За сезон збору ягадаў ці грыбоў можна зарабіць да $1000. Купіць добры камп'ютар. За два сезоны – патрыманае аўто. Але толькі тады, калі вас не заспее на гарачым дзяржаўны інспектар. Піша Уладзімір Скрабатун.

 Здалёк была заўважная сталая кабета.

Здалёк была заўважная сталая кабета.

 Брусніцы...

Брусніцы...

 ...Дурніцы.

...Дурніцы.

 «Камбайн». Гэтая прылада нявечыць ягаднікі на гады.

«Камбайн». Гэтая прылада нявечыць ягаднікі на гады.

 Трафеі інспектараў.

Трафеі інспектараў.

 Складанне пратаколу.

Складанне пратаколу.

Вельмі часта збор ягадаў – пазапраўны. Збіраюць ягады адмысловымі прыладамі, якія ў народзе называюць «камбайнамі». Жахлівы след пакідаюць пасля сябе ягадныя браканьеры. Вытаптаныя, здратаваныя, знявечаныя ягаднікі! Тут ўжо доўга не будзе ягад!

Наша газета («Вольнае Глыбокае») шмат увагі надае краязнаўству, стану ахоўваных помнікаў гісторыі і культуры, гэтаксама як ахове жывёльнага і расліннага свету. Зыходзячы з апошняга, Глыбоцкая міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, у асобе яе начальніка А.В. Протаса, прапанавала аўтару гэтых радкоў паехаць у рэйд па месцах масавага збору ягадаў разам з супрацоўнікам інспекцыі і супрацоўнікам Глыбоцкага даследчага лясгаса.

І вось, Уладзіслаў Баляслававіч Кабылінскі, дзяржаўны інспектар Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету і Іван Казіміравіч Дубовік, інжынер па ахове лесу Глыбоцкага даследчага лясгаса, ды аўтар гэтых радкоў з фотаапаратам зрабілі выправу ў Галубіцкую пушчу.

Вёска Малыя Давыдкі. Тут на мясцовых могілках пахаваны вандроўны мастак Язэп Драздовіч. На магіле – помнік.

Спытайце любога, каму за восемдзесят, і яны вам распавядуць пра дзівака ў капялюшы, «які глядзеў на неба ўвечары і бачыў там Маркса і Энгельса».
Зразумела, сённяшнім бабкам, якія ў часы Драздовіча былі дзесяцігадовымі дзяўчынкамі, няўцям, што бачыў ён там не Маркса, а планету Марс.

За Малымі Давыдкамі і пачынаецца Галубіцкая пушча – лясны масіў Галубіцкага лясніцтва Глыбоцкага доследнага лясгаса. Заязджаем, зварочваем улева. Тут некалі быў засценак Пунькі, месца, дзе нарадзіўся Драздовіч.

Засталіся падмуркі Драздовічавай хаты, якія ўжо абрастаюць лесам. Праз пяць гадоў і тых падмуркаў ужо не знойдзеш.

Здалёк была заўважная сталая кабета, якая, «Камбайнам», энергічна рабіла «абмалот» ягадніка. Не спыніла яна працу і тады, калі да яе падыйшлі два інспектары. Нібыта іх і не было наогул. З хвіліну назіралі…Прадставіліся, паказалі пасведчанні…

– Я вас Хрыстом Богам, усімі святымі прашу: адпусціце вы старую бабу дамоў. Я першы раз у жыцці пайшла ў лес па ягады і больш мая нага сюды не ступіць. І «камбайн» я ўзяла першы раз у жыцці. Я нават і не ведала, што ім збіраць нельга! – апраўдваецца «браканьерка» .

Пайшлі складаць пратакол.

– Прозвішча, імя, імя па бацьку, месца жыхарства?– пытае інспектар Кабылінскі.

– Л…віч, жыхарка Малых Давыдак…

– Год нараджэння?

– 1932-гі.

– Адукацыя?

– Не памятаю!

– Колькі класаў скончылі?

– Адно лета хадзіла ў школу… Потым яшчэ паўлета. Вайна ж была… А затым вайна скончылася – трэба было працаваць, не далі вучыцца.

– Значыць, два класы скончылі. Так і запішам…

Незважаючы на ўсе гэтыя акалічнасці, я проста быў зачараваны яе чысцюткай беларускай мовай. Не трасянкай! Гэта – дыялект Віцебшчыны (раней Віленшчыны). Тут так размаўлялі і сто, і дзвесце, і пяцьсот гадоў таму. Жывая мова Язэпа Драздовіча! Толькі ў пушчы яна захавалася…

Хоць інспектар і паабяцаў завесці кабету на УАЗіку дадому ў Малыя Давыдкі, яна, прынцыпова, спаслаўшыся на неадукаванасць, пратакол не падпісала. «Камбайн» канфіскавалі. На гэтым і развіталіся. Для жыхаркі Малых Давыдак, зважаючы на ўзрост, хутчэй за ўсё пазапраўны збор ягадаў скончыцца папярэджаннем.

Пакуль пісаўся пратакол, я адышоўся ў маладзенькі беразняк… Адзін падасінавічак, другі, трэці! Абабкаў (падбярозавікаў) – хоць касой касі! За дзесятак хвілінаў – поўная торба грыбоў!

Едзем далей па Драздовічавых мясцінах. Наперадзе імчыць на ровары мужчына з вядром і плецком за плячыма.

– Знаёмы твар! – кажа У. Кабылінскі. – Лавіў яго, лавіў за рыбнае браканьерства і так не злавіў. Збег!

Спыняемся. Вядро – яшчэ пустое.

– Ці ёсць у заплечніку «камбайн»?

– Няма.

– Зараз паглядзім! – Во! А казалі: «Няма!»

– Я яго ў лесе знайшоў і забраў сабе,– кажа С…, жыхар г.п. Падсвілле.

Гэтым разам абышлося без пратакола, бо не было факту пазапраўнага збору ягадаў. «Камбайн» канфіскаваны.

Недалёка ад вёскі Ліпава, слыннай некалі пушчанскай «сталіцы» самагонаварэння, завіталі на прывал да зборшчыкаў брусніцаў. Людзі перабіралі, сартавалі ягады… Прывіталіся.

– «Камбайнамі» збіралі?

– Не, не, не! Рукамі, рукамі!

– Зараз праверым! – сказаў інспектар Кабылінскі, зазірнуўшы ў салон «маскаля» («Масквіча»). Ёсць! А казалі: «Рукамі, рукамі!»

Чый «камбайн»?

– Мой! – кажа сталы мужчына, у якога на рукаве была нашыўка з трыкалорам і надпісам «Россия».

– Такой канструкцыі я яшчэ не бачыў! Напэўна іх выпускае расійская «абаронка» па канверсіі?

– «Камбайн» не быў ужываны!– вось так, чыста па-беларуску – «не ўжываны» – разы тры паўтарыў мужчына. Узялі з сабой на ўсякі выпадак!

– На усякі выпадак – кажаце! Не ўжываны? А мох – свежы, да «камбайна» прыліпшы!

«Камбайн» унікальнай канструкцыі канфіскавалі. Пратакол ізноў не складалі – не злавілі, не злодзей. Сам жа гаспадар сцвярджаў: «камбайн» гэты для збору журавінаў. Тое ж канстатаваў і Іван Дубовік, інжынер лясгаса.

Праз пару кіламетраў заехалі ў сапраўдную глухмень: зправа-злева – верхавое балота. Водар багуна – нясцерпны! Буйныя, нібы вінаград, дурніцы. Еш – не хачу!

Здавалася б, хто сюды паедзе? Аднак, бачым: «Аўдзі» збоч дарогі. Людзей няма, як ні шукалі. Прайшлі яшчэ паўкіламетра… Матацыкл – прыхілены да сасны. Людзей таксама няма…

Падзяліліся на дзве групы: інспектар пайшоў асобна, я – з інжынерам лясгасу. Раз-пораз яны перагукаліся па рацыі. Мабільная сувязь тут недасягальная!

Спелыя брусніцы, чарніцы, дурніцы і ажыны! Ну, ужо ж і паласаваліся! А грыбоў колькі!

Вяртаемся да «Аўдзі»… Вось дык «улоў»! Ідзе мужчына з бульбяным мяхом на плячах, у руках – паўвядра ягадаў з «камбайнам». Ля аўто ўжо ляжыць яшчэ адзін бульбяны мяшок з брусніцамі і стаяць два вядры ягадаў. Дзве жанчыны, сталая і маладзейшая, чакаюць яго ля аўто.

– Ну, не хавайце вы ўжо камбайны! Бачу! – кажа Іван Дубовік, інжынер лясгаса.

Прыехаў выкліканы па рацыі сп. Кабылінскі. Паведаміў, што потым, ля пакінутага матацыкла сустрэў чатырох мужчынаў, у кожнага было па бульбяному мяху ягадаў. «Камбайнаў» у руках не было. Пэўна, абачліва прыхавалі недзе ў імху. Відавочна ж – ягады сабраныя не рукамі! А як дакажаш?

Два інспектары пачалі складаць пратаколы. Натуральна, гэтая «брыгада» зборшчыкаў ягадаў, пашкадавала, што чатыры вышэйзгаданыя мужчыны аказаліся больш абачлівымі. А тут: і пратаколы і штрафы…

– А яшчэ патрапіце ў газету!– кажа сп. Кабылінскі.

– Якую?– пытаецца старэйшая кабета.

– «Вольнае Глыбокае».

– Ай! Не стаўце мяне ў газету!– просіць спадарыня мяне. Я ж некалі выпісвала вашую газету. Добрая газета! Шкада, але цяпер падпіска на вашую газету забароненая... А я ж некалі ўсю сваю вёску загітавала яе выпісаць. Не стаўце, калі ласка, мяне ў газету.

– Не хвалюйцеся, калі і ўбачыце сябе ў газеце, то толькі са спіны!

Зрэшты, як і ўсе іншыя...

Праз неадкладнасць справаў, недахоп часу, нястачу сродкаў, я наўрад ці за рэшту жыцця зрабіў бы такую цікавую вандроўку. Дзякуй спадару Протасу! Наматаўшы ці не сотню кіламетраў, я пабачыў Галубіцкую пушчу ў зусім нечаканым святле. Гэта не толькі і не столькі бясконцы лес. Цяжка ўявіць, але ў гэтай лясной глухмені існуюць і добраўпарадкаваныя месцы адпачынку, як ля рэчкі Чысцянка. Прыязджай: лаві рыбу, купайся, смаж шашлыкі (нават дровы напілаваныя), збірай грыбы, адпачывай у альтанках… Часта сустракаліся паляўнічыя вышкі, домікі для паляўнічых, старыя леснічоўкі з экзатычнымі дрэвамі побач. Абеліскі і крыжы пры дарозе. Як тое – помнікі «стражам гранічным Галубіцкай пушчы», якія палеглі ад куляў кантрабандыстаў і правакацыяў з таго, савецкага, боку мяжы. Гэтая частка пушчы 18 гадоў належала палякам.

Ёсць і помнікі савецкім партызанам, мірным жыхарам, якія загінулі ў апошнюю вайну. І зусім ужо нечакана – пясчаныя выдмы, пакрытыя тундравымі мхамі і лішайнікамі.
Лясная дарога ідзе па грэбні дзюнаў, а злева і справа – разлеглыя верхавыя балоты. Не дзіва, што ў савецка-польскую вайну праз Галубіцкую пушчу не праходзіла лінія фронту. Напэўна, маюць рацыю тыя, якія сцвярджаюць: балоты – дно вялізнага пасляледавіковага прэснаводнага мора, на фоне якога цяперашняя Нарач будзе выглядаць нават не сажалкай, а невялічкай лужынай. Мора з цягам часу вынесла рака Бярэзіна. Дзюны засталіся.

Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?