Белстат абвесціў, што ў студзені валавы ўнутраны прадукт беларускай гаспадаркі працягваў расці (на 4,2%) назло ўсім стыхіям і насуперак таму, што ВУП большасці краінаў Еўропы знізіўся або замёр. Якім чынам дасягнуты такі цуд?

Асноўным складнікам поспеху заяўляецца фантастычны рост інвестыцыяў у асноўны капітал беларускіх прадпрыемстваў — згодна з Белстатам, ён склаў аж 24,9%. Гэта значыць, прадпрыемствы працягвалі ўдарнымі тэмпамі закупляць новыя вытворчыя лініі, аўтамабілі і будынкі. Не будзем пра тое, што студзеньскія інвестыцыі рабіліся за снежаньскія бюджэтныя грошы, шчодра выдаткаваныя ўрадам пры канцы бюджэтнага года (то бок у снежні й першай палове студзеня).

Другім складнікам быў рост рознічнага тавараабароту на 17%, афіцыйна патлумачаны паслядэвальвацыйным ажыятажам.

Аднак нават з улікам гэтых двух фактараў аб’ём ВУП у студзені 2008 года склаў у бягучых цэнах толькі 9,07 трыльёна рублёў, тады як у студзені 2009 года ён складаў 7,9 трлн рублёў.

Чаму мы кажам «толькі 9,07»? Бо, як пазначае Белстат, гэта лічба, змераная «ў бягучых цэнах». А рост ВУП заўжды разлічваецца не ў бягучых, а ў супастаўных цэнах, з пералікам праз дэфлятар. Кожны чалавек разумее, што 1 рубель у студзені 2009 каштаваў меней, чым у студзені 2008, што за яго меней можна было купіць, ён быў умоўным эквівалентам меншае вартасці.

Колькі ж складаў дэфлятар у студзені? Калі мы складзем прапорцыю з вядомых нам лічбаў — 9,07 трлн, 7,9 трлн і 4,2% заяўленага росту ВУП, выходзіць што дэфлятар ВУП, паводле афіцыйных дадзеных, склаў 10,1%.

Аднак, паводле падлікаў таго самага Белстату, дэфлятар за 2008 год складаў 20,6%, з іх за 4‑ы квартал 2008 года — 20,2%. Якім жа чынам дэфлятар мог так рэзка знізіцца ў студзені, калі, як мы ведаем, кан’юнктура рынкаў у снежні і студзені так мала рознілася, а інфляцыя, наадварот, узрасла?

Дарэчы тут будзе патлумачыць, што азначае эканамічны тэрмін «дэфлятар». Гэта індэкс сярэдняга росту цэнаў у кошыку, які ўключае ў сябе не толькі спажывецкія, крамныя цэны, але і цэны прамысловых вытворцаў, цэны будаўнічых паслуг і г.д.

Дык вось, усе індэксы росту цэнаў, якія заўжды рухаліся ў адным кірунку з дэфлятарам, або выраслі ў студзені проці 4‑га кварталу, або засталіся прыкладна на тых жа ўзроўнях. Вырас індэкс росту спажывецкіх цэнаў (у студзені ён быў на 0,4% працэнтавыя пункты вышэйшы, чым у 4‑м квартале, — 15% супраць 14,6). Вырас індэкс росту цэнаў прамысловых вытворцаў (у 4‑м квартале ён быў 18%, у студзені стаў 19,9).

Аляксандр Чубрык, эканаміст Інстытута прыватызацыі і мэнэджмэнту

Такім, чынам, можна зрабіць выснову, што індэкс‑дэфлятар ВУП у студзені таксама павінен быў падрасці з 20,2%, якія ён складаў у 4‑м квартале, да прыкладна 20,5—21%. Вядома, гэта не можа разглядацца як дакладная лічба, але проста як альтэрнатыўная ацэнка, якая вынікае з кірунку, у якім рухаліся астатнія індэксы цэнаў. Дакладнай лічбы не ведае нават Белстат — бо ВУП разлічваецца на падставе інфармацыі, якая збіраецца ад шматлікіх упраўленняў гэтай арганізацыі, на ўзроўні якіх і адбыўся «збой».

Заяўлены Белстатам рост 4,2% выходзіць, толькі калі прыняць студзеньскі дэфлятар меншым прыкладна ўдвая за той паказчык, які атрымаўся ў нас на падставе дынамікі іншых індэксаў, альбо, прасцей кажучы, калі цэлае ўдвая меншае за суму частак.

А пры пераліку праз рэалістычны дэфлятар выходзіць, што ВУП Беларусі ў студзені знізіўся прыкладна на 5%. Статыстычная «памылка» сягае амаль 10 адсоткавых пунктаў! А памылковыя статыстычныя звесткі здольныя паўплываць на прыняцце эканамічных рашэнняў, увесці ў зман і выклікаць страты.

Што азначае падзенне ВУП на 5%?

Па‑першае, гэта ставіць Беларусь у адзін шэраг з праблемнымі краінамі Еўропы. Крызіс зачапіў Беларусь больш, чым Расію, Польшчу ці Літву. У большай ступені, чым наша краіна, закранутыя пасярод усіх сарака еўрапейскіх дзяржаваў толькі Латвія, Украіна, Венгрыя і Ісландыя. І сапраўды, толькі гэтым краінам і нашай Беларусі спатрэбілася тэрміновая дапамога МВФ.

Па‑другое, такі значны тэмп скурчвання гаспадаркі з вялікай імавернасцю прывядзе да патрэбы далейшага змяншэння бюджэтных расходаў і новай дэвальвацыі рубля. Такія варыянты варта прадугледжваць пры планаванні сямейных выдаткаў і бізнэсу.

Аляксандр Чубрык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0