Яраслаў Ліхачэўскі — паспяховы ІТ-бізнэсовец. Мільянер, можна сказаць. Апошнія гады ён жыў у Нідэрландах і развіваў сваю кампанію. А пасля выбараў стаў сузаснавальнікам Фонда салідарнасці BYSOL, каб дапамагаць беларусам, звольненым за выказванне сваёй пазіцыі. Ён жа падхапіў справу Мікіты Мікада і прапанаваў сілавікам, якія вырашылі сысці са службы, пісаць яму.

Пра суткі ў ізалятары за маўклівыя акцыі, працу сісадмінам у Дэпартаменце аховы МУС, праверку заявак у фонд і выплаты звольненым амапаўцам — у інтэрв'ю «Нашай Ніве».

Фота Tut.by

«Мой узровень жыцця нечым падобны да Цукерберга»

«Наша Ніва»: Як вас занесла ў Нідэрланды?

Яраслаў Ліхачэўскі: Тры гады таму мы паехалі туды з кампаньёнам рабіць стартап Deepdee. Гэта штучны інтэлект для дыягностыкі захворванняў вока па фота.

У Беларусі такія праекты рэалізоўваць досыць складана, бо няма тэхнічнай інфраструктуры, складана з акадэмічнай экспертызай у гэтай галіне і цяжкі доступ да інвестыцый (прынамсі тады быў). І нас запрасілі папрацаваць у аналаг нашага ПВТ, які спецыялізуецца менавіта на тэхналагічных праектах для медыцыны. Ён называецца Health Valley.

«НН»: Ці хутка вашай тэхналогіяй будуць карыстацца?

ЯЛ: Яна ўжо гатовая. Мы супрацоўнічаем з галандскімі клінікамі. У сакавіку атрымалі еўрапейскую сертыфікацыю, і з гэтага часу наш прадукт можна афіцыйна выкарыстоўваць у еўрапейскіх медыцынскіх установах.

«НН»: Мама-афтальмолаг, пэўна, ганарыцца вамі?

ЯЛ: Мама працуе разам з намі, яна адна са стваральнікаў кампаніі. Яна цалкам сышла ў стартап два гады таму.

«НН»: У 2018-м ваш праект ацанілі ў 1,2 мільёна еўра. То-бок вы мільянер?

ЯЛ: Калі ацэньваць актыў кампаніі, то так.

«НН»: А калі ўзровень жыцця? Гэта мільянерскі размах з яхтамі і катэджамі?

ЯЛ: Ведаеце, розныя мільянеры бываюць. Паглядзіце на Марка Цукерберга, які ходзіць у паношаных цішотках і доўгі час ездзіў на «цывіку». Я маю ўзровень жыцця нечым падобны да Цукерберга.

«Першая праца — грузчык у Шабанах»

«НН»: Як вы наогул прыйшлі ў ІТ?

ЯЛ: Гэта было яшчэ з дзяцінства. У мяне з’явіўся камп'ютар у шостым класе. З таго часу былі ці гульні, ці праграмаванне дзеля гульняў. Потым Ліцэй БДУ, потым БДУ — факультэт прыкладной матэматыкі, спецыяльнасць інжынера-праграміста.

Фота з Facebook

«НН»: Першую працу сваю памятаеце?

ЯЛ: Першая, за якую мне плацілі заробак і быў запіс у працоўнай, — грузчык у Шабанах у прамзоне. Потым я некалькі месяцаў працаваў у Дэпартаменце аховы МУС сісадмінам.

«НН»: І як вам знаёмства з сістэмай?

ЯЛ: Хапіла на ўсё жыццё. Дагэтуль памятаю словы нашага кіраўніка-маёра, які казаў штораніцу: «Хлопцы, памятайце, радзіма дагэтуль у небяспецы». І гэта «радзіма ў небяспецы» праходзіць праз усё маё жыццё.

«НН»: Вам таксама трэба было падпарадкоўвацца жорсткаму рэжыму?

ЯЛ: У мяне былі пэўныя прывілеі, бо я на той час (год 2005), напэўна, адзіны ва ўсім аддзеле ведаў, з якога боку ўключаецца камп'ютар, таму да мяне ставіліся з павагай.

Я перабольшваю, канечне, але тыя, хто на службе, здаваліся досыць кансерватыўнымі і не дужа разбіраліся ў тэхніцы.

Тады была пасада, якая называлася энікейшчык. Гэта калі табе тэлефануе чалавек і пытаецца: «Што рабіць? У мяне ўсплывае надпіс «press any key to continue» (націсні любую кнопку, каб прадоўжыць. — «НН»).

«Старшыня камісіі хаваў нас ад праверкі ў бібліятэцы»

«НН»: Апошнія тры гады жывяце ў Нідэрландах — ці адчуваеце сябе там сваім?

ЯЛ: Я, напэўна, адчуваю сябе сваім, дзе б я ні знаходзіўся. Таму што я заўжды выбудоўваю вакол сябе асяроддзе, у якім мне камфортна. Краіна досыць зручная для жыцця і стартапаў. Усе размаўляюць па-ангельску. І мне вельмі сорамна, што я павольна вучу галандскую. Але як у Беларусі жыццё не прымушае ведаць беларускую, на жаль, так і ў Нідэрландах не прымушае ведаць галандскую.

З плюсаў — тут пітная вада ў кожным кране. Калі ў цябе заўсёды ёсць доступ да яе і не трэба хадзіць па ваду ў краму, гэта вельмі змяняе якасць жыцця.

Другое — гэта транспартная інфраструктура. Ровар плюс цягнік вырашаюць усе твае праблемы па перамяшчэнні ў Нідэрландах. Няма ніякай неабходнасці набываць машыну, гэта нават нязручна.

Калі казаць больш агульна, то вельмі важна, што гэта свабодная дэмакратычная краіна, у якой ты адчуваеш сябе бяспечна і можаш спакойна займацца сваёй непасрэднай працай. Гэта было адкрыццём.

У Мінску ты пачынаеш свой дзень з навінаў: у нас «краіна прыемнага здзіўлення». У Нідэрландах — з кавы і працоўнай пошты, бо там не адбываецца нічога, што магло б цябе шакаваць, акрамя футбола.

«НН»: Вы былі летам у Мінску перад выбарамі. Прыехалі адмыслова падчас кампаніі ці так супала?

ЯЛ: Было тры мэты майго візіту. Па-першае, у Мінску да нядаўняга часу я бываў рэгулярна, бо ў нашай кампаніі тут офіс распрацоўкі. Па-другое, у мяне быў дзень народзінаў у сярэдзіне чэрвеня, і я хацеў адсвяткаваць яго ў Беларусі. І па-трэцяе, я збіраўся стаць сябрам участковай выбарчай камісіі.

«НН»: У вас атрымалася пабыць незалежным назіральнікам. Што шакавала?

ЯЛ: Мяне досыць складана шакаваць, але досвед сапраўды быў цікавы. Найбольш цікава было назіраць за старшынямі ўчастковых камісій — як яны дзейнічаюць, як змяняецца іх настрой. У нашай школе былі два ўчасткі для галасавання — адзін ўзначаліў дырэктар школы, другі — кіраўнік мясцовага ЖЭСа. 

Мы спачатку знайшлі паразуменне. Назіральнікі маглі знаходзіцца побач з участкам і бачыць амаль усё. Гэта працягвалася два дні, пакуль старшыні не атрымалі новы загад, што нас трэба пасунуць далей. А потым увогуле выгнаць з будынка. І я назіраў сітуацыю, калі на людзей цісну і я, і зверху, і яны не могуць вызначыць, ціск з якога боку ім больш пагражае.

Яны мітусіліся, спрабавалі шукаць кампраміс. Быў смешны эпізод, калі ўпраўленне адукацыі прыязджала з праверкай у школу, каб ўпэўніцца, што там няма незалежных назіральнікаў, і дырэктар нас хаваў у бібліятэцы.

Амаль да апошняга мы спадзяваліся, што старшыні камісій падлічаць галасы як мае быць. Але ўрэшце яны не вывесілі ніякіх пратаколаў. 

«У першыя дні пасля выбараў пачалася вайна»

«НН»: Калі вы вырашылі стаць сузаснавальнікам фонда салідарнасці?

ЯЛ: Фонд ствараўся ў першыя дні пасля выбараў. Я буду настойваць, што ў тыя дні пачалася вайна ў Беларусі, таму трэба было рабіць усё хутка і сітуатыўна. 

У мяне гэта гісторыя пачалася задоўга да жніўня — увесну, з першай хваляў кавіду. Паколькі мая кампанія тэхналагічна-медыцынская, то мы працуем з дактарамі амаль ва ўсіх буйных клініках Мінска. Калі распачаўся кавід і многія бальніцы былі пераарыентававаныя і мусілі займацца каранавіруснымі пацыентамі, Аляксандр Лукашэнка яго ігнараваў.

І тут з’явілася адна з найважнейшых грамадзянскіх ініцыятыў гэтага года — #BYCOVID19, якая ўзяла на сябе абавязкі забяспечыць дактароў усім неабходным. Гэта падняла першую хвалю салідарнасці. Так атрымалася, што я быў уцягнуты ў кампанію. Мне трэба было засцерагчы ад небяспекі сваіх дактароў, але тады немагчыма было набыць маскі. Я пазнаёміўся з Андрэем Стрыжаком, і разам было лягчэй шукаць пастаўшчыкоў гэтых рэчаў і дастаўляць у Беларусь.

Паралельна ў Стрыжака і кампаніі была іншая ініцыятыва — #BY_help. Гэта фонд, які дапамагае арыштаваным, аштрафаваным, параненым.

Калі на вуліцах пачалі страляць, узрываць гранаты, мы ўжо былі ў Кіеве. Падчас аднаго з абмеркаванняў прыйшлі да высновы, што хутка ў нас будзе вельмі шмат звольненых людзей, рэпрэсаваных тым ці іншым чынам эканамічна і што трэба ім неяк дапамагчы.

Мы вырашылі вылучыць асобны фонд салідарнасці, які быў бы інструментам узаемадапамогі паміж беларусамі.

«НН»: З вашых сяброў хтосьці пацярпеў у першыя дні пратэсту?

ЯЛ: У мяне ёсць знаёмы журналіст, які 9 жніўня злавіў ашчэпак гранаты плячом. Сяброўка, якая трапіла ў замес на Стэле 9-га. Сябра, якога арыштавалі, і ён сядзеў на Акрэсціна, потым у Жодзіне і Слуцку. Насамрэч ў мяне досыць шмат знаёмых, якія так ці інакш патрапілі пад гэты каток.

«НН»: Раней вы палітыкай цікавіліся?

ЯЛ: Калі ты вучышся ў Ліцэі БДУ, у цябе няма выбару, ці цікавіцца палітыкай альбо не. Вельмі шмат маіх сяброў удзельнічалі ў Плошчы 2006 года, потым у 2010-м. Ніхто з нас не быў прафесійным палітыкам, стваральнікам партыі, але мы заўжды сачылі за сітуацыяй, спрабавалі разабрацца, што адбываецца. 

У 2011 годзе я нават патрапіў на 7 сутак на Акрэсціна, а потым у Жодзіна за маўклівыя акцыі. Мяне забралі з кавярні, калі я на тэлефон здымаў, як супрацоўнікі МУС у трэніках ганяюць пенсіянерак па дварах.

Пасля, наколькі памятаю, не было буйных палітычных актыўнасцяў, і я сышоў займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю. У 2014-2015 годзе з’явілася першая кампанія, потым другая, я з’ехаў у Нідэрланды і да апошніх падзей не быў у палітыцы задзейнічаны. Для мне гэта нешта новае.

«НН»: А што цяпер з асноўнай працай? Вы паставілі яе на паўзу?

ЯЛ: Шчыра кажучы, больш за 90% часу я цяпер удзяляю фонду. Усё, што тычыцца асноўнай працы, я дэлегаваў сваёй камандзе, і яна спраўляецца, я за іх не хвалююся. У асноўным я засяроджаны на тым, каб сітуацыя ў Беларусі як мага хутчэй вырашылася і мы змаглі вярнуцца да сваіх звычайных жыццяў.

«Чалавек сышоў увесну, падправіў лічбы ў працоўнай і напісаў нам»

«НН»: Ці шмат звольненых сілавікоў ужо звярнулася да вас?

ЯЛ: Адразу мушу сказаць, што сілавікі — не тыя, на кім засяроджаны фонд. Мы працуем з усімі, хто эканамічна пацярпеў ад рэжыму, і сілавікі — толькі невялікая частка грамадства. Мы больш увагі надаём рабочым на заводах, чыноўнікам сярэдняга звяна.

Усяго ў фонд звярнуліся 1323 чалавекі. Выплаты атрымалі 325. Заявак шмат, таму іх апрацоўка займае два-тры тыдні.

«НН»: Тыя, хто падаваў заякі, — участковыя ці вялікія шышкі?

ЯЛ: Я бачыў заяўкі ад участковых да палкоўнікаў. Генерала яшчэ ніводнага не было.

Фота Надзеі Бужан

«НН»: Як вы правяраеце звароты?

ЯЛ: У нас ёсць адмысловая каманда, якая складаецца з некалькіх слаёў. Першапачаткова мы проста глядзім, каб усе дакументы, якія запытваем, былі ў наяўнасці, потым гэта апрацоўваем.

А пасля яшчэ падключаецца наша служба ўласнай бяспекі, у якой працуюць былыя супрацоўнікі сілавых структур — яны правяраюць сапраўднасць дакументаў і іншыя моманты па сваіх каналах.

Зразумела, калі гэта супрацоўнік завода, то да яго менш пытанняў. Калі чыноўнік ці сілавік, пытанняў больш.

«НН»: Адмаўлялі камусьці ўжо?

ЯЛ: Адмаўлялі. Напрыклад, калі ў працоўнай кніжцы выправілі дату звальнення. Чалавек сышоў ці ўвесну, ці ўвогуле ў мінулым годзе, падправіў лічбачкі і напісаў: вось, я вырашыў сысці, падтрымайце мяне, калі ласка, грашыма.

«НН»: А калі звернецца амапавец, пра якога вядома, што ён прымаў удзел у разгоне 9-11 жніўня, а цяпер проста вырашыў саскочыць з гэтага цягніка? Што зробіць фонд?

ЯЛ: Гэта вельмі складанае этычнае пытанне. З аднаго боку, ён злачынца і мусіць быць пакараны. З іншага, мы зацікаўлены ў тым, каб усе сілавікі, якія гатовы сысці, сыходзілі. Таму што нават калі ён удзельнічаў у злачынствах, а цяпер больш не хоча, гэта тое, да чаго мы імкнёмся. І калі адзін амапавец — а іх усяго 1500 — звальняецца, то, напэўна, мы мусім зрабіць так, каб ён меў магчымасць сысці.

Што далей з ім рабіць, пытанне іншае. Магчыма, гэты чалавек у свой час будзе пакараны незалежным судом. Магчыма, яго выхад сёння можна лічыць яўкай з павіннай. Магчыма, з ім мусяць працаваць псіхолагі. Магчыма, больш адказнасці трэба ўскладаць на камандзіраў, якія аддавалі загад. Але ў мяне няма адказаў на гэтыя пытанні. Іх прыйдзецца вырашаць па ходзе справы.

«НН»: Якую суму вы выплачваеце?

ЯЛ: Гэта стандартная сума — 1500 еўра. Мы ўсе хочам прытрымлівацца беларускіх законаў, таму і ў гэтым пытанні адштурхоўваліся ад іх. Па законе, калі супрацоўніка звальняюць з прычын, залежных ад наймальніка, яму мусяць выплаціць тры месячных заробкі ў якасці кампенсацыі. Гэта дае магчымасць спакойна знайсці новую працу і забяспечыць сябе сродкамі для існавання.

Мы збіраліся кожнаму пералічваць тры яго заробкі, але гэта ўскладніла працу. Трэба было запытваць больш дакументаў. Мы вырашылі пайсці на сацыялістычны крок — усіх зраўняць і выплачваць тры запаветныя «па пяццот», прычым еўра, а не даляраў, што ва ўсіх рэгіёнах, апроч Мінска, вышэй за месячны заробак.

«НН»: Думаю, вы часта чулі крытыку кшталту «Навошта дапамагаць звольненым сілавікам?». Патлумачце, навошта гэта рабіць.

ЯЛ: У нас ёсць тры мэты, да якіх мы рухаемся: спыніць гвалт, вызваліць палітычных зняволеных і правесці новыя дэмакратычныя выбары. І першая мэта не выпадковая: пакуль на вуліцах гвалт, мы не можам рухацца далей. Цяпер становішча вайны, а падчас вайны нельга нічога канструктыўнага рабіць.

Кожны амапавец, пасля таго як ён здымае форму і здае зброю, больш не можа збіваць людзей на вуліцах, гвалтаваць у аўтазаку і здзекавацца ў РУУС. Таму мы лічым, што кожны чалавек, які сыходзіць з сілавых ведамстваў, набліжае нас да нашай першай мэты.

Мы гатовыя ісці насустрач ім.

Фота Надзеі Бужан

У той жа час мы чуем незадаволеныя галасы, і яны кажуць пра тое, што гэтыя людзі ўсё адно застаюцца агрэсіўнымі і будуць чыніць гвалт іншым чынам. Мы асэнсоўваем гэту праблему таксама. Трэба распрацоўваць нейкія праграмы рэабілітацыі і вяртання сілавікоў у грамадства, бо нам з імі далей жыць разам. Але гэта досыць вялікі кавалак працы — мы, на жаль, не маем пакуль рэсурсаў, але гатовы падтрымаць такія ініцыятывы.

«НН»: За час працы ў фондзе што вы для сябе зразумелі пра сілавую сістэму?

ЯЛ: Адэкватныя людзі ёсць паўсюль, іх колькасць залежыць ад асяродку. І я б не сказаў, што асяродак у нашых сілавых структурах добры. Варта прызнацца, што цягам апошніх 26 год Аляксандр Лукашэнка зрабіў добрую працу па адмоўнай селекцыі. Ён выбудоўваў усю сістэму такім чынам, каб асноўны крытэрый быў не прафесіяналізм, а татальная лаяльнасць і падпарадкаванне яго ўладзе. Гэта не стварае ўмоў для эфектыўнай працы — ва ўсіх сферах.

Але што я пабачыў у сілавых структурах — гэта панаванне атмасферы татальнага недаверу. Наколькі я ведаю з апошніх размоў з сілавікамі, яны нават не размаўляюць адзін з адным у курылках, бо баяцца ўласнага ценю.

І я не ўяўляю, як у такой атмасферы можна эфектыўна працаваць, таму не веру, што сілавікі змогуць супрацьстаяць беларускаму народу.

Яны ўсё яшчэ могуць біць нас на вуліцах, але інтэлектуальная праца кепска выконваецца. Гэта палохае тым, што нам у новай Беларусі спатрэбяцца сілавыя структуры, каб абараняць нас ад крыміналу, але не зразумела, ці здольныя цяперашнія супрацоўнікі гэта рабіць або нам давядзецца інвеставаць час і грошы, каб вырасціць новых прафесіяналаў.

Нават з таго, што мы бачым на вуліцах, яны выдыхаюцца, не разумеюць, навошта ім біць сваіх суседзяў і кідаць іх у аўтазакі. Іх працягваюць нашпігоўваць прапагандай, пужаць масонамі і рэптылоідамі, але, здаецца, і гэта перастае працаваць.

***

Даведка па фондах

#BY_help. Дапамагае тым, хто пацярпеў фізічна і юрыдычна — патрапіў на Акрэсціна, быў збіты АМАПам, атрымаў штраф. Фонд працуе наступным чынам: спачатку прыйдзецца пакрыць выдаткі самастойна, потым іх кампенсуюць. Фонд заклікае не плаціць штрафы адразу, абскарджваць судовыя рашэнні. Выключэнне — медыцынскія выдаткі. Рэабілітацыю і лячэнне могуць аплаціць наперад. Паколькі заявак вельмі шмат, апрацоўка звароту займае каля месяца.

BYSOL. Дапамагае тым, хто пацярпеў эканамічна — звольненым за палітычную пазіцыю, дзяржслубоўцам, якія вырашылі сысці, каб не ўдзельнічаць у злачынствах, страйкоўцам, якіх не звальняюць, але пазбаўляюць прэмій і даплат. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?