08.04.2020 / 16:03

Яшчэ ў адным дзіцячым садку ў Мінску пацвердзілі каранавірус. Правераць усіх дзяцей

У настаўніцы з дзіцячага садка № 434 у Мінску пацвердзілі каранавірус. Усіх дзяцей адправілі дахаты, ім зробяць мазкі. Пра гэта Свабодзе паведамілі бацькі, чыё дзіця ходзіць у гэты садок.

«Нам пазваніла выхавацелька і сказала, што ў адной з настаўніц садка сёння пацвердзілі каранавірус. Учора яе забіралі з падазрэннем», — сказалі Свабодзе.

COVID-19 пацвердзілі не ў выхавацелькі групы, а ў настаўніцы, якая штодня займалася з дзецьмі ўсіх груп.

«Нам сказалі, што, хутчэй за ўсё, заўтра дахаты прыедуць дактары і возьмуць мазкі на каранавірус. Бо нашыя дзеці цяпер — кантакты першага ўзроўню», — сказаў бацька аднаго з дзяцей.

Ён удакладніў, што апошнім часам у садок хадзіла мала дзяцей. У большасьці груп было ўсяго па 2—3 чалавекі. Некаторыя ўвогуле былі закрытыя.

«Пра каранцін пакуль нічога не казалі. Проста папрасілі напісаць заяву, што да канца тыдня дзеці застануцца дома», — сказаў ён.

Ва ўпраўленні адукацыі Савецкага раёна пацвердзілі, што ведаюць пра выпадак з каранавірусам у садку. Але ці закрыюць садок на каранцін, чыноўнікі ня могуць сказаць, бо садок адносіцца да Нацыянальнай акадэміі навук.

Гэта прынамсі трэці пацверджаны выпадак каранавіруса ў дзіцячым садку ў Мінску. Раней пісалася, што ў выхавацелькі і пяці дзяцей садка № 455 таксама пацвердзілі каранавірус. Таксама каранавірус выявілі ў нянечкі мінскага дзіцячага садка № 566. Пасьля бальнічнага яна нібыта не кантактавала з дзецьмі, але ўсю групу, дзе яна працавала, ізалявалі, а таксама і бацькоў дзетак.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру