На справаздачнай канферэнцыі Беларускай федэрацыі футбола 14 сакавіка галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Бернд Штанге растлумачыў міністру спорту і турызму Аляксандру Грыгараву, чаму беларускі футбол не заваёўвае медалёў.

А.Грыгараў зазначыў, што Б.Штанге — прадстаўнік краіны з вышэйшым узроўнем арганізацыі спартыўнай галіны і падрыхтоўкі спецыялістаў.

«Людзі патрабуюць адказу: калі ж будзе вынік, калі будуць медалі чэмпіянату Еўропы, калі мы здолеем выйсці на чэмпіянат свету?»
— сказаў міністр.

«Вядома, гледачы жадаюць, каб мы перамагалі Англію, — зазначыў Б.Штанге. — Пасля першага тайма гульні лік быў 1:1, але затым адыгралі ролю вопыт выступлення ў Лізе чэмпіёнаў і гіганцкі патэнцыял англійскіх футбалістаў, і мы саступілі».

«У футболе можна здзіўляць, але пакуль мы пайшлі не так далёка, каб супрацьстаяць гэтаму патэнцыялу. Нам трэба ісці крок за крокам. Думаю, мы на правільным шляху.

Лепш за ўсё да поспеху падняцца на ліфце, адразу на дзесяты паверх. Але мы ідзем па лесвіцы, і гэта крышку даўжэй, спадар міністр»,
— сказаў Б.Штанге, якому ў дзень канферэнцыі споўніўся 61 год.

Паводле меркавання трэнера, у новым сезоне беларускі футбол павінен перасягнуць вынікі, паказаныя ў 2008 годзе. «Гэта значыць, што недастаткова гуляць унічыю з Турцыяй, Аргенцінай, Германіяй, «Зенітам», «Ювентусам». Мы павінны перамагаць. Гэта наша цяжкая задача. І яшчэ мы жадаем зноў збіраць поўны стадыён у Мінску», — заявіў Б.Штанге.

Задачу выхаду ў фінальную частку чэмпіянату свету‑2010 ён назваў цяжкай.
«У найбліжэйшых двух матчах з Казахстанам і Андорай мы павінны браць шэсць ачкоў, каб атрымаць добрую зыходную пазіцыю для гульняў з Харватыяй, Англіяй і Украінай», — зазначыў трэнер.

Ключом да поспеху беларускага футбола ён лічыць павышэнне кваліфікацыі мясцовых спецыялістаў. «Штогод нашы трэнеры выязджаюць на міжнародныя стажыроўкі. УЕФА і ФІФА дапамагаюць атрымліваць нам новыя веды. Гэтыя веды мы павінны данесці да кожнага горада, да кожнага трэнера першай, другой лігаў, дзіцячых трэнераў. Мы жадаем гуляць у сучасны, прывабны футбол», — заявіў Б.Штанге.

Трэнер зборнай заклікаў прысутных быць аптымістамі. «У футболе заўсёды ёсць паражэнні або пагроза фінансавага крызісу, але нам патрэбен аптымізм для працы ў любой сферы. Гэта моцная краіна, вы атрымліваеце добрую падтрымку ад урада, УЕФА, ФІФА, і негатыўныя навіны не павінны выбіваць нас з каляіны», — перакананы Б.Штанге.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0