21.05.2020 / 16:27

Каранік распавёў, як робяцца даплаты медыкам, што працуюць з каранавірусам 2

Фота Надзеі Бужан

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падрабязна пракаменціраваў сітуацыю з выплатамі медработнікам надбавак за работу з пацыентамі ва ўмовах каранавіруса. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння, адказваючы на пытанне БЕЛТА.

Міністр у прыватнасці адказаў на пытанне наконт інфармацыі, якая з'явілася ў шэрагу рэсурсаў, што нібыта даплату медыкам будуць вылічваць пахвілінна.

«Не выключана, што яны пераблыталі з медыцынскімі работнікамі нейкай іншай краіны. Мы ўжо не раз давалі гэтыя растлумачэнні і я, наведваючы медустановы, чырвоныя зоны, спецыяльна работнікаў пытаю, ці атрымалі яны надбаўкі ў тым выглядзе, як гэта прадугледжана ўказам.

Пачынаючы з санітаркі і заканчваючы загадчыкам аддзялення, яшчэ ніхто не сказаў, што заплацілі менш, чым трэба ў адпаведнасці з указам», — сказаў міністр.

«Асноўнае пытанне, напэўна, датычыцца персаналу хуткай медыцынскай дапамогі або дыягнастычных службаў, якія па абавязку службы займаюцца ці транспарціроўкай пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй, ці абследаваннем, функцыянальнай, рэнтгеналагічнай дыягностыкай. І тут мы яшчэ раз гаворым аб тым, што калі на працягу змены медыцынскі персанал кантактаваў з пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, то аплата ідзе за ўсю змену. Гэта значыць, не за тыя хвіліны, паўгадзіны або гадзіну, пакуль яны займаліся аказаннем медыцынскай дапамогі.

Калі такіх змен на працягу месяца было больш за 30 працэнтаў, аплата ідзе за ўвесь месяц — гэта значыць поўная аплата», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Паводле яго слоў, тут бачыцца сацыяльная справядлівасць: «Тыя, хто сапраўды дзесяць дзяжурстваў пастаянна займаўся аказаннем медыцынскай дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй і хто на адным дзяжурстве ажыццявіў перавозку пацыента… Па-мойму, несправядліва, што яны атрымаюць абсалютна аднолькавыя даплаты. Тут мы выконваем прынцып сацыяльнай справядлівасці і строга прытрымліваемся ўказа прэзідэнта. Усе, хто кантактаваў з гэтымі пацыентамі, атрымаюць даплату. Мінімальна — гэта змена. Максімальна — за поўны месяц работы».

Уладзімір Каранік таксама растлумачыў сітуацыю, што робяць, калі першапачаткова незразумела, ці быў інфіцыраваны каранавірусам пацыент, якому аказвалася дапамога.

«Бывае, мы вязём проста з пнеўманіяй і не ведаем, што ў пацыента ёсць каранавірус. У канцы месяца хуткая дапамога падае спісы тых пацыентаў, да якіх яны выязджалі на выклік або ажыццяўлялі транспарціроўку. Акрамя таго, санітарныя службы разам з лячэбнікамі параўноўваюць гэта са спісамі людзей з зарэгістраванай каранавіруснай інфекцыяй.

І калі, напрыклад, 29-га чысла месяца хуткая дапамога перавозіла пацыента з умоўна «чыстай» пнеўманіяй, а 2-га чысла (наступнага месяца) аналіз пацвердзіў наяўнасць у пацыента каранавіруснай інфекцыі, адпаведна, даплата пералічваецца і выплачваецца дадаткова ў наступным месяцы».

«Усе выпадкі аказання медыцынскай дапамогі пацыентам названага профілю будуць выяўлены і аплачаны», — запэўніў міністр.

Уладзімір Каранік звярнуў увагу на тое, што калі ёсць перакосы на месцах, то на гэты выпадак сумесна з галіновым прафсаюзам Міністэрствам аховы здароўя створана гарачая лінія ў кожным рэгіёне. «У нас гэта сітуацыя знаходзіцца на кантролі Міністэрства аховы здароўя. Калі нехта лічыць, што яго правы ўшчэмлены, ён можа звярнуцца або ў прафсаюз, або да адміністрацыі сваёй установы, або ва ўпраўленне аховы здароўя вобласці, або непасрэдна ў Міністэрства аховы здароўя. Гэта ўважліва будзе вывучана. Альбо будуць дадзены растлумачэнні, альбо будзе ажыццёўлена даплата», — сказаў ён.

Міністр у прыватнасці прывёў даныя адносна станцыі хуткай медыцынскай дапамогі ў Бабруйску, дзе сітуацыя з надбаўкамі медыкам асвятлялася ў шэрагу СМІ: «З 290 работнікаў, уключаючы кіроўцаў, фельчараў, дактароў, даплаты за красавік атрымалі 118 чалавек — тыя, хто сапраўды аказваў дапамогу пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй. Там парушэнняў у даплатах выяўлена не было».

Калі ж будуць выяўляцца тыя ці іншыя парушэнні, то яны будуць разгледжаны. «Для гэтага ёсць устаноўлены законам арбітраж і механізм атрымання даплат. І ў гэты механізм сродкі масавай інфармацыі не ўваходзяць, — дадаў Уладзімір Каранік. — Калі правы медыцынскіх работнікаў парушаны, яны будуць адноўлены».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Вясковы Лірнік / Адказаць
21.05.2020 / 17:15
Невартныя манеры: расказваць спецыфічныя рэчы не па адрасе.
0
Дед Мороз / Адказаць
22.05.2020 / 03:56
Врёт!
В поликлиниках: ни санитаркам ни регистраторам, которых заставляют без должных средств защиты всем на входе мерять температуры никаких доплат не выплатили вообще.
И не собирались.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру