Падчас візіту беларускіх біскупаў да апостальскіх парогаў у Ватыкан Папа Бенедыкт XVI правёў прыватныя сустрэчы з іерархамі Беларускай рымcка‑каталіцкай царквы,

паведаміў прэс‑сакратар БРКЦ ксёндз Аляксандр Амяльчэня.

Паводле яго слоў, адбыліся сустрэчы святога айца з мітрапалітам Мінска‑Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, дапаможным біскупам Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі Антоніем Дзям’янкам, апостальскім адміністратарам Пінскай дыяцэзіі кардыналам Казімірам Свёнтэкам, дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі Казімірам Велікасельцам і біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.

Як адзначыў ксёндз Аляксандр, сустрэчы беларускіх біскупаў з Бенедыктам XVI прайшлі ў шчырай і сардэчнай атмасферы.

Папа цікавіўся сённяшнім становішчам, развіццём і праблемамі Беларускай рымска‑каталіцкай царквы ў цэлым і Мінска‑Магілёўскай архідыяцэзіі ў прыватнасці.

«Пантыфік даў станоўчую ацэнку перспектывам развіцця касцёла ў нашай краіне і з вялікім задавальненнем сустрэў паведамленне аб пазітыўным развіцці адносін з праваслаўнай царквой і грамадскасцю», — сказаў прэс‑сакратар БРКЦ.

Паводле яго слоў, у межах візіту біскупы з Беларусі наведалі шэраг кангрэгацый і радаў Ватыкана. У ведамствах апостальскай сталіцы беларускія іерархі прадставілі сітуацыю ў розных кантэкстах і абмеркавалі актуальныя для краіны пытанні, сказаў ксёндз Аляксандр. Ён адзначыў, што падчас наведвання кангрэгацый беларускія іерархі сустрэлі з боку прадстаўнікоў ведамстваў разуменне і падтрымку, атрымалі добрыя парады адносна вырашэння праблем Беларускай рымска‑каталіцкай царквы.

Візіт да апостальскіх парогаў беларускіх біскупаў у Ватыкан праводзіцца з 11 па 17 снежня.

На апошні дзень візіту запланавана аўдыенцыя біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна ў святога айца, а затым сустрэча ўсіх шасці беларускіх іерархаў з Бенедыктам XVI, падчас якой біскупы яшчэ раз запросяць пантыфіка наведаць Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?