Ці варта асуджаць Гюнтэра Граса? Мы спыталіся пра гэта перакладніка нямецкае літаратуры Васіля Сёмуху. У часе вайны фашысты зьнішчылі ўсю сям’ю Дзядзькі Васіля. У самога яго на назе дагэтуль шнар ад укусу сабакі аднаго з эсэсаўцаў.

«Граса дакараюць, што ён служыў у СС, што яму далі Нобэля, а пісьменьніку-франтавіку Быкаву, маўляў, не далі. (Да слова, мы самі вінаватыя, што Быкаву не далі той прэміі, калі некаторыя ў краіне выхоўваліся на паэзіі Быкава.) Вядома, Васіль Уладзімеравіч заслужыў Нобэля, але яго заслужыў і Гюнтэр Грас. Гэта выдатнейшы празаік...

Грас – у СС... А хто з нас, пры нашым фашызьме, ня вырас у піянэрах, у камсамоле, у партыі, і мы ўсяму гэтаму безнадзейна верылі? А ён, сямнаццацігадовы дзяцюк, дванаццаць гадоў пражыў пры Гітлеры, пры штодзённай мудрай, хітрай і нахрапістай агітацыі? Грас шчыра верыў тады фашысцкай ідэалёгіі. Гітлерава прапаганда не была дурной. Я чытаў «Майн кампф»: яна ўздымала нацыянальны гонар немцаў, якія толькі што прайгралі вайну, у якіх эканоміка была разбураная. Калі ўбіваць такое кожны дзень у галаву, то, канечне, такая маса ўплывала на Граса.

У той час, калі мабілізоўвалі Граса, за два месяца да канца вайны, ужо не глядзелі, у каго чыстая, у каго ня чыстая кроў, хто расава адпавядаў, хто – не, абы нагрэбсьці больш хлопцаў. Яго ні аб чым не пыталі, ці хоча ён служыць, ці не.

Пасьля вайны Гюнтэр Грас зарэкамэндаваў сябе як яркі антыфашыст і пацыфіст. Ён быў і застаецца такім сёньня. Грас адзін з найбольш прагрэсіўных пісьменьнікаў Нямеччыны.

Я спрабаваў некалі перакласьці на беларускую мову раман Граса «Кошкі-мышкі», але ён у мяне начыста ня ўдаўся, поўная няўдача. Я быў вымушаны кінуць пераклад, хоць мне страшэнна падабаўся гэты твор. Нічога ня зробіш, мне не ўдалося знайсьці стылёвую плынь Граса. Трэба мець вялікую падрыхтоўку, каб перакладаць Граса, каб убачыць усе алюзіі – або быць проста немцам.

У адным з апошніх сваіх раманаў «Траекторыя краба» Гюнтэр Грас апавядае пра славутую падводную лодку Марынэска, ён там ні перад кім ня сьцелецца, ні перад немцамі, ні эўрапейцамі, ні фашыстамі, ні камуністамі.

Грас таксама выдатны паэт, драматург, крытык, публіцыст, але самыя каштоўныя ягоныя яскрава антыфашысцкія творы з «Данцыскай трылёгіі».

Чаму Грас менавіта сёньня вырашыў прызнацца ў гэтым, я ня ведаю, але магу здагадацца. Калі б гэтае хлапчо прызналася пасьля вайны, то палова дарог для яго была б закрытая. Спачатку ён баяўся прызнацца ў гэтым, хоць, паўтаруся, ягонай віны там няма ніякай, пасьля крыху запамятаваў, потым да яго прыйшла слава, як да пісьменьніка, выбітнага, харошага, ініцыятара многіх дэмакратычных пераўтварэньняў у Германіі. Ён адзін з ініцыятараў стварэньня групы «47». А цяпер ён не баіцца, гэта ня быў грэх маладосьці.

Грас вельмі вынаходліва, вельмі шчыра піша праўду пра вайну. А Валэнса няхай сам адмовіцца ад званьня ганаровага грамадзяніна Гданьску, бо лепш, чым Грас, пра гэты горад ніхто не напісаў».

Запісаў Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0