калі вы з’едзеце адсюль з мясцовай валютай, то нідзе не зможаце яе памяняць).

 Таксама вы пабачыце неверагодную колькасць расійскіх сцягоў на 1 кв.м. (імаверна, нават больш, чым у самой Расіі).

А яшчэ, тут хіба што не ў кожнага ёсць два пашпарты, адзін з якіх прыднястроўскі, а другі — расійскі.

3. Чаго чакаць? Маральна падрыхтуйцеся, што тут на вуліцах цяжка пабачыць людзей, але лёгка — непрыхаваную прапаганду. І помнік Леніну. Такі грунтоўны і пампезны, нібыта з карцінкі. Але ў адрозненні ад нашага, што месціцца насупраць Дома ўрада, фатаграфавацца з ім можна.

Але калі вашы фотакарткі з Уладзімірам Ільічом яшчэ нікому не замінаюць, то фатаграфаваць ціраспальскі Дом урада не варта. Мы спрабавалі. І на гэта адразу адрэагавала мясцовая ахова.

Тут час нібыта спыніўся. Ціраспаль — гэта музей савецкай атмасферы. У якасці сувеніра адсюль можна прывезці тыповую газіроўку «Чабурашка», «Дзюшэс» ці «Бураціна».

Калі вы прыйдзеце на вакзал, то пабачыце, што калісьці Ціраспаль быў вельмі важным пунктам у транспартных камунікацыях. Тут 18 пуцей, але ж відаць, што 17 з іх — ужо ў адпачынку. Толькі па першым ходзяць цягнікі. 4 разы на дзень. І калі ў раскладзе можна пабачыць багата альтэрнатыў, варта звярнуць увагу, што амаль усе іх адмянілі.

Таксама трэба памятаць, што скарыстацца карткай тут — вялікая ўдача. 

У нас гэта атрымалася толькі ў адным супермаркеце (Sheriff). Увогуле Sheriff — гэта буйны прыднястроўскі холдынг прыватных кампаній. У Шэрыфа ёсць усё: і прадуктовыя гіпермаркеты, і банкі, таксама медычныя і спартовыя паслугі, а яшчэ вялікі ўплыў у сферы сувязі і тэлекамунікацый. І за ўсім гэтым стаяць два чалавекі. Напэўна, з гэтага неяк вынікае тое, што тут прымуць вашу картку. Кажуць, што ў некаторых кафэ карткай таксама можна скарыстацца, але на ўласным вопыце мы ў гэтым не пераканаліся. Усе падобныя нязручнасці праз валюту, якая не прызнаецца ў міжнароднай фінансавай сістэме.

Таму не здзіўляйцеся, калі на чэку вы пабачыце суму ў расійскіх рублях (бо ўсе транзакцыі адбываюцца праз іх).

А яшчэ, у людзей тут «свой курс». Разлічваемся з гаспадаром за жыллё, кажам, што скарысталіся канвертарам валют і бачым, што мусім даць 20 даляраў. На што чуем адказ «у нас тут свая сістэма, таму давайце 21».

Што прыемна здзіўляе — гэта наяўнасць шматлікіх тавараў з Беларусі. На паліцах ляжаць нашы вафлі «Віцьба», шакаладкі «Спартак», рагачоўская згушчанка, ёгурты і малако ад «Савушкіна».

Таксама тут ёсць кавалачак Мінска. У прамым сэнсе. Гандлёвы дом з блізкай нам тапанімічнай назвай.

І няважна, што асартымент тут як у звычанай савецкай краме падчас талоннай сістэмы. Усё адно прыемна ведаць, што недзе ў цэнтры Ціраспаля ёсць Мінск.

 4. Некалькі лайфхакаў

  1. Што тычыцца маршрутак да Ціраспаля, то ездзяць яны кожныя 20 хвілін, таму ведаць расклад не абавязкова.
  2. Паспрабаваўшы некалькі варыянтаў, упэўнена можам сказаць, што жыллё зручней за ўсё шукаць на Booking. Не рэклама. І цэны тут адэкватныя.
  3. Калі прыедзеце ў Ціраспаль — адразу мяняйце грошы. На картку не спадзявайцеся.
  4. Абавязкова наведайце рэстаран «Ла Токанэ». Тут можна пакаштаваць сапраўдную малдаўскую нацыянальную кухню. Што прыемна, беларускую таксама. І цэны радуюць.
  5. Каб заставацца на сувязі, дастаткова купіць сім-карту ў Кішынёве. Яна будзе працаваць і ў ПМР. У нас быў Moldcell, які, на дзіва, тут працаваў і ў некаторых месцах нават лавіў 4G.
  6. Пабываўшы тут, у якасці сувеніра вязіце не толькі «савецкую» газіроўку, а яшчэ і нешта больш моцнае. Мясцовая славутасць — вінна-каньячны завод KVINT. Назва — абрэвіятура ад «каньякі, віны і напоі Ціраспаля». Гэты пункт у праграме абавязковы для выканання. Бо не прывезці віна з Ціраспаля — гэта як паехаць з Беларусі без згушчанкі. 

Калі ехаць у Ціраспаль, то дастаткова на адзін дзень. Але ехаць дакладна трэба. Гэта пашырае кругагляд і ўзбагачае вопыт. Бонусам: ты адчуваеш сябе героем камп’ютарнай гульні з добра прадуманымі дэкарацыямі і сюжэтам. Спачатку, калі толькі прыязджаеш, бачыш абстаноўку і не бачыш людзей, становіцца проста дзіўна. Ты ўсё яшчэ спадзяешся, што нешта зменіцца. Але пасля разумееш, што некалькі сабачак, бабуль, адна парачка закаханых мясцовых і такая ж парачка турыстаў — максімум на сёння. Дарэчы, з турыстамі цікава атрымалася. Хлопец з Францыі, дзяўчына — з Італіі. Прыехалі ў Ціраспаль, бо ім проста цікава. Напэўна, гэта найлепшая матывацыя.

А беларусам вандроўка сюды падорыць нетыповыя ўражанні і яшчэ адну нагоду мацней палюбіць сваё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?