11.04.2020 / 13:17

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у красавіку 2

Выхадныя дні ва ўмовах эпідэміі, або час на самаізаляцыі — добрая нагода для прагляду серыялаў. Найлепшыя навінкі другога вясенняга месяца «НН» сабрала ў традыцыйным аглядзе. У наш спіс трапілі як прэм’еры, гэтак і стужкі, якія вярнуліся пасля перапынку.

«Забіваючы Еву» (Killing Eve)

Драма. Вялікабрытанія, 3-і сезон

Ева Поластры — гэта агент МІ5, брытанскай унутранай разведкі. Калі пры згадцы брытанскіх спецслужб у вас у падсвядомасці ўсплывае Джэймс Бонд, то, калі ласка, забудзьцеся на яго. Ева — гэта поўная супрацьлегласць Бонда. Гэта жанчына сярэдніх гадоў, якія пакутуе на мігрэні, а таксама замучаная сям’ёй. У ёй няма ніякага глянцу і гламуру, яе жыццё падобнае да руціны. Але Ева з тых людзей, якія змаглі не засесці навечна ў гэтай руціне.

Ева становіцца неафіцыйным агентам МІ6 (вонкавая разведка). Яна пачынае высочваць наёмную забойцу Віланэль. У выніку гэтае супрацьстаянне выльецца ў сапраўдную апантанасць з абодвух бакоў. Cюжэт, у прынцыпе, дастаткова банальны. Фішку тут дадае тое, што галоўныя гераіні тут менавіта жанчыны з вельмі моцнымі характарамі. Плюс да ўсяго серыял добра так прыпраўлены фірменным англійскім чорным гумарам.

«Файная барацьба» (The Good Fight)

Юрыдычная драма. ЗША, 3-і сезон

Дзіяна Локхарт (вы гэтую актрысу павінны памятаць па «Тэорыі вялікага выбуху» ў ролі мамы Леанарда) — паспяховы чыкагскі юрыст. Адзінае, пра што яна марыць, — гэта выйсці на пенсію ды пачаць спакойнае жыццё. Яна сыходзіць з фірмы, у якую ўклала ўсе свае сілы. Толькі вось аказваецца, што ўсе яе грошы знікаюць у фінансавай пірамідзе, у якую яна ўклалася па парадзе свайго добрага сябра.

У выніку Дзіяна ледзь не аказваецца ля разбітага карыта. Толькі адна юрыдычная фірма, у якой раней працавалі толькі афраамерыканцы, згаджаецца ёй дапамагчы з працаўладкаваннем. Цікава, што ў памочніках Дзіяны — дачка таго самага дзялка, які прафукаў яе грошы. «Добрая барацьба» цікавая выдатнай ігрой жаночых персанажаў.

«Бяжы» (Run)

Чорная камедыя. ЗША, 1-ы сезон

Старое каханне ржавее? Рубі і Білі былі парай яшчэ падчас вучобы ў каледжы. Потым іх жыццёвыя дарожкі разышліся, але яны дамовіліся, калі хтосьці адправіць смс-ку са словамі «Бяжы», то яны сустракаюцца ў той жа дзень на Цэнтральным вакзале Нью-Ёрка, каб сесці на першы цягнік пасля 17:00 і пачаць вандроўку па Амерыцы. Праз 17 гадоў Рубі, якая жыве спакойным жыццём у прыгарадзе, атрымлівае такое паведамленне. І, здаецца, нечакана для самой сябе пагаджаецца на такую авантуру.

Рубі надакучылі аднатыпныя будні яе жыцця, дзе сямейныя праблемы кожны дзень ціснуць усё болей. Уцекачы дамаўляюцца, што першыя суткі ў іх мараторый на размовы пра асабістае жыццё. Але недагаворанае не дае ім быць такімі ж, як падчас вучобы ў каледжы.

«Місіс Амерыка» (Mrs. America)

Драма. ЗША, 1-ы сезон

ЗША, 1970-я гады. Новая хваля фемінізму. Важным палітычным пытаннем на павестцы дня становіцца прыняцце папраўкі аб роўных правах Кангрэсам ЗША. Хто ў гэты момант становіцца галоўнымі праціўніцамі такога рашэння? Як бы ні было парадаксальна, але самі жанчыны. Галоўным персанажам серыяла стане антыфеміністка, кансерватарка Філіс Шлэфлі, якая разам з тысячамі хатніх гаспадынь і іншых жанчын пратэставала супраць папраўкі.

Шлэфлі (гэта рэальны гістарычны персанаж) лічыла, што мужчына прызнаецца ў каханні да жанчыны кожны раз, калі пытаецца, ці гатовая вячэра. «Я абараняю рэальныя правы жанчын. Правы быць жонкай і маці», — казала яна. Калі аматары серыялаў памятаюць «Аповед служанкі», то існуе версія, што жонку камандора Фрэда Маргарэт Этвуд спісала якраз з Філіс Шлэфлі.

«Дамоў да цемры» (Home Before Dark)

Падлеткавая драма. ЗША, 1-ы сезон

Калі ў серыялы ёсць ціхі, меланхалічны амерыканскі гарадок, то само сабой, што ў ім хаваюцца страшныя альбо містычныя таямніцы. На гэты раз усю пастаральнасць гарадка ля возера бурыць журналістка-падлетак Хільда Ліска, якая пераязджае да бацькі з Брукліна. Дзяўчынка пачынае расследаванне даўняга забойства, пра якое мясцовыя жыхары, здаецца, паспяхова забыліся. Самае непрыемнае для дзяўчынкі, што ў гэтую гісторыю быў замяшаны і яе тата.

«Дамоў да цемры» мае рэальны правобраз — гэта журналістка Хільда Лайсіяк, якая ў 9-гадовым узросце заснавала уласную газету, дзе паведаміла раней за СМІ пра забойства ў адным гарадку. Пасля гэтага мясцовыя жыхары раілі ёй «гуляць у лялькі», а не займацца журналістыкай. Лайсіяк дапамагала са сцэнаром «Дамоў да цемры».

Глядзі таксама:

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у сакавіку

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у лютым

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у студзені

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Зміцер Панкавец

2
litwin / Адказаць
11.04.2020 / 16:00
No , top 4:
1) Hernan
2) Berlin Babylon
3) Curb Your Enthusiasm
4) ZeroZeroZero
0
Pavieł Hančar / Адказаць
12.04.2020 / 10:09
Зара самы час перагледзець стары канадзкі Regenesis - пра цэнтр генетычных і мікрабіялагічных даследванняў. Чатыры сезоны эпідэмій, ратаванняў ад новых вірусаў і лікбеза ў гэтай галіне.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру