Два чалавекі загінулі і тры атрымалі траўмы ў дарожна‑транспартным здарэнні, якое адбылося ноччу 14 лістапада ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці.

Як паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінскага аблвыканкама, у 1.45 блізу вёскі Каменны Барок 30‑гадовы грамадзянін Расіі, жыхар Масквы, не справіўся з кіраваннем аўтамабілем «КІА». У выніку машына з’ехала ў кювет, урэзалася ў дрэва і загарэлася.

Загінулі кіроўца аўтамабіля і адзін з чатырох пасажыраў — 14‑гадовы хлопчык, вучань Каменнаборскай сярэдняй школы.

У Бярэзінскую раённую бальніцу дастаўлены жыхары гэтай вёскі, 1983 і 1991 гадоў нараджэння, і 15‑гадовая жыхарка вёскі Крапіўня.

Паводле гэтага факта распачата справа на падставе ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў).

Як паведамілі ва ўпраўленні Дзяржаўтаінспекцыі МУС, за мінулыя трое сутак у Беларусі зарэгістравана 75 ДТЗ з пацярпелымі. У аварыях загінулі 19 чалавек і 77 атрымалі раненні. Шэсць дарожна‑транспартных здарэнняў адбыліся па віне п’яных вадзіцеляў. За кіраванне аўтатранспартам у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 518 кіроўцаў.

За парушэнне правілаў дарожнага руху да адказнасці прыцягнуты 4.248 пешаходаў; 2.766 з іх знаходзіліся на дарозе ў цёмны час сутак без святлоадбіўных элементаў.

За няпропуск пешаходаў на пераходах да адказнасці прыцягнуты 593 вадзіцелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?