Беларускія музыкі працягваюць працаваць над сваімі творамі ў межах праекту «Тузін. Перазагрузка».

Песьня гурта Da Vinci «L’amore non esiste» з дапамогай Алеся Камоцкага пераўтварылася ў «Каханьне не ўзьнікла», Андрэй Хадановіч пераклаў «Трыюмф волі» Сяргея Пукста, а Глеб Лабадзенка пераасэнсаваў на беларускі лад «Под куполом небес» маскоўска‑менска‑наваполацкага гурта «Стокс».

Запіс песьні «Каханьне не ўзьнікла» для гурта Da Vinci было сапраўдным выпрабаваньнем. «Беларускую мову ведаю добра, але сам расейскамоўны, таму па‑беларуску было вельмі складана сьпяваць, — прызнаецца вакаліст праекту Дзяніс Дудзінскі. — Такое было адчуваньне, што ідзеш нямаведама куды. Але зь цікавасьцю пераадолеў перашкоды, і па выніку праслухаў сябе сябе беларускамоўнага зь немалым зьдзіўленьнем». Музыкі далі волю паэту і перакладчыку Алесю Камоцкаму, які на падставе іх гіта «L’amore non esiste» фактычна стварыў новую песьню. Da Vinci задаволіліся вынікам і вырашылі ўключыць «Каханьне не ўзьнікла» у свой сталы рэпертуар. Больш за тое — па‑за межамі «Перазагрузкі» яны маюць намер працягнуць супрацу з Алесем Камоцкім. Музыканты плянуюць стварыць блок з некалькіх песень па‑беларуску.

А вось Сяргей Пукст падчас удзелу ў праекце вырашыў зьмяніць песню. Замест кампазыцыі «Просто сталь» ён перасьпявае «Трыюмф волі» — загалоўную песьню з свайго апошняга альбому.

Сяргей апавядае, што праблемы паўсталі праз слова «голубизна», які ўжываецца ў песьні:
«Гэтае слова не мае дастатковую колькасць адпаведных значэнняў у беларускай мове, таму анічога не выходзіла з перасьпевам рытмічна ды сэнсаваная нагрузка не захоўвалася. Таму я прыняў рашэньне замяніць на іншую песьню, больш распеўную, каб падкрэсьліць прыгажосьць яе беларускага варыянту», — патлумачыў выканаўца. «Трыюмф волі» пераклаў ужо паэт Андрэй Хадановіч. Сяргей Пукст называе гэты тэкст — бездакорным.

«Пад купалам блакітных нябёс калыша нас мэлёдыяй лёс», — гэтак цяпер гучыць прыпеў адной з самых прыгожых песень гурта «Стокс» «Нам вельмі спадабаўся пераклад, які зрабіў Глеб Лабадзенка, — кажуць удзельнікі гурта, — Мы не размаўляем па‑беларуску па жыцьці, але мы ўсьведамляем сябе беларусамі». Праца над гістарычным для «Стоксаў» трэкам будзе весьціся адразу ў трох гарадах — Наваполацку, куды пэрыядычна прыязджае да сваёй сям’і лідэр гурта Аляксей Стокс, Менску, дзе часам зьбіраюцца музыкі і Маскве, дзе апошнім часам гурт «Стокс» працуе.

Інтэрнэт‑прэзэнтацыя праекту «Тузін. Перазагрузка» адбудзецца ў новым музычным сэзоне на старонках Тузін Гітоў і Будзьма.

***

У праекце «Тузін. Перазагрузка» інтэрнэт‑парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі» бяруць удзел 12 самых цікавых айчынных небеларускамоўных выканаўцаў розных стыляў,
якіх лучыць арыгінальнасьць матэрыялу, прафэсыйнасьць у музычным падыходзе і жаданьне эксперымэнтаваць. Кожны зь іх перазапіша адзін з сваіх гітоў у беларускамоўным варыянце, выкананым прафэсыйным перакладчыкам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0