10.08.2006 / 22:36

Разанаў, яйкі і МТС

Паэт Алесь Разанаў, які цяперака жыве ў кляштары Ордэну капуцынаў у швайцарскім горадзе Цуг, 4 жніўня ў Менску ў фальварку «Добрыя мысьлі» прэзэнтаваў сваю чарговую кнігу «Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць».

Фота Андрэя Лянкевіча

Паэт Алесь Разанаў, які цяперака жыве ў кляштары Ордэну капуцынаў у швайцарскім горадзе Цуг, 4 жніўня ў Менску ў фальварку «Добрыя мысьлі» прэзэнтаваў сваю чарговую кнігу «Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць». Як і дзьве папярэднія разанаўскія кнігі, гэтая выйшла ў выдавецтве Ігара Логвінава.

«Каб мелі шчасьце...» – працяг канцэптульнага праекту паэта з мастаком Віктарам Маркаўцом «Яйкаквадраты», які быў запачаткаваны ў далёкім 1993 годзе. На гэты раз на вокладцы белае яйка ў чырвоным квадраце. Ёсьць яшчэ тры карціны з гэтае сэрыі, таму Разанаў паабяцаў працяг сваіх паэтычных кніжак.

У гэты зборнік увайшлі як ужо добра вядомыя чытачу творы, так і новыя, сярод якіх аўтар раіць зьвярнуць увагу на паэму «Ўсяслаў Чарадзей», дапісанаю ўжо ў Швайцарыі.

На імпрэзе прысутнічала багата айчынных інтэлектуалаў, якія ня сквапнічалі на добрыя словы Разанаву. Аўтар не плянаваў чытаць на прэзэнтацыі свае творы, але пасьля просьбы Сяргея Абламейкі, які адзначыў, што на чужыне адчувае голад па беларускаму паэтычнаму слову, згадзіўся працытаваць некалькі ўрыўкаў з паэмаў.

Анатоль Сідарэвіч высьветліў, што кнігі Разанава выдавецтва Логвінава не зьяўляюцца Поўным зборам твораў паэта.

Скульптар Алесь Шатэрнік зьвярнуў увагу тых, хто сабраўся ў залі, на цікавы момант. Лягатып, надта падобны да яйкаквадратаў Разанава–Маркаўца, ужо ня першы месяц выкарыстоўвае кампанія мабільнай сувязі МТС. Было шмат пытаньняў, ці зьбіраюцца творцы распачынаць судовы працэс па факце незаконнага выкарыстаньня інтэлектуальнай уласнасьці. Аднак творцы так і не далі ўцямнага адказу на гэтае пытаньне.

Алесь Разанаў абяцае, што гэта была не апошняя ягоная сустрэча з чытачамі ў Менску.

Зьміцер Панкавец

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру