Суддзя Савецкага раёна Мінска Сяргей Шаціла.

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла.

Пра гэтую справу амаль нічога невядома, паколькі сваякі абвінавачванага не хацелі агалошваць матэрыялы суда і былі супраць, каб нехта маніторыў судовае пасяджэнне.

Праваабаронцам вядома, што прадпрымальнік Беразінскі быў затрыманы 11 кастрычніка на адным з маршаў пратэсту ў Мінску. Некалькі сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання, а ўжо 16 кастрычніка яго затрымалі ў межах крымінальнай справы.

Абвінавачванне прасіла суд прызнаць Беразінскага вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Вядома таксама, што з матэрыяльнымі прэтэнзіямі у судзе выступіла камунальнае транспартнае прадпрыемства «Мінсктранс». Суд пастанавіў, што права на задавальненне матэрыяльнага зыску да Беразінскага неабходна перадаць у сферу грамадзянскай судавытворчасці.

Суддзя Сяргей Шаціла вынес прысуд: прызнаць Беразінскага вінаватым і пакараць тэрмінам тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Арыштаваную маёмасць — тэлефоны айфон, флэш-карты, ноўтбук, аўтамабіль Фольскваген Крафтэр, усе грашовыя сумы на рахунках у банках, пакінуць пад арыштам.

Арыштаваную нерухомасць і долі ў зямельных участках у Ждановічах і Ратамцы вызваліць з-пад арышту.