Беларусь больш не стане крыжам
    Пры дарозе з Хрыстом распятым.
    С. Дарожны
    Палымнее касцёр у турэмным двары—
    Гэта проза і вершы, і заўтрашні дзень
    І тваёй, і маёй Беларусі гарыць.
    І паўзе па зямлі дыму згубнага цень
    За тваім цягніком на скрываўлены ўсход,
    Дзе будуецца горад на белых касцях.
    Над табою нябёсы чужыя, як лёд,
    І навокал снягі і лясы—у снягах…
    Ты не можаш паверыць, што шлях твой—не сон,
    Што табе толькі сёння прысніўся чамусь.
    А задрэмлеш на міг: бачыш жыта і лён,
    Курганы і азёры, і ўсю Беларусь,
    Для якой ты пісаў, для якой ты і жыў,
    Каб заўсёды яна, расквітнеўшы, жыла,
    Каб на нашых магілах стаялі крыжы,
    Не трава забыцця палымнела-расла…
    Дагарае касцёр у турэмным двары,
    Попел шэры, як снег, уздымаюць вятры,
    І ляціць шэры попел не ў неба да зор,
    Узляцеўшы, вяртаецца зноў у касцёр,
    Каб ізноўку гарэць і гарэць, і гарэць,
    І бясконца праз нашае Заўтра ляцець…
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?