У пасёлку Касая Гара супрацоўнікамі ўпраўлення крымінальнага вышуку Крымінальнай міліцыі па Тульскай вобласці затрыманы ўраджэнец Віцебска Ігар Булаўка, які знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку.

Пра гэта паведаміў інтэрнет‑рэсурс «Тульские новости».

Паводле інфармацыі рэсурсу, у Беларусі ў дачыненні да Булаўкі

распачата больш за 40 крымінальных спраў па шэрагу артыкулаў крымінальнага кодэкса.

Вышуковая справа была заведзена ў 2006 годзе.

«У міліцыю паступіла інфармацыя аб магчымым пражыванні вышукванага на тэрыторыі Тулы. Было ўстаноўлена, што Булаўка ў дадзены момант хаваецца ў пасёлку Касая Гара. Улічваючы, што Булаўка ў мінулым чэмпіён Беларусі па боксе, майстар спорту, актыўны член арганізаванай злачыннай групоўкі, злачынствы якога адрозніваліся дзёрзкасцю і жорсткасцю, а таксама мяркуючы, што ён мог быць узброены, затрыманне правялі сіламі атрада міліцыі спецыяльнага прызначэння УУС», — паведамляе інтэрнет‑рэсурс. Пасля затрымання 10 снежня злачынца быў дастаўлены ў аддзел міліцыі. Вырашаецца пытанне аб экстрадыцыі Булаўкі ў Беларусь.

У Галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗ) МУС Беларусі пацвердзілі, што сапраўды гэты грамадзянін знаходзіцца ў вышуку з 2006 года,

ён з’яўляецца падазраваным ва ўдзеле ў злачыннай групоўцы Рынаса, якая дзейнічала ў Віцебскай вобласці з 1995 па 2006 гады.

Зараз ГУБАЗ чакае пацвярджэнне з Генеральнай пракуратуры Расіі пра тое, што такі грамадзянін сапраўды затрыманы, тады будзе вырашацца пытанне аб выдачы злачынцы. Крымінальная справа ў адносінах да Булаўкі была прыпыненая ў сувязі з яго вышукам.

Банда Рынаса была названая па прозвішчы аднаго з яе лідэраў, былога вайскоўца паветрана‑дэсантных войск Уладзіміра Рынаса. У студзені 2009 года ўдзельнікі банды Рынаса былі прыгавораныя судом да 2—14 гадоў пазбаўлення волі. Групоўка дзейнічала на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў 1995—2006 гадах. Раскрылі банду ў 2006 годзе. Абвінавачваліся яе члены па больш чым сотні эпізодаў злачынстваў рознай цяжкасці — стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй, вымагальніцтва розных сум грошай у мясцовых прадпрымальнікаў, крадзяжы, знішчэнне маёмасці, выкраданне людзей і незаконнае пазбаўленне волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?