Фота Настассі Уткінай.

Судовае разбіральніцтва вядзе суддзя Людміла Пятрова і два народныя засядацелі — Дукава і Матвеева. Дзяржаўны абвінаваўца — Сяргей Кавальчук. Абвінавачванага абараняе адвакат Аляксей Крывалапаў. Пацярпелых па дадзенай справе няма.

Івана Вярбіцкага абвінавачваюць па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • Частка 5 артыкула 16 «Саўдзел у злачынстве».
  • Частка 1 артыкула 289 «Акт тэрарызму». Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці год.
  • Частка 2 артыкула 295 «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Караецца папраўчымі працамі на тэрмін да двух год, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да пяці год, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да сямі год са штрафам ці без штрафу.
  • Частка 1 артыкула 377 «Крадзеж, знішчэнне, пашкоджанне або ўтойванне дакументаў, штампаў, пячатак, крадзеж бланкаў». Караецца грамадскімі працамі, ці штрафам, альбо папраўчымі працамі на тэрмін да двух год, альбо арыштам, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да двух год, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Згодна з абвінавачваннем, 14 кастрычніка 2020 года Іван Вярбіцкі пад нікам «Dimon D» размясціў у двух тэлеграм-каналах Ашмянаў і Астраўца каментары, у якіх застрашваў насельніцтва і дэстабілізаваў абстаноўку ў краіне. У тэлеграм-канале «Ашмяны» заклікаў закідаць пракуратуру Ашмянскага раёна кактэйлямі Молатава, а ў тэлеграм-канале «Астравец для жыцця» заклікаў пашкодзіць маёмасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і іх сямей. Абвінавачванне трактуе размяшчэнне каментароў у публічных тэлеграм-каналах як падбухторванне да здзяйснення акту тэрарызму. Вярбіцкага абвінавачваюць яшчэ ў тым, што 21 кастрычніка ён разарваў пратакол аб ператрусе, а таксама ў незаконным набыцці і захоўванні боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Вярбіцкі прызнае віну толькі па артыкуле 377.

Паказанні Вярбіцкага

Іван Вярбіцкі нарадзіўся ў Багданаве ў Валожынскім раёне 17 ліпеня 1965 года. Пасля жыў у Гальшанах Ашмянскага раёна, дзе афіцыйна зарэгістраваны, але працаваў ад 1990-х гадоў у Расіі. У яго дзве вышэйшыя адукацыі. Працаваў мастаком-дызайнерам, затым перакваліфікаваўся і працаваў мультыплікатарам, рэжысёрам, мантажорам відэа. Малюе карціны, піша апавяданні. Раней не быў судзімы.

Вярбіцкі прыехаў з Падмаскоўя ў Гальшаны ў красавіку 2020 года. У Гальшанах Вярбіцкі жыў у доме бацькі, які памёр пяць год таму. Дом дастаўся ў спадчыну яму і яго сястры, аднак яны яшчэ не дзялілі маёмасць.

14 кастрычніка Вярбіцкі прачнуўся каля 9 гадзін, адкрыў тэлеграм. У канале «Ашмяны» пабачыў паведамленне пра тое, што размясцілі адфоташопленую карцінку сцяга, каб прадстаўнікі праваахоўных органаў прыехалі на месца, а там насамрэч нічога не было. Таму абвінавачваны вырашыў таксама «патроліць» сілавікоў. Ён пакінуў у канале допіс са словамі «Заўтра ідзём штурмаваць мясцовы КДБ», пасля дапісаў «Маленькімі групамі з кактэйлямі Молатава». Яму адказалі, што ў Ашмянах цяпер няма КДБ, на гэтым месцы знаходзіцца пракуратура. Тады Вярбіцкі адказаў: «Будзем паліць пракуратуру».

Пасля Вярбіцкі перайшоў у канал «Астравец для жыцця», там зрабіў рэпост з тэлеграм-канала, які прызнаны экстрэмісцкім, і дапісаў: «Усе міліцэйскія тачкі і тачкі іх жонак павінны гарэць».

Абвінавачваны патлумачыў, што трэба разумець мяжу паміж рэчаіснасцю і віртуальным жыццём. Па яго словах, дыскусія ў тэлеграм-каналах была абсалютна жартоўнай і не мела дачынення да рэальнага жыцця. Вярбіцкі прызнаўся, што часта займаўся тролінгам:

— У адным з тэлеграм-чатаў, напэўна, гэта быў канал «Ліда для жыцця» напісаў, што трэба зрабіць дэманстрацыю: выпусціць кароў, размаляваных у белыя і чырвоныя колеры. Канешне, гэтага не адбылося. Яшчэ пісаў, што зрабіў падкоп з Гальшанаў да рэзідэнцыі прэзідэнта. Але стаміўся, а засталося ўсяго 200-300 метраў дакапаць, таму заклікаў людзей мне дапамагчы. Вось у жартоўнай форме пісаў, але тады справу не ўзбудзілі.

Абвінавачваны не ведаў, дзе знаходзіцца пракуратура ў Ашмянах, а дакладнага месца для збору людзей маленькімі групамі нідзе не ўказваў. Вярбіцкі не быў знаёмы ні з кім асабіста з чатаў «Ашмяны» і «Астравец для жыцця». Таксама ён адмаўляе, што падбухторваў людзей да тэрарыстычнага акту, ніякіх дзеянняў для здзяйснення злачынства не прадпрымаў.

21 кастрычніка Вярбіцкі выйшаў па прадукты. Пасля вяртаўся дадому і пабачыў групу асоб. Сярод гэтай групы людзей быў чалавек у міліцэйскай форме, побач стаяла міліцэйская машына. Людзі паказалі яму пасведчанні.

— Падумаў спачатку, што гэта жарт, розыгрыш. Толькі пасля зразумеў, што гэта сапраўды супрацоўнікі. Адзін паказаў пастанову пракурора, дзе мяне абвінавачваюць па нейкіх жахлівых артыкулах.

Вярбіцкі прачытаў адну старонку пастановы, раззлаваўся і разарваў дакумент. Калі яго збіраліся павезці ў пастарунак, дастаў тэлефон і разбіў аб багажнік міліцэйскага аўтамабіля.

— Разбіў тэлефон, таму што прадставіўся такі выпадак. Прыехала следчая група, якая прыйшла лавіць злога тэрарыста, — тлумачыў свае дзеянні Вярбіцкі.

Міліцыянеры адвезлі Вярбіцкага ў пастарунак, зрабілі новую пастанову і вярнуліся ў Гальшаны. Там Вярбіцкі адмаўляўся адчыняць дзверы дому пакуль не прыйшоў старшыня сельвыканкама.

Дома ў абвінавачванага следчая група знайшла порах і 23 малакаліберныя патроны. Вярбіцкі расказаў, што дом вялікі — шмат пакояў, у якіх ён не жыў, не чапаў рэчы, што засталіся пасля смерці бацькоў, і не ведае дакладна, што і дзе захоўвалася.

Порах, які знайшлі ў шафе, знаходзіўся за банкамі, ён туды не залазіў. А патроны ляжалі ў чамадане, які знаходзіўся ў канапе ў пакоі маці, куды ён вельмі рэдка заходзіў. Вярбіцкі мяркуе, што порах і патроны засталіся ад бацькі, які быў паляўнічым. Дарэчы, сам Вярбіцкі таксама быў паляўнічым, ён здаў сваю стрэльбу ў міліцыю на ўтылізацыю яшчэ ў 2019 годзе.

Сведкі з Ашмянскага РАУС

Мікалай Вярбіцкі, Ігар Якаўлеў, Аляксей Ярашэвіч — оперупаўнаважаныя Ашмянскага РАУС. Яны праводзілі ператрус у абвінавачванага. Якаўлеў і Ярашэвіч заявілі, што перад тым, як разарваць паперу аб ператрусе абвінавачваны сказаў нешта пра карнікаў. Ярашэвіч працытаваў: «Вы — карнікі, вы не дзейная заканадаўчая ўлада». Супрацоўнікі міліцыі пацвердзілі, што знайшлі дома ў Вярбіцкага порах і патроны, а таксама забралі камп’ютарную тэхніку.

Аляксандр Гудзеўскі — участковы Ашмянскага РАУС. Ён таксама праводзіў ператрус. Па яго словах, больш займаўся відэаздымкай, чым выемкай рэчаў, таму не ведае, дзе дакладна знайшлі порах і патроны.

Андрэй Стэльмах — старшы інспектар па дазвольнай працы Ашмянскага РАУС. Ён не прымаў удзелу ў ператрусе. Стэльмах расказаў, што Вярбіцкі здаваў стрэльбу ў 2019 годзе яму.